Грамадства1616

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зрабіў прызначэнні, якія адлюстроўваюць яго ўяўленні аб сённяшніх патрэбах і якія вызначаць курс дзяржаўнага карабля на бліжэйшы час, піша Мікола Бугай. Асаблівую ўвагу прыцягнула Наталля Пяткевіч і вялізная беласнежная брошка ў яе на шыі.

Максім Рыжанкоў (першы злева) і Наталля Пяткевіч (першая справа) у час кадравай аўдыенцыі ў Аляксандра Лукашэнкі 27 чэрвеня 2024 года. Фота прэс-службы Лукашэнкі

За пафасным белым лакіраваным сталом сядзелі Раман Галоўчанка і ўсё кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта. Максіма Рыжанкова пасадзілі насупраць прэм’ера і першым ад Лукашэнкі, але гэта ўжо была проста іронія. 

Рыжанкову не даверылі пасаду кіраўніка Адміністрацыі.

Многія меркавалі, што гэтае пытанне ўжо вырашанае, раз менавіта Рыжанкоў стаў выканаўцам абавязкаў кіраўніка пасля пераходу Ігара Сергеенкі на незаслужаны адпачынак у Палату прадстаўнікоў. Але чым больш зацягвалася гэтая паўза, тым больш станавілася ясна, што Рыжанкову шукаюць альтэрнатыву.

Рыжанкоў выхадзец з Міністэрства замежных спраў і мае рэпутацыю probusiness чалавека. Ён таксама вядомы сваёй наравістасцю і рэзкасцю. Кажуць, ён быў адзіным наверсе, хто процістаяў Наталлі Качанавай (дарэчы, Качанавай і Вальфовіча на цырымоніі абвяшчэння новых прызначэнцаў не было).

Падаецца, Рыжанкоў меў сваю пазіцыю па многіх пытаннях — досвед паказвае, што Лукашэнка такога не любіць. Сказалі адмываць кароў — адмывай кароў.

Ці азначае пераход Рыжанкова ў крэсла міністра замежных спраў узмацненне гэтага крэсла і гэтага міністэрства?

Сяргей Алейнік быў як міністр слабы — не ў сэнсе некампетэнтнасці, ён акурат-такі дасведчаны, прафесійны і працавіты дыпламат, але ў сэнсе асцярожнасці і безамбіцыйнасці.

Рыжанкоў жа будзе моцнай фігурай на пасадзе міністра. Пра яго кажуць, што ён здольны і Церцеля паслаць на тры літары.

«Адзінае, хачу папярэдзіць: Рыжанкова асабліва туды-сюды ганяць бессэнсоўна. І не толькі таму, што чалавек фактычна падпарадкаваны прэзідэнту, але яшчэ і таму, што ў яго ў характары гэтага няма, каб ім панукалі»,— сказаў сам Аляксандр Лукашэнка на кадравай аўдыенцыі.

Але ад Рыжанкова адначасова патрабуецца, каб тыя бясконцыя чысткі, якія ідуць у дыпламатычным ведамстве, рухалі ўжо не спецслужбы, а ён сам: «Шанс дайце ўсім. Ведаю, што там няпростая абстаноўка. Усім дайце [шанс], але той … хто мяне сёння не пачуе, яны працаваць не павінны».

Дзмітрыя Крутога характарызуюць як поўную супрацьлегласць Рыжанкова ў сэнсе адсутнасці пазіцыі. 

«Круты — гасудараў чалавек, без уласнага «я»,— так характарызуе яго эканаміст, які даўно яго назірае. —

У яго выпадку чыноўніцкая роля і логіка пераважае ўсе астатнія. Ён плоць ад плоці лукашэнкаўскай сістэмы і рухаецца па вызначаным сістэмай вектары. Рухаецца ў ролі выканаўцы, і з ёй ён у логіцы сістэмы, пэўна, спраўляецца, хоць і выканаўцы-менеджара. Здольнасці ж ці амбіцый самому фармуляваць сэнсы і вызначаць вектары дынамікі за ім не назіраў», — кажа эканаміст. 

На яго думку, уласныя эканамічныя ці ідэалагічныя пазіцыі для Крутога заўсёды былі другаснымі: яго паводзіны прадвызначаліся не імі, а логікай «партыя сказала трэба, камсамол адказаў «ёсць».

Дзмітрый Круты (стаіць) у час кадравай аўдыенцыі ў Аляксандра Лукашэнкі 27 чэрвеня 2024 года. Фота прэс-службы Лукашэнкі

Аматары могуць падлічыць, колькі разоў ён ківае ў час прамоў Лукашэнкі. Там касмічная лічба выходзіць.

І гэтае амплуа «чыстага выканаўцы, без уласнай пазіцыі», і салідны спіс пасадаў, праз якія ён прайшоў, і карані ва Усходняй Беларусі, на Магілёўшчыне, і, асабліва, наяўнасць у спісе пасады пасла ў Расіі робяць Крутога вельмі крутым па крытэрах таго рэжыму, які склаўся. У свой час Круты быў самым маладым міністрам, цяпер ён самы малады ў гісторыі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта знакі даверу і патэнцыялу.

Асабліва хочацца спыніцца на пасадзе пасла ў Расіі. У любой іншай краіне пасол — гэта пасол, у якой бы краіне ён ні быў паслом. Але для Беларусі пасол у Расіі ў табелі аб рангах, як бачым, роўны пасадам віцэ-прэм’ера і намесніка кіраўніка Адміністрацыі. Так, гэта сімптом поўнай залежнасці і падкантрольнасці Беларусі, але як ёсць. Круты між гэтымі агнямі прайшоў, гэты ярлык атрымаў.

Аляксандр Лукашэнка ў пасланых у СМІ кадрах падкрэсліў, што Круты застаецца адказны за расійскі кірунак: энергарэсурсы і гандаль з Расіяй. А гэта самае важнае ў сістэме. Без расійскіх датацый яна не пражыве.

Што да Наталлі Пяткевіч, то ў свой час яна была ўвасабленнем рэакцыйнай лініі, супрацьстаяла Уладзіміру Макею. Але менавіта ёй у 2008 годзе былі даручаныя перамовы з амерыканцамі, якія мелі вынікам першае аддаленне Беларусі ад Расіі.

Спакусліва пабачыць нейкую сімволіку ў тым, што кіраўніком робяць чалавека, які працаваў апошнія гады ў Маскве, а яго першай намесніцай — чалавека, які адпачываў у Нью-Ёрку.

Але гэта супадзенне. На маю думку, Пяткевіч ставяць з вельмі канкрэтнай мэтай: забяспечыць паспяховае пераабранне Аляксандра Лукашэнкі ў наступным годзе. Бо гэта яна прыдумляла піяр-стратэгіі, якія спрацавалі ў 2006-м і 2010-м.

Толькі ці гэта ўсё яшчэ тая самая Пяткевіч, ці гады і досвед жыцця не ва ўладзе яе змяніў? Вялізная беласнежная брошка з тканіны на шыі, якую яна надзела на цырымонію мірапамазання, дае падставы думаць: яна тая самая. 

У кожным разе, хтосьці такі амбіцыйны і напорысты можа быць і процівагай «правільнаму» Крутому, як у свой час яна была процівагай Макею.

Гісторыя з вяртаннем Пяткевіч нагадвае і яшчэ пра адну асаблівасць палітычнага стылю Аляксандра Лукашэнкі.

У 2014 годзе «Наша Ніва» пісала:

«Памочніца прэзідэнта Наталля Пяткевіч 1 кастрычніка была адпраўленая ў адстаўку «па згодзе бакоў». Дагэтуль нікога з найвышэйшых эшалонаў улады не выпраўлялі «на адпачынак» з такой інтрыгоўнай фармулёўкай. Гэта не пакідае шанцаў на вяртанне ў Адміністрацыю. Але і пасадка не пагражае. Наталля Пяткевіч можа знайсці сябе ў бізнэсе. Ёй застаецца дом у Драздах і шматлікія ўспаміны».

І вось… Не прайшло і 10 гадоў. Ніколі не кажы ніколі, калі гаворыш пра чалавека, які хоча кіраваць вечна, а пасля гэтай вечнасці пакінуць уладу малодшаму сыну.

Каментары16

  • Нейкі сюр
    28.06.2024
    Наша ніва! У нас на лесвічнай пляцоўцы нехта наваліў вялікую кучу. Тэрмінова выязжайце, трэба разабрацца ў яе гатунку. Спадзяюся на некалькі матэрыялаў і вялікую колькасць фота той кучы на вашай старонцы.
  • Бывалы
    28.06.2024
    Он же прекрасно дал понять, стоя перед заводчанами, когда сотни тысяч на маршах в Минске и по всей стране кричали ему «уходи», что он уйдет только «вперед ногами». Психологи подтвердят, что та его речь без бумажки была истинным отражением его внутреннего состояния, тогда он со злости говорил то, что действительно думает. В таком состоянии люди говорят то, что у них внутри. Соответственно у него в планах править на штыках пока не заиграет лебединое озеро, пока синие пальцы по биологическим причинам не отпустят власть и трон. Либо пока беларусы сами не исполнят его слова, которые он сказал заводчанам. Еще есть и третий вариант, но не буду подсказывать.
  • Бобр
    28.06.2024
    Круты, добры выбар. Такаеў таксама быў лагодны, але калі час прыйшоў, уся кіруючая сям'я была далікатна раскідана. Лукашэнка добра зрабіў, што абцёр Крутога на пасадзе амбасадара ў Маскве. Як бы мы не хацелі, але вока Масквы істотна ўплывае на палітыку Беларусі. Але Круты ў свой час можа сыграць ролю караля Хуана, калі прыдзе час. Гэта не чалавек з кола Мус або Кдб

Зняволены расказаў, як сядзеў у калоніі ў Глыбокім у суседняй камеры са Статкевічам2

Зняволены расказаў, як сядзеў у калоніі ў Глыбокім у суседняй камеры са Статкевічам

Усе навіны →
Усе навіны

A1 з канца верасня пачне блакаваць мабільны інтэрнэт у некаторых кліентаў2

У Бешанковічах паставілі скульптуру «Закаханыя» 3

У цэнтры Мінска гарэў гандлёвы цэнтр

МЗС Літвы заявіла, што не атрымлівала ад Мінска прапаноў па нармалізацыі адносін. І назвала некалькі ўмоў8

Усаў расказаў, як трэба было зразумець словы Пазняка пра Лукашэнку і Калеснікаву91

Суперзоркі, дасціпны гумар і заблытаныя забойствы. На экране чацвёрты сезон ледзь не дасканалага дэтэктыва1

«Насралу забілі, калі ён глядзеў прамову Нетаньяху ў ААН». Як Ізраіль падмануў лідара «Хезбалы»12

74-гадовага мужчыну асудзілі за «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку1

Алі Хаменеі перавялі ў бяспечнае месца7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зняволены расказаў, як сядзеў у калоніі ў Глыбокім у суседняй камеры са Статкевічам2

Зняволены расказаў, як сядзеў у калоніі ў Глыбокім у суседняй камеры са Статкевічам

Галоўнае
Усе навіны →