У Расіі дзве дзяўчыны загінулі падчас квэсту — аніматар абліў іх керасінам, выпадкова падпаліў і ўцёк

У Махачкале забава скончылася трагедыяй з-за імправізацыі аніматара.

22.07.2024 / 14:41

«Дом жахаў» у Махачкале. Фота: «Яндэкс-карты».

Як паведамляе Baza, трагедыя ў квэст-парку «Дом жахаў», што знаходзіцца ў расійскай Махачкале, адбылася ў ноч на 22 ліпеня. Супрацоўнікі ўстановы прывязвалі сваіх кліентаў да крэслаў і саджалі ў клеткі. А тыя мусілі выбрацца.

19-гадовая стаматолаг-артадонт Асіят пяць дзён таму выйшла замуж. Разам з 20-гадовым мужам Саідам яны вырашылі адсвяткаваць вяселле ў квэст-парку. Дзяўчына паклікала за кампанію сяброўку, 25-гадовую Мадзіну, а таксам яе мужа.

Па сцэнары адну з дзяўчат прывязалі да крэсла, на іншую надзелі кайданкі.

Падчас шоу аніматар вырашыў дадаць больш жаху. Для гэтага ён абліў пальчатку бензінам і падпаліў. Па версіі сваякоў, ён нават абліў дзяўчыну керасінам, каб мацней напалохаць яе.

Як пазней адзначыў уладальнік установы — удзельнік зборнай КВЗ Дагестана Гусейн Ібрагімаў, — такія дзеянні не былі прадугледжаны праграмай і не былі ўзгоднены.

Далей усё адбывалася, як у фільме «Пункт прызначэння». Палаючыя кроплі бензіну трапілі на провад электрапілы, якая працавала ў памяшканні. Піла загарэлася. Далей агонь перакінуўся на тару з бензінам. Полымя вельмі хутка ахапіла памяшканне, сцены якога былі абабітыя дрэвам.

Асіят (злева) і Мадзіна. Фота: Baza

Аніматар пабег нібыта па дапамогу, але так і не вярнуўся.

Тым часам адна з дзяўчат спрабавала адвязаць сваю сяброўку — але марна. Мужчыны пабеглі за вогнетушыцелем і спрабавалі з яго дапамогай патушыць пажар. У выніку адзін з іх — 20-гадовы Саід, муж Асіят, моцна абгарэў.

Дзяўчат і Саіда даставілі ў бальніцу. Асіят памерла адразу пасля шпіталізацыі. Мадзіна памерла ранкам. Хлопец, які атрымаў 50% апёкаў цела, застаўся жывым. Цяпер ён у рэанімацыі.

Следчы камітэт Расіі завёў крымінальную справу за аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.

У Італіі ўкраінка ўпала са скалы і 6 гадзін маліла свайго мужчыну-расіяніна аб дапамозе. Ён так і не дапамог

У Бярозаўскім раёне згарэў дом шматдзетнай сям'і. Чацвёра дзяцей загінулі

Nashaniva.com