«Знатныя кілеры ўжо катаюцца па горадзе». У расійскім СК расказалі пра памілаваных Пуціным забойцаў

Начальнік упраўлення па расследаванні асабліва важных спраў упраўлення Следчага камітэта па Санкт-Пецярбургу Юрый Яшкоў у інтэрв'ю выданню «Фонтанка» падзяліўся развагамі пра асуджаных за цяжкія злачынствы, памілаваных Пуціным за ўдзел у вайне ва Украіне. Як вынікае з ягоных слоў, высокапастаўлены сілавік не лічыць патрэбным нават рабіць выгляд, што гэтыя людзі могуць выправіцца.

25.07.2024 / 22:47

Фота ілюстрацыйнае

«Мы ведаем, хто выходзіць, знатныя кілеры ўжо катаюцца па горадзе, адзвоньваюцца нам, абяцаюць больш не сваволіць. Але гэта тыя, з якімі быў кантакт, якія супрацоўнічалі. Не ўсе вызваленыя так робяць. Я стараюся сачыць за нейкімі адыёзнымі таварышамі, пра якіх ведаю, што яны дакладна небяспечныя», — сказаў Яшкоў.

Ён адзначыў, што адзін з вызваленых бандытаў працуе таксістам. Яшкоў разаслаў аператыўнікам яго фатаграфіі, бо баіцца за кліентаў. Маўляў, сам не верыць, што такі чалавек выправіўся.

Следчы таксама адзначыў, што забойцаў, якія вызваліліся, шмат.

«Думаю, іх хапае. Але я магу казаць толькі пра тых, каго асабіста ведаю. Пакуль што магу дакладна назваць дваіх. Я ў іх упэўнены, што яны не ўтрымаюцца», — удакладніў ён.

Пры гэтым Яшкоў падкрэсліў, што інцыдэнтаў сярод удзельнікаў вайны ў Санкт-Пецярбургу практычна не было, акрамя стральбы ў рэстаране «Чабрэц». Тады Аляксей Ісакаў, які вызваліўся з калоніі і ваяваў ва Украіне, застрэліў свайго знаёмага з-за доўгу ў 5 млн расійскіх рублёў (каля 57,5 тыс. даляраў).

Расійскія вайскоўцы, якія вярнуліся з вайны ва Украіне, ужо ўчынілі не менш за 83 злачынствы. Большасць злачынстваў здзейснілі былыя зняволеныя, памілаваныя для ўдзелу ў вайне ў складзе ПВК «Вагнер». Не менш за 37 былых зэкаў зноў здзейснілі забойствы пасля вяртання з вайны.

«50 тысяч памілаваных галаварэзаў». У Расіі амаль палова зэкаў, якія вярнуліся з вайны, вяртаецца за краты, дзе іх зноў вярбуюць

У Расіі мужчына, якога асудзілі на 20 гадоў за згвалтаванне і забойства, атрымаў памілаванне за ўдзел у вайне з Украінай

Асуджаны на 14 гадоў расчляніцель з Чыты вярнуўся з вайны ва Украіне і атрымаў чарговыя 14 гадоў за новае забойства

Бацьку прэс-сакратара РПЦ забіў рэцыдывіст, які з калоніі завербаваўся на вайну ва Украіне. З фронту ён збег

За ўдзел у вайне з Украінай Пуцін памілаваў сахалінскага людаеда

Nashaniva.com