У Салігорскім раёне знайшлі вусеня вельмі рэдкага матылька. Чаму мы так рэдка яго бачым?

Здымкам вусеня даўжынёй ажно 11 см падзяліўся заолаг Сяргей Шакала. Мужчына кажа, што гэта вусень бражніка Acherontia atropos (мёртвая галава), а ён у нас зусім не часты госць, піша Smartpress.by.

12.07.2024 / 21:22

«Фота даслаў мой добры знаёмы з пасёлка Краснадворцы Салігорскага раёна Барыс Зінчук з пытаннем, хто гэта. Бражнікі Acherontia atropos у нас сустракаюцца, а вось вусеняў гэтага віду раней не бачыў», — адзначае Сяргей Шакала.

Знаходка сапраўды выглядае вельмі экзатычна, ды і памер вусеня ўражвае.

Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі, энтамолаг Анатоль Кулак расказаў, што бражнік мёртвая галава — паўднёвы від.

«Але гэтыя матылькі здольныя перамяшчацца на высокіх хуткасцях на вялікія адлегласці. І сотні кіламетраў для іх — нішто.Да нас, напрыклад, прылятаюць і адкладаюць яйкі бражнікі з міжземнаморскага рэгіёну. Вядома ж, гэта рэдкасць, але знаходкі вусеняў мёртвай галавы былі і раней», — тлумачыць спецыяліст.

Імага бражніка мёртвая галава. Фота flectone.ru

У імага мёртвай галавы кароткі, але цвёрды хабаток, што дазваляе ім пракусваць садавіну і высмоктваць з яе сок. Гэтыя бражнікі могуць нават залятаць у вуллі і харчавацца мёдам пчол. Але асноўныя кармавыя расліны — гэта паслёнавыя, бульба, памідоры і інш.

«У Беларусі быў выпадак, калі мёртвая галава заляцела ў цяпліцу і адклала яйкі на памідоры. Вусені падраслі і з'елі ўсе кусты таматаў», — заўважыў Кулак.

Увогуле гэтае насякомае мы б бачылі часцей, але яно вядзе начны лад жыцця. Да таго ж, апрацоўка палёў пестыцыдамі ад каларадскага жука таксічная і для бражніка мёртвая галава. Гэта не дае яму шырока распаўсюдзіцца ў нашай краіне.

У Гродне пабачылі калібры — спецыялісты тлумачаць цуд

У мінскім двары злавілі экзатычную змяю

Вёску ў Белавежскай пушчы наведаў вельмі рэдкі жук. Што за ён і чым адметны?

Пад Гроднам заўважылі вельмі рэдкую чырванакніжную пчалу

Nashaniva.com