Рукі дрыжаць, слёзы льюцца: новы трэнд беларускага тыктоку — распакоўка візы
Паляванне на шэнгенскія візы для беларусаў становіцца нацыянальным відам спорту. Таму не дзіўна, што ў тыктоку з'явіўся такі трэнд, як «распакоўка візы». Людзі здымаюць відэа, як адкрываюць пашпарт і шукаюць у ім запаветны шэнген.
29.07.2024 / 07:00
Скрыншот відэа ў тыктоку
Напрыклад, блогерка Кацярына з Гродна расказала, што яе сям’я каля двух месяцаў чакала, калі вернуць пашпарты. Асаблівай інтрыгі не атрымалася: пашпарты ў канвертах былі адкрыты на старонках з візамі. Праўда, і дадатковых прыемных сюрпрызаў не аказалася: усім далі аднаразовы шэнген толькі на даты адпачынку.
А вось блогерцы Яне пашанцавала значна менш. На відэа бачна, як моцна хвалюецца дзяўчына перад тым, як парваць канверт з пашпартам унутры. Блогерка нават шкадуе, што знаходзіцца дома адна ў такі нервовы момант. Ледзь стрымліваючы слёзы ад эмоцый, Яна ўсё ж адкрывае канверт. Адразу яе пужае тое, што пашпарт даслалі закрытым.
— Няма візы… Што? Напісана, што быццам у мяне няма прычыны для паездкі. Як так?
Дзяўчына ўсё ж пачынае плакаць.
— Добра хоць, што ніякай пячаткі аб адмове не паставілі. Я не ведаю, як гэта працуе? Чаму Ваню далі, а мне — не? У чым розніца? У нас былі абсалютна аднолькавыя дакументы.
Відэа Яны набрала 1,2 мільёна праглядаў і каля 74 тысяч лайкаў.
Дзяўчына ўдакладніла, што яе партнёру далі грэцкую візу на месяц пад даты паездкі. Але праз тое, што Яна візу не атрымала, пара вырашыла адпачыць у якой-небудзь бязвізавай для беларусаў краіне.
Хрысціна з Брэста таксама не пабачыла ў пашпарце доўгачаканай візы, але знайшла ў канверце ліст з тлумачэннямі адмовы: амбасада Грэцыі палічыла, што ў яе мала доказаў мэты вандроўкі. Блогерка паскардзілася, што спроба атрымаць візу абышлася ёй амаль у 1500 рублёў. Аднак надзеі не апраўдаліся, і пра адпачынак на цёплым моры ў Грэцыі можна забыцца.
Але калі вы раптам вырашыце здымаць гэты трэнд, то трэба ўсё ж памятаць, пра што лепш не казаць падпісчыкам. Напрыклад, у красавіку ў тыктоку завірусілася відэа, у якім беларускі хлопец атрымаў пашпарт з адмовай у польскай працоўнай візе. Ён пачаў абурацца працай турыстычнай фірмы, якой плаціў за дапамогу ў афармленні неабходных дакументаў, — і шчыра прызнаўся, што запрашэнне на працу было фальшывым і працаваць у Польшчу ён не збіраўся.
Той кейс каментавала «Нашай Ніве» маніторынгавая група visastat.me.
— Малады чалавек дапусціў вялікую памылку, калі вырашыў зрабіць сваю гісторыю публічнай, — растлумачылі ў маніторынгавай групе. — Фактычна ён прызнаўся ў тым, што купіў запрашэнне на працу. Якія пасля гэтага ў яго могуць быць пытанні, не вельмі зразумела.
Венгрыя? Італія? Ці Грэцыя? Дзе можна хутка і лёгка аформіць шэнгенскую візу
Як паскорыць атрыманне шэнгенскай візы ў Германію і Італію