Стрыжак пра Пратасевіча: Са мной такога адбыцца не магло
Стрыжак выказаў сваё стаўленне да Рамана Пратасевіча.
21.07.2024 / 17:13
Андрэй Стрыжак і Раман Пратасевіч
У новым выпуску ТОКу кіраўнік Фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак заўважыў, што лічыць Рамана Пратасевіча чалавекам складанага лёсу.
«Яго матляла па жыцці вельмі моцна ў розныя бакі, і па-рознаму да яго жыццё ставілася. І ён да жыцця па-рознаму ставіўся, — кажа Стрыжак і заўважае: — Я часта думаю, што мог быць на яго месцы. І заўсёды сабе нагадваю, што не мог бы».
Як тлумачыць Стрыжак, ён з верасня 2020 года казаў як камандзе Святланы Ціханоўскай, так і сваёй камандзе аб тым, што магчымасць пасадкі самалёта ў Беларусі не з'яўляецца ілюзорнай.
«Гэта не фантастыка. Гэта тэхнічна магчыма абсалютна проста. Прычым нават без выкліку знішчальнікаў. Можна пасадзіць самалёт дыспетчарам. Канечне, я не думаў, што гэта будзе вось так брутальна, з баявой авіяцыяй, але дапускаў такія моманты.
І ўлічваючы тое, што самалёт, які пралятае над тэрыторыяй Беларусі альбо Расіі, можа быць пасажаны нават па тэхнічнай прычыне — камусьці стала на борце дрэнна ці штосьці здарылася з самалётам. Ён сядзе ў бліжэйшым аэрапорце. І гэта будуць велізарныя праблемы. Таму я дакладна ў гэтую сітуацыю не трапіў бы», — тлумачыць Стрыжак і дадае, што ён усё роўна думае пра тое, што б рабіў, калі б апынуўся ў руках сілавікоў, што адбывалася б з ім, якія б да яго прымянялі метады, што б ён казаў і што б рабіў.
«У мяне няма вялікага зла да Рамана. Ён, хутчэй, закладнік гэтай сітуацыі. Тое, што з ім зараз адбываецца, увесь гэты цырк са зваршчыкам і ўсім астатнім, гэта, хутчэй, драма, а не сітуацыя Васкрасенскага, якога я ніколі не зразумею. (…) Тое, што адбылося з Пратасевічам — гэта, зразумела, бяда. Ён вельмі моцна паламаў сябе, вельмі моцна нашкодзіў іншым. Я не ведаю, як ён будзе далей з гэтым жыць. Але гэта пытанне больш да яго».
На пытанне, што трэба зрабіць Пратасевічу, каб грамадства яму даравала, Стрыжак заўважыў, што няма добрых і дрэнных людзей, усё вымяраецца ўчынкамі:
«Ва ўсіх ёсць шанец. Усе могуць нешта зрабіць. Гэта галівудская драматургія. Калі дрэнны герой у апошні момант робіць нешта добрае, гераічна гіне і як бы анулюе ўсе свае папярэднія штукі.
Я не кажу, што Пратасевічу трэба загінуць, каб штосьці змянілася ў стаўленні да яго. Але ў яго наперадзе яшчэ цэлае жыццё, і ніхто не ведае, як яно складзецца і што чалавек зробіць. Таму я не стаўлю крыж ні на кім. Я разумею, што кожны чалавек можа зрабіць як дрэннае, так і добрае».
Стрыжак нагадаў, што ў свой час Байсол абвясціў збор для дапамогі сям'і Пратасевіча і яму асабіста: «Я нічога б не мяняў у гэтай сітуацыі, таму што ён ахвяра ў дадзеным выпадку. Можа, час пройдзе, і ён зробіць нешта такое, што памяняе стаўленне людзей да яго. Але пакуль ёсць так, як ёсць».
Стрыжак у дзень народзінаў арганізаваў дабрачынны аўкцыён. Адзін з лотаў вельмі незвычайны
Стрыжак: Маем выпадак пазбаўлення грамадзянства за палітыку
Стрыжак паўгода не піў алкаголю і падзяліўся высновамі