У Іспаніі даказалі гіпотэзу 54-гадовай даўніны вядомага матэматыка родам з Кобрына

Спецыялісты Баскскага цэнтра прыкладной матэматыкі ў іспанскім Більбаа «змаглі паспяхова рашыць праблему, якая заставалася нязменнай больш за пяць дзесяцігоддзяў», паведамілі на сайце навуковай установы.

12.07.2024 / 20:13

Оскар Зарыскі

Першапачаткова гіпотэзу сфармуляваў адзін з найбольш вядомых алгебраічных геометраў XX стагоддзя Оскар Зарыскі, які нарадзіўся ў 1899 годзе ў Кобрыне. З 1927 года Оскар жыў і выкладаў у ЗША, таму ў прэс-рэлізе яго называюць «беларуска-амерыканскім матэматыкам».

Зарыскаму належаць асноўныя работы ў галіне камутатыўнай алгебры і алгебраічнай геаметрыі, якія ён звязаў паміж сабой. Акрамя таго, у 1969-1970 гадах Оскар быў прэзідэнтам Амерыканскага матэматычнага таварыства.

«Выкарыстоўваючы інавацыйны падыход, які злучае алгебраічную геаметрыю з сімплектычнай, навукоўцы даказалі гіпотэзу, прадэманстраваўшы магутную здольнасць матэматыкі звязваць розныя галіны ведаў», — гаворыцца ў тэксце.

Гіпотэза адносіцца да тэорыі сінгулярнасці ў алгебраічнай геаметрыі. У 1970 годзе ў адной з наватарскіх работ Зарыскі паставіў восем пытанняў, сем з якіх атрымалася рашыць у далейшым (няхай і цягам многіх гадоў), а адна ніяк не давалася — прынамсі, да сённяшняга моманту.

«Гэта дасягненне не толькі рашае складаную матэматычную задачу, але і служыць яшчэ адным прыкладам таго, як спалучэнне метадаў з розных галін і навядзенне мастоў паміж рознымі стылямі матэматычнага мыслення дазваляюць вырашаць задачы спосабамі, якія здаюцца немагчымымі пры выкарыстанні метадаў з адной галіны», — робіцца выснова ў матэрыяле.

Навукоўцы выявілі, што ўдзячнасць дапамагае жыць даўжэй

Навукоўцы папярэджваюць: вада ў Еўропе забруджана «вечным хімікатам»

Навукоўцы спрагназавалі, які сёлета будзе ўраджай грыбоў і ягад

Nashaniva.com