Стала вядома, дзе будуць праводзіць зімовыя Алімпіяды 2030 і 2034 гадоў

На 142 сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) у Парыжы назвалі месцы правядзення зімовых Алімпійскіх гульняў у 2030 і ў 2034 годзе. Праўда, галасаванне фактычна праводзілі фармальна, бо ў абодвух выпадках выбары былі безальтэрнатыўныя.

24.07.2024 / 21:41

Зімовыя гульні 2030 года пройдуць з 1 лютага па 17 лютага у Французскіх Альпах. Гэта будзе ўжо чацвёрты раз, калі Францыя правядзе ў сябе зімовыя Алімпійскія гульні. У 1924 годзе яны ўвогуле першы раз у гісторыі прайшлі ў Шамані, у 1968 годзе — у Грэноблі, у 1992 годзе — у Альбервілі. Гэтым разам галоўным цэнтрам з афіцыйнымі аб'ектамі, такімі як база МАК і прэс-цэнтр, стане горад Ніца.

«Францыя мае даўнія традыцыі правядзення Алімпійскіх гульняў. Мы прапануем спаборніцтва, якое ўвойдзе ў сусветную гісторыю. Усё, што мы забяспечым у 2024 годзе, мы забяспечым і ў 2030 годзе ва ўсіх адносінах. Мы хочам паказаць усяму свету, што зімовыя гульні — гэта не проста гісторыя, а частка нашай будучыні», — заявіў прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Да 2030 года ў Францыі плануюць пабудаваць адразу пяць алімпійскіх вёсак, каб «звесці да мінімуму стрэс ад паездак» для спартсменаў.

Праз чатыры гады зімовых спартсменаў з усяго свету мае прыняць амерыканскі Солт-Лэйк-Сіці, гэта будзе другі раз пасля 2002 года. ЗША таксама праводзілі зімовыя Алімпійскія Гульні ў 1932 годзе (Лэйк-Плэсід), у 1960 годзе (Скво-Вэлі) і ў 1980 годзе (Лэйк-Плэсід). Усяго, такім чынам, амерыканцы будуць прымаць спаборніцтвы ўжо пяты раз.

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка не паедзе на гульні ў Парыж з-за відэа чатырохгадовай даўніны

Шэф-кухар. Што вядома пра расіяніна, арыштаванага ў Францыі за падрыхтоўку чагосьці жахлівага падчас Алімпіяды

«Падрыхтоўка да Алімпіяды прайшла не так, як планавала». Ціманоўская расказала, з якім настроем едзе ў Парыж

Nashaniva.com