Даследчык даведаўся пра гісторыю першых гадзіннікаў Жыровіцкага манастыра

Свой тырольскі гадзіннік ахвяравала Агата Сапяжанка, падзяліўся адкрыццём у фэйсбуку гісторык Дзяніс Лісейчыкаў. 

17.07.2024 / 18:36

Жыровіцкі манастыр. Фота: Wikimedia Commons

Гісторыю першага гадзінніка Жыровіцкага манастыра, які адносіўся да ўніяцкага ордэна базыльянаў, адкрыў дакумент, які датуецца 1713 годам.

Яго аўтар цытуе напісаны на старабеларускай мове рэестр манастыра за 1628 год. Адтуль ён даведаўся, што ў 1627 годзе свой тырольскі поўны гадзіннік са звонам да яго манастыру ахвяравала «брэсцкая падкаморына» Агата Сапяжанка Багданаўна Мікалаевая Пацавая.

Пасля гэтага гадзіннік быў перароблены. У ім быў зменены цыферблат. Замест 24 гадзін стала 12. Адпаведна быў зменены і механізм біцця гадзін. Гэтыя работы выканаў ружанскі «зэгармістр».

Гадзіннік паставілі на спецыяльна збудаванай вежы над вялікім манастырскім домам, усярэдзіне самога манастыра.

Грошы на работы майстра і пабудову званіцы-вежы выдаткавалі дзве «шаноўныя пані», якія прасілі, каб «ніхто не ведаў пра іх, што заплацілі і што так шмат заплацілі».

Дакумент 1723 года. Фота: сацыяльныя сеткі

У выніку, як адзначаецца ў дакуменце, «не каштавала гэта манастыру разам з кавалём і жалезам і з усім іншым больш за 40 злотых і 10 грошаў».

Аўтар дакумента з XVIII стагоддзя піша, што першы жыровіцкі гадзіннік «згарэў у манастырскай царкве, спаленай маскалямі ў час Маскоўшчыны, у годзе 16?? [верагодна, размова ідзе пра падзеі 1655-1660 гадоў]».

Рэшткі гадзінніка захоўваліся ў манастыры прыблізна да 1700 года. Некаторыя ягоныя колы былі «пераробленыя на тое, што можна было перарабіць».

Месца старога гадзінніка заняў новы. Аўтар спасылаецца на «цьмяныя чуткі» і сцвярджае, што дакладна вядома толькі тое, што «гэты гадзіннік зроблены тут, у Жыровічах, рамеснікам, які прыйшоў з Вільні».

Хто ахвяраваў на яго выраб грошы, такую інфармацыю аўтар «нідзе ў кнігах не знайшоў». Як ён піша, гадзіннік «спраўлены ад нейкага дабрадзея, падобна, што з дому Сапегаў».

Дзякуючы ўрагану ў Гомелі зрабілі навуковае адкрыццё

Сенсацыйная знаходка на Менцы — для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі гэту фігуру 1000 гадоў таму?

Археолагі расказалі, ці ўдалося адшукаць на дне Бярэзіны скарб Напалеона

У Валожыне рыхтаваліся да «Дажынак», а знайшлі падмурак касцёла XVII стагоддзя

Nashaniva.com