Трохразовая алімпійская чэмпіёнка не паедзе на гульні ў Парыж з-за відэа чатырохгадовай даўніны
У свеце коннага спорту разгарэўся маштабны скандал, фігуранткай якога стала трохразовая алімпійская чэмпіёнка і неаднаразовая прызёрка Алімпіяд па выездцы Шарлота Дзюжардэн з Вялікабрытаніі.
24.07.2024 / 19:11
Шарлота Дзюжардэн на Алімпійскіх гульнях 2012 года. Фота: Wikimedia Commons
Нядаўна ў адным з еўрапейскіх СМІ з'явілася відэа, на якім зафіксаваны момант адной з трэніровак спартсменкі.
На ім Дзюжардэн б'е свайго спартыўнага каня плёткай, спрабуючы дамагчыся ад жывёліны выканання элемента «піяфэ» — запаволенага руху на рысі. За хвіліну яна нанеслі 24 удары.
Сама спартсменка не стала адмаўляць факту жорсткага абыходжання з жывёлінай.
«Міжнародная федэрацыя коннага спорту заканамерна пачала расследаванне. І я прыняла рашэнне зняцца з усіх спаборніцтваў, уключаючы Алімпійскія гульні ў Парыжы, пакуль працягваецца працэс.
Тое, што адбылося, зусім не ў маім характары і не адлюстроўвае таго, як я трэнірую сваіх коней і вучняў. Аднак гэтаму няма апраўдання. Мне вельмі сорамна. Бо я павінна служыць найлепшым прыкладам», — заявіла спартсменка.
Інцыдэнт у прыватнай брытанскай стайні, які трапіў у сеціва, выклікаў немалы рэзананс і асуджэнне нават сярод прыхільнікаў легендарнай 39-гадовай наезніцы. Існуе нават версія, што зліў у сеціва відэа чатырохгадовай даўніны — спроба канкурэнтаў ліквідаваць моцную саперніцу на галоўных стартах.
Так ці інакш, Шарлота Дзюжардэн парыжскія гульні-2024 прапусціць. Раней яна была ўладальніцай трох залатых медалёў АГ-2012 у Лондане і АГ-2016 у Рыа-дэ-Жанейра, а таксама серабра Рыа-2016 і дзвюх бронзаў Токіа-2020.
Акрамя Шарлоты Дзюжардэн, вымушаная адмовіцца ад выступленняў на Алімпіядзе-2024 і чэмпіёнка свету па выездцы Карынэ Касэ Крут з Даніі. Прычына тая ж — жорсткае абыходжанне з жывёламі.
У роліку, знятым яшчэ ў пачатку 2022-га, Крут біла каня рыдлёўкай, што моцна ўдарыла і па яе рэпутацыі.
На мінулай Алімпіядзе ў Токіа Крут стала сёмай у асабістым заліку і чацвёртай у камандным, а пасля выйграла ў складзе каманды па выездцы золата чэмпіянату свету-2022 і бронзу чэмпіянату Еўропы-2023. На АГ-2024 яна павінна была паехаць у якасці запасной удзельніцы, але якраз перад абвяшчэннем алімпійскага складу і ўсплыло відэа са збіццём каня на трэніроўцы.
Сур'ёзна? Алімпійцы будуць плаваць у Сене? Насамрэч, афігенны праект адраджэння ракі