Джо Байдэн: Я перадаю эстафету новаму пакаленню

Кароткі дзесяціхвілінны выступ прагучаў як палітычны запавет прэзідэнта, які спрабуе акрэсліць сваю спадчыну ў гісторыі краіны.

25.07.2024 / 07:12

Фота: Kevin Dietsch / Getty Images

Прэзідэнт Байдэн позна ўвечары выступіў са зваротам да краіны з Авальнага кабінета. Ён патлумачыў прычыны свайго рашэння адмовіцца ад барацьбы за другі прэзідэнцкі тэрмін, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.

«Для мяне было гонарам жыцця служыць вашым прэзідэнтам. Але абарона дэмакратыі, якая сёння знаходзіцца пад пагрозай, важнейшая за любую пасаду», — заявіў прэзідэнт у пачатку звароту. Ён падкрэсліў, што краіна знаходзіцца на раздарожжы і ёй патрабуецца лідар, здольны аб'яднаць яе і павесці наперад.

Тлумачачы сваё рашэнне адмовіцца ад намінацыі, Джо Байдэн сказаў, што ў апошнія тыдні яму стала відавочная неабходнасць аб'яднання Дэмакратычнай партыі для таго, каб яна змагла выканаць задачу абароны дэмакратыі:

«Я лічыў, што маё лідарства ў свеце, маё бачанне будучыні краіны давалі падставу для другога прэзідэнцкага тэрміну, але нічога — нічога не павінна стаць на шляху захавання нашай дэмакратыі. Найлепшы шлях наперад — перадача эстафеты новаму пакаленню, гэта найлепшы спосаб аб'яднаць нашу краіну».

Прэзідэнт нагадаў амерыканцам пра дасягненні апошніх трох з лішнім гадоў прэзідэнцтва. Паводле яго слоў, упершыню ў 21 стагоддзі Амерыка не ваявала, пры гэтым яна выступіла ў абарону Украіны, аб'екта расійскай агрэсіі.

Яна пераадолела наступствы спробы зрыву дэмакратычнага працэсу прыхільнікамі Трампа 6 студзеня 2020 года, яна, як заявіў Джо Байдэн, з'яўляецца самай моцнай краінай у свеце.

Адначасова, прэзідэнт Байдэн выклаў план дзеянняў у тыя, што засталіся паўгода яго прэзідэнцтва. Ён абяцае зрабіць усё неабходнае для росту эканомікі, зніжэння кошту лекаў, ён казаў пра неабходнасць рэфармавання Вярхоўнага суда і абароне асабістых свабод амерыканцаў.

Як адзначаюць каментатары, кароткі дзесяціхвілінны выступ прагучаў як палітычны запавет прэзідэнта, які спрабуе вызначыць сваю спадчыну ў гісторыі краіны. 

Ён згадаў імя свайго віцэ-прэзідэнта Камалы Харыс, якая, хутчэй за ўсё, стане яго пераемнікам у ролі кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі ўсяго адзін раз, назваўшы яе «дасведчаным, моцным, здольным» палітыкам.

Гэта быў толькі чацвёрты за тры з паловай гады прэзідэнцтва Джо Байдэна яго зварот да краіны з Авальнага кабінета.

Усяго два тыдні таму ў тэлеінтэрв'ю ён заявіў, што адмовіцца ад намінацыі толькі «па ўказанні Усявышняга», ён настойваў на тым, што ён лічыць сябе найбольш моцным з дэмакратаў супернікам Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах.

Што прымусіла яго змяніць пункт гледжання прэзідэнт Байдэн у сваім выступе не сказаў, як і не сказаў пра тое, што ён адчувае сябе няздольным выконваць абавязкі прэзідэнта.

Харыс апярэджвае Трампа: 44% супраць 42% — першае апытанне пасля зняцця Байдэна

У Трампа быў эфектыўны козыр супраць Байдэна. Цяпер ён можа вярнуцца бумерангам 

Трамп стаў найстарэйшым кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША ў гісторыі

Як Байдэн прымаў рашэнне адмовіцца ад удзелу ў выбарах прэзідэнта ЗША. Хроніка выходных

Чаму Байдэн вырашыў выйсці з гонкі? Вось што пра гэта пішуць сусветныя медыя

Nashaniva.com