Упаўнаважаная па правах дзіцяці ў Расіі сышла ад мужа-святара да праваслаўнага алігарха
Але гэта не адзіны непрыемны факт у біяграфіі Марыі Львовай-Бяловай.
25.07.2024 / 15:18
Марыя Львова-Бялова. Фота: Mikhail Metzel / Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File
Выданне «Вёрстка» паведаміла, што ўпаўнаважаная па правах дзіцяці ў Расіі Марыя Львова-Бялова сышла ад мужа-святара да праваслаўнага алігарха Канстанціна Малафеева.
Малафееў — заснавальнік тэлеканалу «Царьград» і спонсар вайны ва Украіне. З 2014 года ён знаходзіцца ў санкцыйных спісах Еўрасаюза і ЗША.
Пры гэтым афіцыйна Львова-Бялова не развялася са сваім мужам — святаром Паўлам Кагельманам. З ім яна павянчаная і мае дзесяць дзяцей. З іх пяць — прыёмных. Сярод іх і падлетак з Марыупаля.
Марыя Льва-Бялова разам з мужам Паўлам Кагельманам і 9 дзецьмі. Архіўны здымак. Крыніца: тэлеграм-канал Паўла Кагельмана
З той пары, як Львова-Бялова заняла пасаду ўпаўнаважанай па правах дзіцяці ў 2021 годзе, пра яе шматдзетную сям'ю неаднойчы расказвалі СМІ. Сама жанчына пастаянна выказваецца пра традыцыйныя каштоўнасці, веру ў Бога, праваслаўны шлюб і прыёмнае бацькоўства.
Пасля паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну чыноўніца стала адказнай за вываз украінскіх сірот у Расію і іх уладкаванне ў прыёмныя сем'і. У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар на яе арышт па абвінавачанні ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
Малафееў развёўся са сваёй жонкай летам 2023 года. Першыя здагадкі аб яго рамане з Львовай-Бяловай у СМІ з'явіліся зімой гэтага года. Але толькі 16 ліпеня пара паказалася на людзях разам, калі падчас хрэснага ходу ў Екацярынбургу прайшліся, узяўшыся за рукі.
Канстанцін Малафееў і Марыя Львова-Бялова на прэзентацыі дабрачыннага праекта «Шчаслівае дзяцінства» ў 2023 годзе. Фота: тэлеграм-канал Канстанціна Малафеева
Па інфармацыі крыніц выдання, чыноўніца цяпер жыве асобна ад дзяцей і мужа.
Выданне сцвярджае, што раман Малафеева і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці мог сапсаваць яго адносіны з патрыярхам Кірылам. Але ёсць версія, што прычынай гэтага маглі быць амбіцыі мільярдэра, а яго раман толькі стаў нагодай для аддалення ад Кірыла ўплывовага канкурэнта.
Непрыемныя факты біяграфіі
Знаходжанне ў адносінах з іншым мужчынам пры законным мужы — не адзіны факт, які псуе вобраз прыемнай жанчыны і грамадскай актывісткі.
Яшчэ два гады таму выданне «Блокнот» прыводзіла іншыя непрыемныя факты з мінулага чыноўніцы, якая да таго, як стала амбудсменам, была кіраўніцай разнастайных дабрачынных праектаў у Пензе, што займаліся дапамогай сіротам і інвалідам. Сярод іх пансіянаты «Дом Веранікі» і «Квартал Луі».
Згодна з інфармацыяй «Блокнота», супрацоўнікі і сама Львова-Бялова прымушалі падапечных «Дома Веранікі» з цяжкай інваліднасцю браць крэдыты, матывуючы гэта тым, што бясплатна іх ніхто не будзе лячыць.
Выданне прыводзіць чатыры прыклады смерці цяжка хворых людзей, што знаходзіліся ва ўстановах, за якія адказвала Львова-Бялова. Сцвярджаецца, што прычынай былі негуманнае стаўленне і адсутнасць належнага дагляду.