Польскі турыст прыехаў у Беларусь і расхваліў яе на ўсе лады. Ён аказаўся неанацыстам
Турыст з Польшчы Томаш Адамскі з’явіўся ў інстаграме тэлеканала «Гродна Плюс», заўважыў Hrodna.life. На відэа ён расхвальвае Беларусь і Лукашэнку, але рэдакцыю зацікавіла не гэта, а ягоная кашуля. Аказалася, на ёй сімволіка неафашысцкай польскай партыі Rodacy Kamraci.
22.07.2024 / 18:30
Польскі турыст Томаш Адамскі ў кашульцы неафашысцкага руху Rodacy Kamraci. Скрыншот Hrodna.life з відэа канала «Гродна Плюс»
«На Беларусі вельмі спакойна. Цішыня і спакой. Вельмі шмат месцаў можна пабачыць. Прыгожая прырода навокал, — пачынае свой расказ Томаш. — Сітуацыя ў Беларусі выглядае вельмі спрыяльна для палякаў. Мяне ніхто не кранаў. Я ноччу гуляў — ніхто мяне не пабіў».
А яшчэ Томашу Адамскаму вельмі падабаецца Лукашэнка і не падабаюцца польскія палітыкі.
Увесь час на відэа добра бачная майка Томаша Адамскага з вялікім лагатыпам арганізацыі Rodacy Kamraci. Што гэта за структура?
Польскі турыст Томаш Адамскі ў кашульцы неафашысцкага руху Rodacy Kamraci. Скрыншот Hrodna.life з відэа канала «Гродна Плюс»
Rodacy Kamraci — гэта польская нацыяналістычная і неафашысцкая партыя, якую ў 2023 годзе стварыў актывіст Войцех Альшаньскі на аснове свайго ранейшага руху Kamractwo. У 2022 годзе Альшаньскі трапіў на паўгода ў турму за пагрозы забойства дэпутатаў польскага Сейма.
Rodacy Kamraci выказваюць антысеміцкія, антыўкраінскія, антыамерыканскія і гамафобныя погляды. Таксама яны вераць у «яўрэйскую змову» і іншыя тэорыі змовы, адмаўляюць пандэмію COVID-19 ды хваляць Польшчу часоў камунізму (канкрэтна — 1956−1970 гады, калі кіраваў Уладыслаў Гамулка). Лідар партыі Войцех Альшаньскі у студзені 2024 года прызнаўся, што ў часы камунізму быў байцом ZOMO — аналаг беларускага АМАП — які жорстка разганяў пратэсты ў Польшчы.
Пошук па тварах, праведзены рэдакцыяй Hrodna.life, паказаў, што турыст Томаш Адамскі (або вельмі падобны да яго чалавек) удзельнічаў у чэрвені 2022 года ў нацыяналістычным маршы ў Варшаве. Удзельнікі неслі слоганы «Вялікая Польшча», выкрыквалі антыўкраінскія і антысеміцкія лозунгі ды лозунгі супраць ЛГБТ-супольнасці. У час маршу яны абвінавацілі Украіну і НАТА ў агрэсіі супраць Расіі. Паводле выдання OKO.press, той марш арганізавалі прарасійскія актывісты ў Польшчы.
Суддзя-перабежчык Шміт так нахвальваў Лукашэнку, што начыста забыўся пра храналогію падзей
Заткне за пояс Качанаву — як польскі перабежчык Шміт хваліць Лукашэнку
Дзермант: метамарфозы. Як неанацыст і паганец палюбіў Лукашэнку, Расію і вайну