У берлінскай клініцы «Шарытэ» цалкам вылечылі другога пацыента з ВІЧ

Гэта сёмы ў гісторыі выпадак збавення ад ВІЧ, заявіла прэс-служба медустановы.

19.07.2024 / 19:01

Фота ілюстрацыйнае

60-гадовы пацыент здаў станоўчы тэст на ВІЧ у 2009 годзе, у 2015-м у яго таксама дыягнаставалі востры міелоідны лейкоз.

Для лячэння лекары выкарыстоўвалі новы метад: не знайшоўшы донара з імунітэтам да ВІЧ, перасадзілі пацыенту ствалавыя клеткі чалавека з адной копіяй мутантнага гена замест дзвюх.

У 2018 годзе пацыент не захацеў працягваць антырэтравірусную тэрапію, пры гэтым ВІЧ у арганізме мужчыны да гэтага часу не выяўляецца, як і рак. Лекары мяркуюць, што трансплантаваныя клеткі знішчылі ВІЧ-інфікаваныя.

«Перыяд безвіруснага назірання, які складае больш за пяць гадоў, сведчыць пра тое, што вірус ВІЧ сапраўды можа быць цалкам выдалены з арганізма пацыента. Таму мы лічым, што ён вылечыўся ад ВІЧ-інфекцыі», — заявіў прафесар Олаф Пенак.

Першым у свеце чалавекам, які перамог ВІЧ, у 2008 годзе прызналі пацыента той жа клінікі «Шарытэ» Цімаці Рэя Браўна, які атрымаў мянушку «Берлінскі пацыент». У 2020 годзе Цімаці Рэй Браўн памёр з-за рэцыдыву лейкеміі.

Расійская разведка запусціла хвалю дэзынфармацыі аб біялагічных выпрабаваннях ЗША на жыхарах Афрыкі

Мужчыну ў Германіі ўдалося вылечыцца ад ВІЧ. Гэта ўжо пяты выпадак у гісторыі

Больш чым на 15% вырасла колькасць заражэнняў ВІЧ у Беларусі

Nashaniva.com