Былая беларуская спартсменка ўжо другі раз за жыццё памяняла спартыўнае грамадзянства

Срэбраная прызёрка Токіа-2020 у акадэмічным веславанні Ганна Пракацень атрымала ад Міжнароднага алімпійскага камітэта дазвол на Алімпійскіх гульнях у Парыжы прадстаўляць Узбекістан.

20.07.2024 / 21:30

Ганна Пракацень. Фота: AP Photo/Darron Cummings

Гэтая змена грамадзянства для Пракацень ужо не першая. Яна нарадзілася ў 1992 годзе ў Мінску і да 2016 года прадстаўляла на міжнародных спаборніцтвах Беларусь. Але ў 2017 годзе пераехала ў Санкт-Пецярбург і стала выступаць за Расію, у складзе якой стала чэмпіёнкай Еўропы і заваявала срэбраны медаль на Алімпіядзе. 

Пасля таго, як Расія пачала поўнамаштабную вайну ва Украіне і сутыкнулася з усімі звязанымі з гэтым праблемамі, Пракацень стала шукаць для сябе іншую краіну і знайшла яе ў асобе Узбекістана. У складзе ўзбекскай зборнай яна ўжо паспела летась нават выйграць золата Азіяцкіх гульняў.

Цяпер МАК дазволіў ёй выступіць і на Алімпіядзе.

«Сёння на пасяджэнні ў Парыжы Выканаўчы савет Міжнароднага алімпійскага камітэта прыняў дзве заявы аб змене спартыўнага грамадзянства спартсменаў у адпаведнасці з правілам 41 Алімпійскай хартыі», — гаворыцца на сайце МАК.

Пасля паспяховай для сябе Алімпіяды ў Токіа Ганна Пракацень дала інтэрв'ю для расійскага выдання «Спорт-экспресс», дзе сярод іншага згадала і пра беларускія пратэсты 2020 года.

«Што я думаю пра палітыку? Скажу, што, калі ішлі пратэсты, ехаць дадому было страшна. Адна справа, калі глядзіш па тэлевізары — ну, выйшлі, пакрычалі, крута ж. Але калі там жывеш, то вельмі страшна», — сказала яна.

У адным пакеце з Пракацень памяняў спартыўнае грамадзянства амерыканскі плывец Каі Ліям Вінклер. Ён цяпер будзе выступаць за Германію.

Яшчэ адзін спартовец з Беларусі возьме ўдзел у Гульнях у Парыжы — Магамедхабіб Кадзімагамедаў

Крысціна Ціманоўская пахвалілася запрашэннем на Алімпіяду

На Алімпіяду ад Беларусі едзе мінімальная ў гісторыі колькасць удзельнікаў — 17 чалавек

Алімпіяду-2024 у Беларусі не пакажуць

Nashaniva.com