Асуджаны на 14 гадоў расчляніцель з Чыты Цырэн-Доржы Цырэнжапав вярнуўся з вайны ва Украіне і атрымаў чарговыя 14 гадоў за новае забойства

Асуджаны на 14 гадоў расчляніцель з Чыты Цырэн-Доржы Цырэнжапав вярнуўся з вайны ва Украіне і атрымаў чарговыя 14 гадоў за новае забойства

У Чыце Цырэн-Доржы Цырэнжапава прыгаварылі да 14 гадоў калоніі за забойства 22-гадовай дзяўчыны ў вёсцы Угдан. Цырэнжапаў — ветэран вайны Расіі супраць Украіны. На фронт ён патрапіў з турмы. Свой першы чатырнаццацігадовы тэрмін мужчына таксама атрымаў за забойства. У 2020 годзе ён расчляніў 18-гадовую дзяўчыну. 

Найміт ПВК «Вагнер» Сяргей Шахматаў раней быў судзімы за махлярства і крадзяжы. Вярнуўшыся з вайны ва Украіне, ён згвалтаваў дзвюх непаўналетніх дзяўчынак і быў прыгавораны Новасібірскім судом да 17 гадоў калоніі строгага рэжыму. 

У пасланні Федэральнаму сходу 29 лютага Уладзімір Пуцін заявіў, што ўдзельнікі СВА — гэта «эліта» Расіі. 

«Сапраўдная, сапраўдная эліта — гэта ўсе, хто служыць Расіі. Працаўнікі і воіны, надзейныя, правераныя справай, якія даказалі сваю адданасць Расіі, годныя людзі», — сказаў Пуцін. 

З 1 сакавіка «ветэраны СВА» змогуць узяць удзел у новай кадравай праграме «Час герояў». «Падрыхтаваць кампетэнтных высокакваліфікаваных кіраўнікоў, маюцца на ўвазе і былыя, і дзейныя ваенныя, для наступнай працы ў органах дзяржулады і муніцыпальнай улады. А таксама для працы ў дзяржкампаніях», — адзначаў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. 

А ў Іркуцку былыя найміты пасля праходжання спецыяльных курсаў змогуць выкладаць у школах «Асновы бяспекі і абароны Радзімы». 

У канцы лютага ў Чэлябінску пʼяны ўдзельнік вайны Мікіта Сідараў забіў сваю былую дзяўчыну. Жанчына адмовілася пусціць яго ў кватэру. Ён залез праз балкон і забіў яе на вачах у трохгадовага сына. 

«Сістэма кажа: вы ведаеце, вось гэты чалавек забіў, згвалтаваў і сеў. Не адседзеў тэрмін, пайшоў пазабіваў. Гэта яны называюць «змыў крывёй». Вярнуўся героем. Гэта значыць сістэма кажа: чым больш ты забіваеш, чым больш здзяйсняеш гвалту, чым больш ты здзяйсняеш гвалтоўных злачынстваў, тым верагодней, што ты герой», — гаворыць праваабаронца Алена Папова.

 Папоўніць шэрагі расійскіх чыноўнікаў па праграме «Час герояў» можа і кемераўскі забойца Уладзіслаў Канюс, які закатаваў да смерці сваю былую дзяўчыну Веру Пехцелеву. У красавіку мінулага года прыгавораны да 17 гадоў калоніі за забойства з асаблівай жорсткасцю Канюс атрымаў прэзідэнцкае памілаванне і адправіўся ваяваць ва Украіну. Ужо восенню ён апынуўся на волі. Судзімасць з яго знятая. Бацькі Веры Пехцелевай раней атрымалі адказ з вайсковай пракуратуры. Згодна з дакументам, аб бягучым месцазнаходжанні Канюса сілавікам нічога не вядома. 

Сітуацыю з расійскімі вязнямі, якія вярнуліся з вайны ва Украіне пракаментавала заснавальніца фонду «Русь сидящая» Вольга Раманава. 

— Нябожчык Прыгожын казаў, што выпусціў на волю 32 тысячы чалавек. Гэта тыя, хто застаўся жывы на вайне і атрымаў памілаванне прэзідэнта. Па нашых дадзеных, іх было менш — 25 тысяч. Далей набірала з турмаў на вайну міністэрства абароны роўна на тых жа самых умовах. З 1 лютага 2023 года яны набралі людзей значна больш за Прыгожына. 

Цяпер на волі знаходзіцца не менш за 50 тысяч былых зняволеных, якія атрымалі прэзідэнцкае памілаванне сакрэтным прэзідэнцкім указам.

Атрымалася, што мабілізаваныя і кантрактнікі застаюцца ваяваць да канца вайны, а зняволеныя праз паўгода ляцяць дадому белым лебедзем і там зноў учыняюць злачынствы. Крыху статыстыкі. Іванаўская вобласць, вельмі сярэдняя вобласць, па ёй можна мераць сярэднюю тэмпературу па бальніцы. 

У лістападзе 2023 года на ўрадавай нарадзе кіраўнік УМУС Іванаўскай вобласці паведаміў, што ў вобласць на той момант вярнулася 358 былых зняволеных, з іх больш за палову зноў селі ў турму. Такія людзі для міністэрства абароны ператвараюцца ва ўнікальны кадравы рэзерв. Яны прайшлі вайну, не жадаюць сядзець у турме і гатовыя зноў адправіцца на фронт.

Паводле Раманавай, рэцыдывістаў таксама адпраўляюць на фронт. 

— Пытанне, якім чынам. Нельга мілаваць двойчы. Пуцін выдатна разумеў і разумее, што яго імем, імем цара, памілавана 50 тысяч галаварэзаў, якія здзяйсняюць злачынствы. Далей так працягвацца не магло. І з лета 2023-га прынялі закон, што больш ніякага памілавання не будзе. 

І з 1 кастрычніка зняволеных як забіралі з калоній на вайну, так і забіраюць — нічога не змянілася — іх забіраюць па 30-40 чалавек з кожнай калоніі штомесяц. Гэта канвеер. Толькі яны выходзяць ужо не па памілаванні, яны выходзяць умоўна. Іх умоўна нібы выпускаюць з турмы, і яны ідуць на фронт. Гэта ўжо бестэрмінова.

Да канца сакавіка выйдуць на волю тыя, хто быў завербаваны ў верасні. Яны атрымаюць памілаванне, на гэтым усё. Больш ніхто з вайны не вернецца, яны там будуць да канца.

Але міністэрства абароны і Прыгожын ужо забралі з месцаў пазбаўлення волі больш за 150 тысяч чалавек. На момант пачатку вайны іх тамака было 420 тысяч. Турмы пусцеюць. Дзе браць яшчэ рэзерв? У СІЗА.

Гэта ўжо прыкладна год, як дзейнічае, а зараз уносіцца ў Крымінальны кодэкс і ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

Чытайце таксама:

Белпол: Вагнераўцаў у Беларусі збіраюцца прыняць на службу па кантракце

Расія ўдарыла па Адэсе, калі там быў прэм'ер Грэцыі

Расійскаму журналісту далі сем гадоў калоніі па справе аб «фэйках» у арміі. У апошнім слове ён на каленях папрасіў прабачэння ва ўкраінцаў

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
20