«Даведзена да абсурда». Прарасійская актывістка абурылася, што не можа апублікаваць фота з бел-чырвона-белым сцягам

Эльвіра Мірсалімава з нагоды 30-годдзя першай інаўгурацыі Лукашэнкі вырашыла запосціць гістарычнае фота. Вось толькі сцяг ёй давялося замазаць.

20.07.2024 / 20:52

Гэты скрыншот відэа інаўгурацыі апублікавала Эльвіра Мірсалімава. Аднак у сябе яна паказальна неакуратна замазала нацыянальны сцяг

Прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава не засталася ўбаку ад даты, якую шырока адзначаюць лукашысты — 30 гадоў таму адбылася першая інаўгурацыя Лукашэнкі.

З гэтай нагоды Мірсалімава апублікавала ў сваім тэлеграм-канале вядомае гістарычнае фота — на ім Лукашэнка стаіць побач з на той момант дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягам. Вось толькі сцяг актывістка вырашыла замазаць.

«А гэта, усім вядомае фота, я магу выкладваць толькі так — замазваючы некаторыя дэталі. Сітуацыя, даведзеная да абсурду», — панаракала Мірсалімава.

Сёлета прарасійская актывістка правяла двое сутак у ІЧУ і атрымала штраф у 2600 рублёў за «несанкцыянаваны пікет» — у тым ліку за выявы з бел-чырвона-белым сцягам, якія яна забяспечвала крытычнымі ў дачыненні да праціўнікаў Лукашэнкі подпісамі.

Пасля Мірсалімава скардзілася, што прапагандыстам, напрыклад, Рыгору Азаронку, можна публікаваць у сябе ў каналах выявы са свастыкай і бел-чырвона-белым сцягам, а яе за гэта пакаралі.

Нагадаем, прарасійская частка лукашыстаў адкрыта канфліктуе з групай афіцыйных прапагандыстаў. Не так даўно Азаронак і Аляксей Дзермант абвінавацілі Мірсалімаву і даносчыцу Вольгу Бондараву ў працы на замежныя спецслужбы.

«Што ў нас адбываецца?» Прарасійская актывістка Мірсалімава зноў распавяла пра палітычныя затрыманні 

«Ці застанецца ён пасля ўсяго гэтага «ябацькам» — вось пытанне». У Віцебску судзяць чарговага прарасійскага актывіста

Азаронак назваў Мірсалімаву «распуснай свіннёй». Жыгімонт: Ён сублімуе

«Пагрозы ад ябацек сыплюцца і сыплюцца». Прарасійская актывістка Мірсалімава выдаліла свае акаўнты ў сацсетках

Паплечніка Карач, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР Петрушэнку будуць судзіць за «экстрэмізм»

Вялікае інтэрв’ю з Крысцінай Мірсалімавай — сястрой прарасійскай актывісткі-сталіністкі 

Nashaniva.com