Жанчыну-мэра на Філіпінах абвінавачваюць у шпіянажы на Кітай. Высветлілася, што яна не тая, за каго сябе выдавала

Незвычайная шпіёнская гісторыя як напамін пра тое, якімі складанымі могуць быць гульні спецслужбаў. Адкрылася, што жанчына прыехала на Філіпіны з бацькамі-кітайцамі, калі па дакументах была яшчэ падлеткам. І была звязана са злачыннай супольнасцю, якая ў тым ліку рабіла пластычныя аперацыі нелегальным мігрантам.

20.07.2024 / 13:06

Эліс Лі Гуо. Скрын відэа: UNTVNewsandRescue / YouTube

Эліс Ліл Гуо (Alice Leal Guo) у 2022 годзе перамагла на выбарах мэра горада Бамбан (насельніцтва каля 80 тысяч) на поўнач ад сталіцы Філіпін Манілы ў правінцыі Тарлак.

У сакавіку 2024 года ёй выставілі адразу некалькі абвінавачанняў. Сярод іх выкарыстанне падробленага пасведчання асобы, шпіянаж на карысць Кітая і прыналежнасць да сіндыката філіпінскага афшорнага ігральнага аператара (POGO).

Усё пачалося з таго, што следчыя выявілі, што Гуо з'яўляецца ўладальніцай зямельнага ўчастка, на якой размешчана анлайн-казіно сеткі POGO (Philippine Offshore Gambling Operator — Філіпінскі афшорны аператар азартных гульняў).

Насамрэч, за шыльдай казіно хаваўся цэнтр анлайн-махлярства. У сакавіку мінулага года ўлады правялі рэйд на аб'ект і вызвалілі каля 700 работнікаў, у тым ліку 202 грамадзян Кітая і 73 іншых замежнікаў, якіх прымушалі выдаваць сябе за інтэрнэт-палюбоўнікаў.

Злачынныя групоўкі, якія працавалі пад шыльдай POGO, таксама стварылі бальніцы, якія прапаноўвалі пластычныя аперацыі ўцекачам, якія хочуць змяніць твар.

На Гуо быў зарэгістраваны верталёт і аўтамабіль Ford Expedition, які знайшлі на тэрыторыі адной з кампаній, што ўваходзяць у POGO. Сама Гуо сцвярджае, што ўсю гэтую маёмасць яна прадала да свайго абрання ў 2022 годзе.

Што вядома аб мінулым Эліс Гуо

У маі 2024 года справа Гуо апынулася ў цэнтры ўвагі сенацкай камісіі. Кіраўніца камісіі звярнула ўвагу, што імя Го ўсплыло толькі падчас выбараў 2022 года. Гэта вельмі незвычайна для філіпінскай правінцыі, дзе мясцовыя чыноўнікі часта звязаны з палітычнымі дынастыямі.

Сам прэзідэнт Філіпін Фердынанд Маркас адзначыў, што ведае большасць палітыкаў у правінцыі Тарлак, але ніхто з іх не ведае мэра Бамбана.

Акрамя гэтага, аб Гуо няма ніякіх запісаў аб нараджэнні ў бальніцы або школьных запісаў на Філіпінах.

Падчас расследавання ў сенаце Го прызналася, што яе пасведчанне аб нараджэнні было зарэгістраванае ў мясцовых органах улады толькі тады, калі ёй было 17 гадоў.

Паводле слоў жанчыны, гэта звязана з тым, што яна нарадзілася дома, а не ў бальніцы. Жанчына сцвярджае, што маці кінула яе, калі яна была яшчэ немаўлём, і яна вырасла з бацькам на свінаферме.

Па словах Гуо, яна навучалася дома, але пры гэтым не змагла ўзгадаць назву арганізацыі, якая займалася яе хатнім навучаннем, і назвала толькі аднаго са сваіх настаўнікаў.

Гуо сказала, што ёй было сорамна, што яна незаконнанароджаная, і менавіта таму яна большую частку часу праводзіла на сямейнай свінаферме і дапамагала бацьку ў бізнэсе.

Не тая, за каго сябе выдае

Пазней высветлілася, што імёны бацькі і маці, якія пазначаны ў пасведчанні аб нараджэнні Гуо, выдуманыя. Насамрэч такіх людзей не існавала.

Былі выяўленыя дакументы, у адпаведнасці з якімі Эліс Гуо насамрэч можа быць Гуо Хуа Пін, якая ўехала на Філіпіны 12 студзеня 2003 года, калі ёй па дакументах было 13 гадоў, разам з бацькамі па спецыяльнай інвестарскай візе. Яе дата нараджэння па тых дакументах — 31 жніўня 1990 года.

Падчас далейшага расследавання быў знойдзены дакумент з Нацыянальнага бюро расследаванняў, які змяшчае фатаграфію іншай жанчыны па імені Эліс Лі Гуо. Жанчына мае такую ж дату нараджэння, што запісана ў пасведчанні аб нараджэнні абвінавачанай — 12 ліпеня 1986 года.

Пазней следчыя высветлілі, што ў абвінавачанай такія ж адбіткі пальцаў, як і ва ўладальніка кітайскага пашпарта Гуо Хуа Пін.

10 ліпені камітэт сената распарадзіўся выдаць ордар на арышт Эліс Гуо. Але жанчына схавалася ад праваахоўнікаў.

Справа набыла шырокі розгалас, жанчыну сталі абвінавачваць у шпіянажы на Кітай. Гэтаму спрыяе і напружанасць у адносінах паміж Манілай і Пекінам з-за спрэчных тэрыторый у Паўднёва-Кітайскім моры.

«Чэкіст», ветэран ці шпіён ГУР? Магчыма, у Польшчы выкрылі яшчэ аднаго агента беларускага КДБ

За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене

У Польшчы знікла беларуска, асуджаная за шпіянаж на карысць Расіі

Nashaniva.com