Самае позняе рашэнне VAR у гісторыі. Гол Аргенціны на Алімпіядзе адмянілі толькі праз дзве гадзіны
Мараканцы паспелі засмуціцца з-за страчанай перамогі.
25.07.2024 / 07:30
Фота: Tullio M. Piglio / Getty Images
А ў выніку ўсё роўна выйгралі, піша Championat.com.
Футбольны турнір на Алімпійскіх гульнях, які стартаваў раней за адкрыццё Гульняў, пачаўся вельмі бадзёра: зборныя Марока і Аргенціны зладзілі галявую перастрэлку, якую паўднёваамерыканцы завяршылі аж на 90+16 хвіліне — і зраўнялі лік, двойчы перад гэтым прабіўшы ў перакладзіну (2:2).
Але аказалася, што не! Гульню аднавілі праз дзве гадзіны, і перамога дасталася мараканцам!
Афрыканцы не проста страцілі перамогу, але і вялі па ходзе другога тайма з розніцай у два мячы. Іх заўзятары вельмі раззлаваліся.
А самыя эмацыйныя і зусім прыйшлі ў ярасць: пачалі штурмаваць поле, закідваючы петардамі і бутэлькамі трыбуны з аргенцінцамі. Прыляцела і туды, дзе размяшчаліся футбалісты. Былі і дзеці, якія скарысталіся блытанінай і пабеглі фатаграфавацца з кумірамі.
Дапамаглі сцюарды і ўзброеная паліцыя. Пакуль фанатаў супакойвалі і выводзілі прэч, шведскі суддзя Глен Нюберг адвёў каманды ў распранальню і доўга не завяршаў матч. Ніхто не разумеў, чаму так адбываецца. І толькі потым высветлілася — у галявым эпізодзе, верагодна, Бруна Аміёне залез у афсайд.
Праз практычна дзве гадзіны, ужо пры пустым стадыёне, Нюберг паглядзеў відэапаўтор і вынес вердыкт — па-за гульнёй сапраўды было! На табло зноў 1:2! Аргенціна і Марока адбегалі яшчэ тры хвіліны, і толькі потым прагучаў фінальны свісток.
Галоўны трэнер паўднёваамерыканцаў Хаўер Маскерана даў лаканічны каментар: «Гэта самы вялікі цырк, які я калі-небудзь бачыў». Цяжка не пагадзіцца.
Першыя праблемы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Весляры ўжо там, а лодкі не прапусцілі
На Алімпіяду ад Беларусі едзе мінімальная ў гісторыі колькасць удзельнікаў — 17 чалавек