Венгрыя? Італія? Ці Грэцыя? Дзе можна хутка і лёгка аформіць шэнгенскую візу
Турагенты адзначаюць рост попыту на шэнгенскія візы і павелічэнне тэрмінаў іх адкрыцця. Аднак улетку паспеюць з'ездзіць у Еўропу толькі турысты з адкрытым шэнгенам: туры цяпер можна набыць практычна ў любую еўрапейскую краіну. А калі візы няма — то даты заездаў стартуюць з верасня-кастрычніка.
Пасольствы сталі мала даваць месцаў на індывідуальную падачу, таксама скарочана колькасць персаналу, які разглядае візавыя заявы.
У турфірмах раяць: калі трэба хутка і адносна нядорага адкрыць візу, то гэта Грэцыя, Балгарыя. Але там даюць аднаразовыя або кароткія мультывізы пад тур. Калі хутка, але на парадак даражэй — Іспанія.
Калі не хутка і не танна — то гэта Італія, Францыя, Венгрыя. Германія можа даць добрую візу, але… праз год.
Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі расказвае аб нюансах падачы на шэнген.
Венгрыя
Гэта краіна пакідае ў суіскальнікаў віз супярэчлівыя ўражанні.
«Венгры могуць паставіць добрую візу — на тэрмін ад года да трох, калі вы ўжо былі ў гэтай краіне і ёсць візы. Ці калі па папярэдняй візавай гісторыі відаць, што вы былі ў краіне, якая выдала візу, — кажа візавы спецыяліст «Студыятрэвел» Антаніна Апаровіч. — Калі віза іспанская, пакажыце ў пашпарце штампы іспанскіх аэрапортаў або квіткі на самалёт у Іспанію, рахунак-фактуру з іспанскага гатэля.
Усе любяць, каб была правільная першая краіна ўезду. Пры гэтым могуць усё роўна на 4 дні адкрыць візу: хтосьці паглядзіць на візавую гісторыю, а хтосьці — не. Усё вельмі рандомна.
Таксама венгры ў любы момант могуць праверыць бронь, нават калі віза ўжо выдадзена. Быў выпадак, калі турыст адмяніў бронь, а пасольства яму тут жа анулявала гадавую візу, ён не паспеў па ёй і выехаць.
Ён даслаў ліст, што проста вырашыў памяняць гатэль і ўжо аплаціў іншы, але было позна. З венграмі і немцамі ў гэтым плане трэба акуратна. Кошт рашэння «пад ключ» — 800-900 рублёў, калі набываць тур з візавай падтрымкай, то гэта абыйдзецца ў 1600 рублёў (напрыклад, Аўстрыя і Венгрыя на 5 дзён).
Грэцыя
Грэцыя аператыўней за ўсіх афармляе шэнгенскую візу, але кароткую — на 2-3 тыдні, выключна пад даты тура. Але бліжэйшыя слоты ў гарачы летні сезон будуць даступныя праз месяц ад сёння. І нават у летні сезон бываюць адмовы — па словах турагентаў, 15-20%.
Зрэшты, калі ў іншых пасольствах ажыятаж, менавіта грэцкімі візамі некаторыя фірмы завабліваюць сваіх турыстаў, якія заплацілі за туры ў Іспанію, Італію.
Для атрымання спатрэбіцца пацверджанне броні гатэля, транспарту. Паслугі агенцтва ў гэтым выпадку — 250—350 рублёў, плюс 65 еўра віза і 40 рублёў консульскія зборы.
Магчыма, прыйдзецца ў візавым цэнтры даплаціць за прэміум-сэрвіс (170 рублёў) або прайм-тайм (120 рублёў) — улетку размятаюць усе варыянты падачы.
Балгарыя
Краіна выдае турыстам у асноўным аднаразовыя візы, пад паездку, але можна паспець нават да канца жніўня. Трэба толькі пацверджанне 100% аплаты жылля і транспарту, а калі плануеце ехаць на аўто — паказаць пасведчанне кіроўцы, страхоўку і браніраванне транзітных гатэляў па маршруце руху. Калі плануеце адпачываць у Балгарыі — можна разглядаць гэты варыянт.
Цэны на запіс і пакет дакументаў пачынаюцца ад 350 рублёў плюс аплата ў візавым цэнтры памерам 280 рублёў.
Румынія
Румынія адкрывае пад паездку кароткатэрміновыя візы або на тэрмін ад 3 да 6 месяцаў (візавая гісторыя можа дапамагчы). Таксама патрабуецца пацверджанне аплаты гатэля, а не проста бронь. Чаканне — два месяцы. Візавая падтрымка будзе каштаваць 600 рублёў. Квоты на шэнген вельмі маленькія. Таму разлічваць на іх моцна не варта.
Такая ж сітуацыя са Славакіяй, якая адкрывае турыстычныя візы для Партугаліі. Але шанец запісацца — адзін на тысячу — дзве візы ў месяц!
Італія
Краіна супярэчлівая, але самая жаданая. Трапіць самастойна на падачу складана, свабодных дат не даюць. Візавы цэнтр Італіі прыпыніў выдачу слотаў праз электронную сістэму запісу, аднавілі жывую чаргу з 16:00 да 17:00 — «сшытак Алега».
Але калі настойлівы турыст сам знойдзе свабоднае акно для запісу, то ўсё магчыма. Італія можа паставіць візу і на паўгода, і на год нават у чысты пашпарт.
У каго няма вольнага часу дзяжурыць пад пасольствам і лавіць даты, можна дзейнічаць праз тураператараў, якія браніруюць пражыванне з пералётам (пакетныя туры з адпачынкам на моры, а таксама круізы па Італіі і Еўропе) і маюць блок месцаў у візавым цэнтры.
Але і ў гэтым выпадку планаваць паездку варта ўжо на восеньскі сезон — хутчэй візу не адкрыюць.
Нават па больш дарагім варыянце падачы праз пасярэднікаў — ад 600 еўра — на разгляд заяўкі ў летні сезон у сярэднім сыходзіць каля месяца.
Іспанія
Трапіць да іх на падачу таксама цяжка, але рэальна. Турагенцтву прыйдзецца заплаціць за рэгістрацыю ад 350 рублёў, яшчэ ад 250 рублёў за пакет дакументаў і плюс 280 рублёў пры падачы дакументаў, і яшчэ плюс 200 рублёў, калі гэта прэміум-сэрвіс у візавым цэнтры. Разам — ад 880 рублёў да 1100 рублёў. Тэрмін разгляду — 45 дзён. Разам на ўсё пра ўсё — 2-3 месяцы. А візу адкрыюць максімум на месяц-тры, калі вельмі пашанцуе.
Важна таксама пацвердзіць фінансавыя магчымасці ў разліку 108 еўра на кожны дзень планаванай паездкі. На гэта іспанцы звяртаюць асаблівую ўвагу і праз недахоп сродкаў на рахунку не выключаныя адмовы.
Францыя
Адно з самых лаяльных пасольстваў, як і Італія. Тураператары сыходзяцца ў меркаванні, што менавіта гэтая краіна часта выдае візы на паўгода ці год нават у чысты пашпарт. Але візавых цэнтраў няма, няма і самастойнай электроннай рэгістрацыі. Падача толькі праз пасольства.
Візы даюць альбо пад тур — але планаваць паездку трэба моцна загадзя (ужо на лістапад-снежань), — альбо па запрашэнні ад сваякоў і сяброў, па бізнэс-камандзіроўках, гуманітарных праграмах. Чаканне — ад некалькіх месяцаў. А паслугі пасярэднікаў раўнасільныя цане тура. Віп-падача каштуе ад 600 еўра.
Дарэчы, французы постфактум правяраюць, ці былі вы ў Францыі. Калі слядоў пражывання не выявяць, можа быць ануляцыя візы або наступныя адмовы.
Германія
Не радуе падарожнікаў хуткім запісам. Для падачы дакументаў прыйдзецца запасціся цярпеннем на… год, калі гэта турызм. Ці як мінімум на паўгода, калі па запрашэнні. Затое ахвотна выдаюць шматразовую візу.
Для турыстычнай візы спатрэбіцца бронь гатэля, авіябілетаў або маршрутны ліст з указаннем гарадоў, у якіх плануеце спыняцца.
Пры гэтым немцы правяраюць не толькі бронь, але і засяленне. І калі турыст не прыехаў — гэта вядзе да ануляцыі візы і дэпартацыі. Нават калі вы вырашыце памяняць гатэль, пра гэта трэба загадзя, да паездкі, папярэдзіць амбасаду. Выдаткі — толькі на саму візу — 35 еўра і паслугі агенцтва за пакет дакументаў (250-300 рублёў).
Польшча
Польшча самая дарагая, калі дзейнічаць праз пасярэднікаў. А таксама лідар па адмовах. Пад тур адкрыць візу не атрымаецца.
Самому запісацца ў візавы цэнтр — сапраўдны квэст. Свабодных слотаў у сотні разоў менш, чым ахвотных зарэгістравацца. Пры гэтым трэба прайсці верыфікацыю ў сістэме, і лік ідзе на хвіліны, пакуль хтосьці іншы не перахапіў дату.
Для тых, хто не гатовы самастойна разбірацца з анлайн-сістэмай, кошт рэгістрацыі — ад 600 да 1300 рублёў за чалавека.
У астатнім — пры наяўнасці пацверджання аплаты гатэля і талона на запіс абзавесціся візай можна ўсяго за два тыдні пры станоўчым рашэнні консула.
Але адмоваў Польшча дае велізарную колькасць, больш за ўсіх пасольстваў.
Асабліва складана з візамі па турызме. Толькі візы па запрашэнні і часам працоўныя візы можна адкрыць на больш працяглы перыяд, але і тут бываюць адмоўныя рашэнні.
Алена Варакса, намеснік дырэктара «Бел-арыенцір»:
— Еўрапейскія туры ў цэлым па рынку за апошнія некалькі гадоў падаражэлі ў паўтара разу. Цяпер гэта ад 850 рублёў за аўтобусны тур з тыднёвым адпачынкам на моры. Але ўсё роўна едуць. І попыт не меншы — групы за паўгода ўжо сфармаваныя.
Адкрыць візы стала цяжэй, а многія турысты па-ранейшаму плануюць у апошні момант.
Але цяпер для адкрыцця віз патрабуецца 2-4 месяцы, а не месяц, як раней.
Калі ў тураператара добрая рэпутацыя, то і адмоваў па візах няма. Французы заўсёды ставяць для турпаездак паўгода, італьянцы таксама не скнарнічаць, іспанцы ў сярэднім месяц-тры, немцы — ад трох месяцаў да года.
Так, скарачэнне дат на падачу ёсць, але больш для індывідуальных турыстаў. Для тураператараў абмежаванняў няма (выключэнне — Італія восенню). Попыт на візы сёння нават вышэйшы, чым на туры. Не ў апошнюю чаргу выбар Італіі і Францыі матываваны менавіта візавай падтрымкай.
Раней практычна ўсе турысты, выбіраючы тур, ужо мелі візы. А цяпер усім, хто звяртаецца, патрэбна віза. Таму планаваць свой адпачынак у Еўропе трэба моцна загадзя.
Каментары