Спорт77

«Падрыхтоўка да Алімпіяды прайшла не так, як планавала». Ціманоўская расказала, з якім настроем едзе ў Парыж

Бягуха Крысціна Ціманоўская ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» расказала пра падрыхтоўку да Алімпіяды, хваробы, кантакты з беларускімі спартоўцамі і планы паехаць у ЗША і некалі адкрыць сваю справу.

На Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе ў бягухі беларускай нацыянальнай зборнай Крысціны Ціманоўскай здарыўся канфлікт са спартовымі беларускімі чыноўнікамі. Яе паставілі бегчы эстафету 4×400 метраў, якой яна ніколі ня бегала.

На Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. У выніку спартоўку выключылі з алімпійскай каманды — яна так і не пасьпела выступіць. Ціманоўская таксама заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіа ў Беларусь. Яна адмовілася садзіцца на самалёт і сказала, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі. У сытуацыі браў удзел прэм’ер-міністра

Польшчы, спартоўку ахоўвала японская паліцыя. Урэшце Ціманоўская паехала жыць у Польшчу. Цяпер 27-гадовая лёгкаатлетка выступае за польскую зборную і рыхтуецца ўзяць удзел у Алімпіядзе ў Парыжы, якая пачнецца 26 ліпеня. У размове са «Свабодай» Крысьціна расказала, што адчувае з гэтай нагоды

«Галоўнае не ператрэнавацца»

Крысьціна Ціманоўская гаворыць, што падрыхтоўка да Алімпіяды пайшла ня так, як яна плянавала. Пасьля чэмпіянату Польшчы ў лёгкай атлетыцы, які прайшоў у канцы чэрвеня, яна моцна захварэла.

«Вірус, вельмі моцны. Я ляжала з тэмпэратурай 39,5 цэлы тыдзень. Зьвярнулася да лекараў зборнай Польшчы. У мяне былі настолькі кепскія аналізы і агульны стан, што мяне праз гэта маглі выключыць са зборнай. Я езьдзіла кожныя два дні пераздаваць аналізы», — расказала яна.

Дынаміка была станоўчай, таму бягуху ня выключылі са спаборніцтваў. Цяпер яна на зборах у Польшчы. З сакавіка па травень трэніроўкі былі больш аб’ёмныя — па 3-4 гадзіны ў дзень. Непасрэдна перад Алімпіядай карацейшыя — да дзьвюх гадзінаў на дзень. Сілавыя, хуткасныя і на трываласьць. Яны ня моцна адрозьніваюцца ад тых, якія былі ў Беларусі, кажа суразмоўца.

«Трэнаваньні накіраваныя на тое, каб падтрымліваць форму, давесьці яе да ідэалу. Пільнаваць, каб не было траўмаў, хадзіць да фізіятэрапэўта, рабіць масаж, аднаўляцца. Сачыць за харчаваньнем. Галоўнае не ператрэнавацца, каб арганізм быў адпачылы і падрыхтаваны на хуткія прабежкі», — патлумачыла Крысьціна.

На зборах ёсьць нутрыцыёляг, які складае мэню. Тройчы на дзень у спартоўцаў ёсьць швэдзкі стол, дзе ёсьць агародніна, мяса, прыгатаванае на пары.

Пяць разоў ляжала з тэмпэратурай

Спартоўка мяркуе, што канфлікт на папярэдняй Алімпіядзе ў Токіё, пасьля якой яна ўжо не вярнулася ў Беларусь, адбіўся на ейным здароўі.

«Мне здавалася, што гэты пэрыяд працякаў адэкватна. Я старалася адаптавацца да жыцьця ў новай краіне і знайсьці сябе тут. Жыла звычайнае жыцьцё спартоўца, трэнавалася, працавала, старалася паглядзець цікавыя месцы. У Польшчы езьдзіла і ў горы, і на мора. Старалася адцягваць увагу. Але арганізм немагчыма падмануць», — расказала суразмоўца.

Крысьціна дадае, што ў год перад Алімпіядай яна хварэла кожныя два месяцы з высокай тэмпэратурай.

«У мяне падымаецца тэмпэратура проста так. Я ляжу тыднямі. За апошнія паўгода я, мабыць, пяць разоў ляжала з тэмпэратурай. Калі скласьці ўсе дні, што я хварэла, то выйдзе больш за месяц», — падзялілася спартоўка.

Лекары прыйшлі да высновы, што такі адкладзены эфэкт даў стрэс за апошнія гады.

«З гэтым практычна нічога нельга зрабіць. Я спрабую прымаць вітаміны. Стараюся пазьбягаць кантакту зь вялікай колькасьцю людзей. Але гэта ня вельмі дапамагае, бо арганізм аслаблены на фоне стрэсу», — прызналася суразмоўца.

На Алімпіядзе ў Парыжы яна хацела б прабегчы найлепшы вынік у сэзоне.

«Улічваючы, што гэта будуць 200 мэтраў, якіх я так і не прабегла ў Токіё, мне проста хочацца прабегчы нарэшце», — адзначыла яна.

«Выступ за Беларусь — гэта выступ за ўладу»

Спартоўцаў беларускай зборнай у лёгкай атлетыцы сёлета не дапусьцілі да Алімпіяды. Аднак маюць прыехаць 17 чалавек, якія будуць выступаць за Беларусь у іншых відах. Крысьціна кажа, што нікога зь іх ня ведае, «таму гэтая інфармацыя ніяк яе не датычыць». Раней яна падтрымлівала кантакт зь некаторымі спартоўцамі ў Беларусі.

«Аднак, калі пачалася вайна (поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. — РС), я ўбачыла, што іхная рэакцыя не супала з маёй. І я перастала зь імі камунікаваць. Засталіся толькі два чалавекі ў беларускай зборнай, зь якімі я магу падтрымліваць сувязь», — зазначыла спартоўка.

Яна дадала, што калі ўбачыць на Алімпіядзе спартоўцаў, якія выступаюць за Беларусь, то ня будзе да іх падыходзіць і спрабаваць пагаварыць, бо яна іх ня ведае.

«Я ня буду падыходзіць да тых, хто будзе насіць чырвона-зялёны сьцяг і хадзіць са сьцягам Беларусі. Гэта ўжо прынцыпова», — падкрэсьліла яна.

Крысьціна кажа, што цяпер ёй не баліць тое, што яна ня можа выступаць за Беларусь.

«Зараз выступ за Беларусь — гэта выступ за ўладу, якая цяпер у Беларусі. Таму я не хацела б ніякага дачыненьня мець ні да гэтай улады, ні да беларускага цяперашняга сьцяга», — патлумачыла бягуха.

«Мне б хацелася падымаць сьцяг Беларусі»

У польскай зборнай яна шмат з кім камунікуе, асабліва з шасьцю спартоўкамі, зь якімі яны разам бегаюць эстафэты.

«Я разумею, што для іх я прыежджая. І я ніколі ня буду сваёй, бо я не нарадзілася ў Польшчы. Напэўна, гэта нармальна. Часам я не разумею іхных жартаў, слэнгавых выразаў, хоць я ведаю польскую мову. Усе сьмяюцца, а я не разумею. Моўны бар’ер — адна з прычын, чаму я не магу сябе на 100% адчуць сваёй», — прызналася Крысьціна.

Яна дадала, што трэба перастроіцца і цяпер падымаць сьцяг іншай краіны, хаця раней выступала пад сьцягам краіны, у якой нарадзілася.

«Мне б хацелася падымаць сьцяг Беларусі, але ня той, які цяпер там афіцыйны», — адзначыла яна.

Крысьціна ўдзячная Польшчы. Мяркуе, што можа падзякаваць краіне за пасьпяховыя выступы.

«На чэмпіянаце сьвету летась мы занялі пятае месца ў эстафэце. І гэта быў самы моцны выступ зборнай за ўсю гісторыю польскай лёгкай атлетыкі», — успомніла яна.

Аднак асаблівых эмоцый ад таго, што выступае за Польшчу, Крысьціна не мае.

«У лёгкай атлетыцы кожны абараняе свой гонар. У асноўным усе спаборніцтвы камэрцыйныя, і ты прадстаўляеш сябе як сябе. Там няма нейкіх асаблівых адчуваньняў, што сёньня ты полька, а ўчора была беларуска. Ты проста Крысьціна Ціманоўская, і ўсё, і бяжыш як Крысьціна Ціманоўская. Я проста еду і раблю сваю справу», — сказала бягуха.

Бегавая школа

Увосень Крысьціна плянуе паехаць у ЗША. Разам з трэнэрам і лекарамі вырашыла, што ёй варта зрабіць перапынак у спаборніцтвах. Прапусьціць зімовы сэзон і падрыхтавацца да летняга 2025 году. Аднавіцца яна хацела ў краіне, дзе будзе цёпла і шмат сонца. Час з кастрычніка па травень яна плянуе правесьці ў Флорыдзе.

«Можна будзе трэнавацца штодня на вуліцы. Зьмена абстаноўкі. Магчыма, гэта паўплывае на мой стан. Можа быць, я адчую сябе лепш, адкрыецца другое дыханьне і я вярнуся з новымі сіламі», — патлумачыла Крысьціна.

Яна ня ўпэўненая, што хоча жыць у Польшчы.

«Мне шмат чаго падабаецца ў Польшчы: што ёсьць горы, мора, што ў цэлым палякі вельмі цёпла прымаюць беларусаў. У Польшчы шмат магчымасьцяў для разьвіцьця, каб адкрыць свой бізнэс. Але мяне бянтэжыць вялікае «але» — гэта надвор’е і адсутнасьць сонца восем месяцаў на год. Я праз гэта адчуваю сябе вельмі кепска», — адзначыла яна.

Крысьціна хоча пажыць у некалькіх краінах, каб зразумець, дзе хоча застацца. Паспрабаваць жыцьцё ў Партугаліі, Гішпаніі, на астравах.

Яна ўжо задумалася пра завяршэньне кар’еры. У рашэньні будзе найперш арыентавацца на стан свайго здароўя. Ціманоўская хацела б адкрыць сваю справу.

«Я з тых людзей, хто ня здолеў бы працаваць у найме», — прызнаецца яна.

Ціманоўская хацела б адкрыць бегавую школу і дастаўку здаровага харчаваньня.

«Каб тыя, хто трэнуецца, маглі харчавацца правільна, збалянсавана, рыхтавацца да спаборніцтваў. Каб ім гэта магло дапамагчы палепшыць іхныя вынікі і быць здаровымі», — расказала суразмоўца.

Крысьціна Ціманоўская — чэмпіёнка Беларусі 2016 году ў бегу на 200 мэтраў, срэбраная прызёрка Чэмпіянату Эўропы сярод моладзі 2017 году ў бегу на 100 мэтраў. Майстар спорту міжнароднае клясы. Ад 2022 году грамадзянка Польшчы. Удзельніца фіналу чэмпіянату сьвету па лёгкай атлетыцы 2023 году ў Будапэшце ў складзе польскай нацыянальнай каманды па эстафэце 4 па 100 мэтраў.

Каментары7

  • Крысьця
    24.07.2024
    Ня ўпэйненая я, ці хачу я жыць ў Сарматыі, але грошы бюджэтныя з ўсіх цялушак смакчу, куды дзюбка павернецца
  • GNLS
    24.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • GNLS
    24.07.2024
    [Рэд. выдалена]

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Фірма, якая належала мадэлі з Мінска, адпраўляла ў Расію брытанскую вайсковую оптыку6

У 52 гады памёр лукашэнкаўскі прапагандыст Дзмітрый Крат14

Блакітнае святло смартфонаў выклікае заўчаснае палавое даспяванне дзяцей — вучоныя2

СБУ паказала рэшткі расійскай ракеты «Арэшнік»1

Што ў згубленых пасылках, якія прадаюць па 10 рублёў? Журналісты правялі эксперымент

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне6

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →