Вось чаму ў Кітаі могуць прыслухоўвацца да Польшчы

Пасля працяглага візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай стала вядома, што Варшава спрабуе ўздзейнічаць на Мінск праз Пекін. А пазней міністр Сікорскі яшчэ і заявіў, што Польшча «дзейнічае дзеля змякчэння напружання між Кітаем і ЗША». Які малавядомы гістарычны факт Варшава для гэтага выкарыстоўвае, расказвае Мікола Бугай.

18.07.2024 / 20:51

Кіраўнік Кітая Сі Цзіньпін прымае ў Пекіне прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду, 24 чэрвеня 2024 года. Фота Pedro Pardo — Pool / Getty Images

Пекін выдзяляе былыя сацыялістычныя краіны сярод іншых краін Еўрасаюза. Адносіны з імі па-ранейшаму курыруе асобны аддзел кітайскага дыпламатычнага ведамства. У Кітаі, якому ўласцівае «мысленне доўгімі часавымі перыядамі», існуе меркаванне, што досвед сацыялізму мае значэнне і непазбежна праявіцца ў гістарычнай перспектыве. Але не толькі гэта звязвае Кітай з Польшчай — і Варшава менавіта цяпер, калі ўзнікла патрэба, выкліканая кепскімі адносінамі з Мінскам, узгадала пра адзін паказальны і цікавы досвед.

Тут належыць зрабіць кароткі гістарычны экскурс. Расію ў Кітаі ўспрымаюць не так, як гэта малююць у сваім уяўленні расійскія шавіністы.

У гістарычнай памяці кітайцаў Расія — гэта перадусім каланізатар, прычым такі каланізатар, які не проста навязваў несправядлівыя ўмовы гандлю, а канкрэтна забраў вялізныя тэрыторыі на Далёкім Усходзе.

Што да сённяшняга дня, то, як далікатна адзначыў у сваёй кнізе пра Паднябесную былы пасол Беларусі ў Пекіне Кірыл Руды, у Кітаі на Расію глядзяць зусім інакш, чым у Беларусі — як на «краіну з эканомікай у 10 разоў меншай за кітайскую».

І якая з кожным годам адстае ўсё больш. За гады пасля напісання кнігі расійская эканоміка стала ўжо ў 12 разоў меншая за кітайскую.

Што да сувязяў Польшчы з Кітаем, то яны маюць даўні характар. І іх тлумачыць геаграфічны факт, які той самы Руды, да жывой радасці Сі Цзіньпіна, абыграў пры ўручэнні апошняму даверчых грамат:

«Геаграфічна мы амаль суседзі, між намі толькі адна краіна, хоць і вялікая».

Паміж Польшчай і Кітаем доўгі час таксама была адна краіна, якая па-рознаму называлася.

У савецкі перыяд Кітай успрымаў Маскву канкурэнтам у барацьбе за ўплывы на свеце. І некаторыя ўсходнееўрапейскія сатэліты СССР дазвалялі сабе часам стаўку на Кітай ці прынамсі шматвектарнасць.

Цалкам пракітайскай была Албанія Энвера Ходжы.

Між Кітаем і СССР парою балансавала Румынія спачатку Георгіу-Дэжа, а пасля і Чаўшэску.

І Польская Народная Рэспубліка непублічна дазваляла сабе трохі асаблівых адносін з Пекінам. 

Лічыцца, што ў 1956 годзе Мао стрымаў Маскву ад узброенай інтэрвенцыі ў Варшаву для падаўлення пратэстаў там. І палякі дагэтуль пры кожнай магчымасці выказваюць за гэта Кітаю ўдзячнасць.

І самы цікавы гістарычны факт, пра які мала хто ведае: з 1958 да 1970 гадоў менавіта ў Варшаве адбываліся тайныя кантакты дыпламатаў ЗША і КНР, якія праклалі дарогу да будучай нармалізацыі адносін між дзвюма дзяржавамі.

У выніку той нармалізацыі Кітай атрымае доступ да тэхналогій і крэдытаў, што зрабіла магчымым «кітайскі цуд». А ЗША здабудуць нечаканага камуністычнага саюзніка ў процістаянні з камуністычным СССР.

Цяпер ніводзін высокі візіт кітайскіх дэлегацый у Варшаву не абыходзіцца без наведвання Мыслявіцкага палаца ў Лазенках, дзе, у сакрэце ад СССР, адбываліся тыя перамовы.

Асаблівае стаўленне Польшчы да Кітая не кан’юнктурная, а паслядоўная частка польскай замежнай палітыкі. Яшчэ ў 2012 годзе шыльду, прысвечаную тым перамовам у Лазенках адкрываў асабіста прэзідэнт Польшчы — на той момант ім быў папярэднік Дуды Браніслаў Камароўскі.

Такі падыход Варшавы адрозніваецца ад падыходу той самай Літвы, якая зрабіла стаўку на Тайвань.

«Польшча, будучы часткай заходняга свету сёння, з гонарам прыгадвае фрагменты сваёй гісторыі, якія сведчаць аб асаблівых адносінах і з Усходам, — заявіў прэзідэнт Браніслаў Камароўскі на той цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі.

— Палякі часта думаюць пра сябе, пра сваю дзяржаву, як пра месца, размешчанае дзесьці паміж Усходам і Захадам. Сёння мы частка заходняга свету, але мы з гонарам успамінаем усе гэтыя фрагменты нашай гісторыі, усе падзеі, якія сведчаць аб тым, што асаблівыя адносіны Польшчы з усходнім светам былі, ёсць і, імаверна, будуць у будучыні таксама карысныя», — казаў прэзідэнт Камароўскі.

Браніслаў Камароўскі сказаў, што перамовы між прадстаўнікамі КНР і ЗША, былі аднымі з тых падзей у сусветнай гісторыі, якія аказалі істотны ўплыў на «ход спраў сусветнага рангу».

Прэзідэнт адзначыў, што гэтыя перамовы вяліся ў цяжкі перыяд халоднай вайны, калі «дзяржавы і народы свету многае адрознівала, а мала паядноўвала». Але, сказаў Камароўскі, амерыкана-кітайскія размовы, якія ішлі ў Варшаве больш за 10 гадоў, істотна паспрыялі таму, што на Зямлі не здарылася Трэцяй сусветнай.

— Успамінаючы сёння гэтыя незвычайныя падзеі, якія адбываліся тут, у Варшаве, мы можам смялей, адважней, але таксама з большым задавальненнем глядзець на сучасны свет: на свет, у якім ёсць месца для развіцця, мадэрнізацыі, старыя сяброўствы — як польска-амерыканская дружба, і ёсць месца таксама для супрацоўніцтва і, спадзяюся, далекасяжнага сяброўства Польшчы і Кітая, — казаў прэзідэнт Польшчы.

Ён тады выказаў упэўненасць, што месца, дзе праходзілі гістарычныя перамовы КНР і ЗША, вартае таго, каб пра яго памяталі не толькі дыпламаты, але і ўсе грамадзяне.

«Вартае таго, каб у гэтым месцы, стоячы перад шыльдай, нагадваць сабе, што хтосьці павінен старацца, хтосьці павінен быў мець палітычную мужнасць, каб пачаць перамовы аб добрай будучыні ўсяго свету і што ў нейкай меры гэтыя падзеі адбываліся тут», — адзначыў Камароўскі.

Беларусы ва ўсёй гэтай гісторыі могуць павучыцца ўменню граць удоўгую і бачыць уласныя нацыянальныя інтарэсы ў нечым супадаючымі, а ў нечым адрознымі ад інтарэсаў супердзяржаў.

Гэтым мысленнем прадыктаваная і нядаўняя заява міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага: «Кітай мае іншы гістарычны досвед, і мы паважаем гэта. Для іх перыяд камунізму быў перыядам мадэрнізацыі, — сказаў Сікорскі і нагадаў. — Кітай спыніў расейскія танкі, якія рухаліся на Варшаву ў 1956 годзе»

«Мы дзейнічаем дзеля разрадкі напружанасці ў адносінах ЗША і Кітая, — дадаў Сікорскі. — Яна не ў інтарэсах Польшчы і Еўропы».

Рыжанкоў: Беларусь гатова да дыялогу з Польшчай па сітуацыі на мяжы

Кітай спадзяецца, што Беларусь і Польшча вырашаць канфлікт без закрыцця мяжы

Пасля папярэджання ад Кітая колькасць мігрантаў на польскім кірунку скарацілася ў разы — ГРАФІК

Польшча ўвядзе дэталёвы кантроль транзіту з Кітая праз Беларусь, давяла да Мінска патрабаванні

Мікола Бугай