Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы

«Яны рэальна ўлазяць у мазгі».

21.07.2024 / 09:00

Андрэй Стрыжак. Скрын відэа: TOK_talk / YouTube

У новым выпуску ТОКу кіраўнік Фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак прыгадаў некалькі спроб яго вярбоўкі спецслужбамі. Першая была ў 2005 годзе.

«Вербавалі ў гомельскім КДБ (у той час я жыў у Рэчыцы). Было два следчыя. Адзін быў, як водзіцца, дрэнны, другі — добры. Яны спрабавалі некалькі гадзін з розных бакоў падыходзіць.

Самы галоўны іх довад быў: «Вы будзеце рабіць усё тое, што робіце зараз. Больш за тое, мы вам можам у чымсьці нават дапамагчы, неяк пралабіраваць вашыя інтарэсы, падказаць, як пісаць заяўкі. Самае галоўнае — час ад часу з намі сустракацца і размаўляць пра тое, што вы бачыце, што адбываецца».

На мае заўвагі, што я не хачу супрацоўнічаць са спецслужбамі, мне задавалі такое пытанне: «Ну вось, напрыклад, калі вы даведаецеся, што рыхтуецца нейкі тэракт, вы ўсё роўна прыйдзеце і скажаце. Праўда?». На што я адказаў, што ў такім выпадку пазваню ў міліцыю», — згадвае Стрыжак падрабязнасці размовы з супрацоўнікамі КДБ.

Мужчына прызнаецца, што размова была цяжкай. «Не цяжка было адмовіць, а цяжкі быў увесь працэс размовы. Яны рэальна ўлазяць у мазгі і спрабуюць працаваць з тым, што табе дорага, што табе цікава, спрабуюць знайсці, за што цябе можна зачапіць».

Апошні выпадак адбыўся пасля выбараў 2006 года. Па словах Стрыжака, яго выклікалі ў ваенкамат для ўдакладнення даных. Калі ён туды прыйшоў, яго завялі ў актавую залу, дзе сядзелі два чалавекі.

«На той час я быў дастаткова добра навучаны і адказаў, што не хачу ні аб чым размаўляць. На што мне было прапанавана: калі я не хачу адказваць на іх пытанні, магу сам у іх што-небудзь спытаць. Я пытаю: «Калі Казуліна адпусціце?» 

Яны кажуць: «Пасля выбараў і адпусцім» (размова, хутчэй за ўсё, пра парламенцкія выбары, якія адбыліся 28 верасня 2008 года — «НН»). На што я спытаў: «Так што, вы да канца свету?» Яны ў мяне пытаюць: «А што, у вас ёсць дадзеныя, што канец свету адбудзецца пасля выбараў?» Я сказаў: «Усё. Гэты цырк трэба заканчваць. Я пайшоў».

Стрыжак згадвае, што папярэдзіў сваіх суразмоўцаў аб тым, што раскажа пра сустрэчу журналістам. Што ён і зрабіў адразу пасля выхаду. «Тады часы былі такія. Можна было сябе так паводзіць. Зараз бы я [адтуль] не выйшаў», — заўважае мужчына і сцвярджае, што пасля той сустрэчы спецслужбы ад яго «цалкам адчапіліся і асабіста не звярталіся». Але пачалі працаваць па знаёмых:

«У іх была такая тактыка — зрабіць выпаленае поле вакол мяне, абарваць сацыяльныя сувязі, каб не было ўплыву з майго боку на нейкія працэсы».

Стрыжак паўгода не піў алкаголю і падзяліўся высновамі

Стрыжак посціць фота з Гродна, а Герасіменя радуецца, што выбралася на Мінскае мора. Што?

Стрыжак у дзень народзінаў арганізаваў дабрачынны аўкцыён. Адзін з лотаў вельмі незвычайны

Nashaniva.com