Ірландскі палітык абвінаваціў Беларусь у вырабе фэйкавай рэкламы з яго выявай
Ірландскі палітык і былы прэм'ер-міністр краіны Міхол Марцін абвінаваціў Беларусь і Расію ў вырабе фальшывай рэкламы крыптавалюты з выкарыстаннем ягонай выявы, заўважыла Reform.news.
25.07.2024 / 19:13
Міхол Марцін. Фота: AP Photo/Patrick Semansky
«Мяркуецца, што фальшывая рэклама ў інтэрнэце з выкарыстаннем выявы… Міхола Марціна была створаная ў Беларусі і Расіі», — паведаміла выданне Irish Times.
Марцін падаў пазоў у Вярхоўны суд супраць Google, патрабуючы даць інфармацыю пра людзей, якія стаяць за фальшывай рэкламай крыптавалют, у якой выкарыстоўваецца ягонае фота і якая з'яўляецца на легальных вэб-сайтах.
«Падробленая рэклама, відаць, паходзіла з юрысдыкцый Беларусі і Расіі. Падобна на тое, што для аплаты рэкламы выкарыстоўваліся скрадзеныя крэдытныя карты», — паведаміў выданню Марцін.
Ён таксама адзначыў, што сутыкнуўся з вялікімі цяжкасцямі пры ўстанаўленні асобы людзей, якія насамрэч замовілі гэтую рэкламу.
«Google супрацоўнічаў [у сувязі з наяўнасцю] пастановы Высокага суда, і мы атрымалі велізарную колькасць дакументацыі, і давялося наняць людзей для правядзення судовай экспертызы, каб паспрабаваць вызначыць, хто заплаціў за падробленую рэкламу», — удакладніў палітык.
Марцін асудзіў распачатую Расіяй вайну ва Украіне, аднак ён не ўпэўнены, што стаў ахвярай дыфамацыі менавіта з гэтай прычыны.
У пачатку 2024 года Марцін зноў стаў аб'ектам фальшывай рэкламы ў сацсетцы X, якая з'явілася напярэдадні рэферэндумаў у краіне «па пытаннях сям'і і догляду». Палітык адзначыў, што Х ішла на супрацоўніцтва з ім у пытанні высвятлення заказчыкаў фальшывай рэкламы значна горш, чым Google. У сувязі з гэтым Марцін плануе ініцыяваць перагляд у краіне законаў аб дыфамацыі.
Замежнікі пішуць у сацсетках, што збіраюцца ў Беларусь па бязвізе. А іх упрошваюць перадумаць
Беларусь адкрывае сёмы дзясятак краін у візавым рэйтынгу пашпартоў
Apple і Disney адмовяцца ад рэкламы ў X з-за антысеміцкіх допісаў