У Беларусі зноў пастрожылі палітычны фільтр для экскурсаводаў. Што змянілася ў правілах атэстацыі?

Людзі, якія атрымлівалі крыміналкі па «экстрэмісцкіх» артыкулах, больш не змогуць працаваць нават пасля пагашэння судзімасці.

12.07.2024 / 18:52

У Нясвіжскім замку. Фота ілюстрацыйнае. Фота: Contributor Getty Images

Савет міністраў зрабіў яшчэ больш строгімі правілы атэстацыі экскурсаводаў. Урад унёс папраўкі ў пастанову аб экскурсійным абслугоўванні.

Людзям, якія былі судзімыя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэкса, быў закрыты шлях у прафесію і раней. Аднак заставалася шчыліна — пастанова прама не забараняла атэстоўвацца пасля пагашэння або зняцця судзімасці.

Новая норма адразае і гэты шлях — цяпер грамадзянам, асуджаным па цэлым шэрагу артыкулаў КК, нельга працаваць экскурсаводамі нават пасля пагашэння або зняцця судзімасці. Акрамя таго, не дапусцяць атэстацыю і тых, чыя справа па гэтых артыкулах была спыненая з-за заканчэння тэрміну даўніны або па амністыі.

Зрабілі больш жорсткімі правілы і для тых, у каго былі адміністратыўкі за рэпосты, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або ўдзел у мітынгах — яны змогуць атэставацца толькі праз пяць гадоў пасля пастановы аб адміністрацыйным спагнанні.

Акрамя таго, гідам не будуць працягваць ліцэнзію, калі яны дапусцілі грубае парушэнне прафесійных этычных патрабаванняў. Напрыклад, калі яны

«адмаўляюцца фарміраваць уяўленне пра Рэспубліку Беларусь як пра краіну, прывабную для турыстаў, экскурсантаў, дапускаюць пры правядзенні экскурсій суб'ектыўныя некарэктныя ацэнкі і выказванні пра Рэспубліку Беларусь і іншыя дзяржавы». 

Таксама гід зможа страціць акрэдытацыю, калі ён

«не прыме меры па недапушчэнні правакацыйных або некарэктных выказванняў з боку экскурсантаў».

Нагадаем, улады забаранілі працаваць гідамі грамадзянам, судзімым за прапаганду вайны, рэабілітацыю нацызму, масавыя беспарадкі, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі, парушэнне грамадскага парадку, змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады, заклікі да санкцый, паклёп або абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, дыскрэдытацыю Беларусі, заклікі да незаконных мітынгаў і здзек над дзяржсімваламі. 

Сярод адміністрацыйных артыкулаў, пералічаных у пастанове, — распаўсюджванне твораў, якія прапагандуюць культ жорсткасці, прапаганда і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі, распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў, распаўсюджванне ілжывых звестак пра Лукашэнку і парушэнне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

Лішне казаць, што ў Беларусі заканадаўства трактуецца вельмі адвольна, а пералічаныя абвінавачанні з наступнымі судамі і пакараннямі ў пераважнай большасці выпадкаў выстаўляюцца за тое, што ніякага дачынення да гэтага не мае. Прычына пераследу звычайна проста ў тым, што погляды чалавека не ўпісваюцца ў праўладную ідэалагічную карціну свету. 

Мінспорту прапануе правяраць экскурсаводаў на датычнасць да «рэабілітацыі нацызму» і «адмаўлення генацыду»

Турбізнэс наракае, што з-за дзяржаўных абмежаванняў яму не хапае экскурсаводаў

«Недапушчэнне пры правядзенні экскурсій суб'ектыўных некарэктных ацэнак». Мінспорту вызначыла патрабаванні да экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў

«Для даносчыкаў чырвоная ануча — калі гід называе Мінск Менскам». Што адбываецца з экскурсаводамі ў Беларусі

У Карэлічах арыштавалі экскурсавода Юрыя Красоўскага. Для яго гэта ўжо чацвёрты раз

Nashaniva.com