Арганізатары традыцыйнага беларускага фестываля ў Кракаве просяць дапамогі

Арганізатары вялікага беларускага фестываля-пікніка Letucień збіраюцца правесці яго ў Кракаве ўжо ў пяты раз. Але пры гэтым, як пішуць арганізатары на сваёй старонцы ў інстаграме, яны сутыкнуліся з матэрыяльнымі праблемамі і просяць дапамогі. 

22.07.2024 / 23:04

«На пяцігоддзе Пікніка наша каманда ўзяла высокую планку. Letucień цяпер ледзь не самы вялікі беларускі фестываль, на які едуць з іншых гарадоў і краін. Мы робім усё магчымае, каб прывозіць для вас класных артыстаў і артыстак, дэманстраваць, якая захапляльная ў нас культура, і ўзмацняць нашу дыяспару», — пішуць арганізатары мерапрыемства.

Каманда ў 40 арганізатараў і 80 валанцёраў, як сцвярджаецца, працуе цалкам бясплатна і нават нярэдка закладае ў фестываль свае асабістыя фінансы. Але ў гэтым годзе і гэтага недастаткова.Таму цяпер, за пяць дзён да фестывалю, адзіны шлях, праз які магчыма знайсці грошы — данаты.

«Прагнозны кошт LTCŃ у гэтым годзе — 85 тысяч злотых. Нам пакуль не хапае каля 16 тысяч, каб закрыць усе выдаткі. Апошнія тыдні мы шукалі шляхі, як паменшыць выдаткі, не змяняючы праграмы і не ахвяруючы вашым камфортам. Але гэтага было недастаткова», — адзначаюць арганізатары.

За данат на любую суму яны абяцаюць гайд па Кракаве, а за ахвяраванні ў 100, 150 і 250 злотых падрыхтавалі падарункі: стыкер-пак, цішотку ды ўваход на афтэрпаці.

Фінансава дапамагчы фестывалю Letucień можна праз краўдфандынг па спасылцы.

Сёлетні беларускі фестываль у Кракаве Letucień мае адбыцца 27 ліпеня з 11:00 па 21:30 у парку Ёрдана (park Jordana). Уваход вольны.

У Дудутках праходзіць міжнародны фестываль «Наш Грунвальд» ШМАТ ФОТА

У Полацку адмянілі фестываль анімэ і K-pop, бо ён «прапагандуе няправільныя каштоўнасці»

Па Віцебску пракаціўся бразільскі карнавал. Вось як гэта выглядала ШМАТ ФОТА

Nashaniva.com