Лукашэнка заявіў, што Пяткевіч будзе займацца «палітычнымі працэсамі». І сачыць за ягонымі памочнікамі

Лукашэнка на селектарнай нарадзе расказаў, якія пытанні будзе курыраваць Наталля Пяткевіч — першая намесніца кіраўніка адміністрацыі.

22.07.2024 / 17:42

Скрыншот відэа: БТ

Лукашэнка прызначыў Пяткевіч упаўнаважанай па Брэсцкай вобласці. Аднак на той жа нарадзе адкарэктаваў сваё ж прызначэнне.

Фрагмент нарады паказалі ў эфіры БТ. Лукашэнка заявіў, што за вобласць галавой будзе адказваць Юрый Шулейка, які перайшоў з пасады кіраўніка Брэсцкага аблвыканкама на пасаду віцэ-прэм'ера.

«Шулейка галавой адказвае за Брэсцкую вобласць, што там Наталля Уладзіміраўна (Пяткевіч — «НН») будзе за яго працаваць.

Яна за палітычныя будзе адказваць пэўныя працэсы. Але там павінен быць гаспадарнік, трэба ў гэтай частцы дапрацаваць. А ёй працы хопіць і па іншых напрамках», — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка адміністрацыі Дзмітрыя Крутога.

Лукашэнка панаракаў, што ўпаўнаважаныя «кіравалі працэсамі з Мінска». І паабяцаў узяць гэтае пытанне пад кантроль. Ён даручыў Пяткевіч сачыць за іх працай.

«Наталля Уладзіміраўна, вам гэтыя пытанні трэба ўзяць пад кантроль у адміністрацыі разам з Крутым. Як працуюць упаўнаважаныя, памочнікі, яны для чаго там сядзяць? Вы ведаеце гэтую тэму», — адзначыў Лукашэнка.

«Нашай Ніве» раней стала вядома, што Пяткевіч прызначылі ў адміністрацыю адказваць за выбары-2025. Ёй прыпісваюць задачу набору і кантролю кадраў, якія будуць задзейнічаныя ў фальсіфікацыйных працэсе на выбарах. Кіраўнік ЦВК Карпенка, як мяркуецца, будзе справаздачыцца перад Пяткевіч.

Пяткевіч прыцягнулі ў Адміністрацыю, каб яна курыравала пераабранне Лукашэнкі — крыніцы

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

Пяць фактаў пра Наталлю Пяткевіч — самую ўплывовую чыноўніцу Беларусі да з'яўлення Качанавай і Эйсмант

Павел Латушка расказаў, як Пяткевіч забараніла яму ісці на юбілей Барадуліна

Nashaniva.com