«Якасці, якія ў Лукашэнкі ўспрымаюцца з негатывам, у Трампе выклікаюць сімпатыі». Беларускі ЗША распавялі, за каго будуць галасаваць

Цяперашняя прэзідэнцкая гонка ў ЗША поўная нечаканых паваротаў: то стрэл у Трампа, то сыход з дыстанцыі Байдэна. «Наша Ніва» распытала беларусак, што ўжо маюць права галасаваць на выбарах, якія настроі маюць амерыканцы і каму яны самі плануюць аддаць свой голас.

02.08.2024 / 09:36

Марыя Яфімава, член Каардынацыйнай рады ад «Еўрапейскага выбару» (Каліфорнія)

Марыя Яфімава

— Як дэпутатка КР трэцяга склікання ад «Еўрапейскага выбару» і сяброўка галоўнай управы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы я гляджу на выбары праз прызму беларускага пытання. І вось калі параўноўваць дзве праграмы — рэспубліканцаў і дэмакратаў, — мы бачым, што дэмакратычная партыя і яе прадстаўнік Камала Харыс больш адпавядаюць інтарэсам беларусаў.

Усе беларусы ў ЗША — эмігранты. Тут вельмі шмат уцекачоў цяпер, яны эмігранты першага пакалення. А з пункту гледжання трампаўскай праграмы такія людзі — ледзь не ворагі. Мне б не хацелася, каб краіна, дзе я жыву, лічыла беларусаў ворагамі. Рэспубліканцы выступаюць за жорсткія правілы ў дачыненні да эмігрантаў, і рэспубліканская партыя вельмі цісне на тое, каб ускладніць выданне статусу ўцекача ўвогуле.

Калі ўкраінцу сёння небяспечна вяртацца дадому, яму тут выдаецца часовы абаронны статус, ён можа па ім легалізавацца і працаваць. Наша асацыяцыя змагаецца, каб і ў беларусаў, якія вымушана бягуць з радзімы па палітычных прычынах, была такая магчымасць.

Акрамя таго, праграма дэмакратаў бліжэйшая мне па пытанні абортаў, падаткаў, клімату.

Нягледзячы на тое, што сама я прытрымліваюся дэмакратычных поглядаў, у мяне вельмі шмат сяброў (можа, большая частка) — за рэспубліканцаў. Мы з імі мякка дзелімся сваімі меркаваннямі наконт падзей, якія адбываюцца падчас выбарчай кампаніі. Многія параўноўваюць яе з шоу, за якім цікава назіраць, дзе ты не ведаеш, якім будзе фінал. Тым і цікавыя выбары ў дэмакратычных краінах: можа перамагчы хто заўгодна.

Што для мяне асобна цікава: нямала беларусаў тут падтрымлівае Трампа, хаця ён вельмі нагадвае Лукашэнку. Напрыклад, у трампаўскім парадку дня ёсць пункт на ўзмацненне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў (каб урад яго менш кантраляваў). Таксама ў яго шмат папулісцкіх лозунгаў. Але чамусьці якасці, якія ў Лукашэнкі ўспрымаюцца з негатывам, у Трампе выклікаюць сімпатыі.

Воля Бромэн, беларуская актывістка ў ЗША, Дэтройт:

Воля Бромэн

— Я буду галасаваць за Камалу Харыс. Мне імпануе яе асоба: разумная, моцная, незалежная жанчына, якая зможа адстойваць і правы жанчын, і дэмакратыю.

Шмат дэмакратаў і сярод амерыканскіх знаёмых, і сярод беларусаў крытыкавалі партыю, што не змаглі знайсці альтэрнатывы Байдэну, які, відавочна, не ў тым стане здароўя, каб кіраваць краінай яшчэ чатыры гады. Але ж унутрана змірыліся. Бо кандыдат ад рэспубліканскай партыі — Трамп — яшчэ горшы варыянт (чалавек з крымінальнымі артыкуламі, сумнеўнымі каштоўнасцямі і відавочны папуліст, які мне асабіста моцна нагадвае Лукашэнку). Таму ўсе ўздыхнулі з палёгкай, калі Байдэн усё ж зняў сваю кандыдатуру.

У грамадстве адчуваўся пад'ём і моцная падтрымка Камалы Харыс. Яе перадвыбарчы штаб менш чым за тыдзень сабраў $200 мільёнаў. Гэта мне трошкі нагадала час, калі Святлана Ціханоўская стала кандытаткай у прэзідэнткі. Нейкі новы віток надзеі проста.

Ужо аднойчы атрымаўшы прышчэпку ад аўтакратыі, ты бачыш яе прыкметы ў іншых краінах. І я адчуваю хваляванне за вынікі выбараў у ЗША. Сярод рэспубліканскіх палітыкаў вельмі шмат хрысціянскіх нацыяналістаў, якія робяць рэлігію часткай дзяржаўнай палітыкі і адукацыі ў школе, адбіраюць права жанчын на аборты, забараняюць кнігі, выступаюць супраць сацыяльнай дапамогі ўразлівым групам насельніцтва. Для мяне дзіка бачыць такія рэчы ў дэмакратычнай краіне.

Сёння гэтыя палітыкі галасуюць супраць абортаў, бо моцна клапоцяцца пра жыццё эмбрыёнаў, а заўтра галасуюць супраць бясплатных абедаў у школе для дзяцей. Я асабіста не хачу такіх людзей ва ўладзе.

Таксама выклікае занепакоенасць, якой будзе знешняя палітыка новага ўрада ЗША. Хоць многія палітыкі — як дэмакратычныя, так і рэспубліканскія — даволі дасведчаныя па сітуацыі ў Беларусі і выказваюць падтрымку. Але ж праблемы беларусаў далёка не ў прыярытэце цяпер. І беларускай дыяспары ЗША трэба бясконца нагадваць сваім прадстаўнікам пра нас.

Вядома, што будучыня Беларусі залежыць ад вынікаў вайны ва Украіне. А ў мяне ёсць прадчуванне, што Трамп будзе ціснуць на падпісанне міра на выгадных для Пуціна ўмовах. Мінулае прэзідэнцтва Трампа запомнілася антымігранцкай рыторыкай і законам аб забароне прымаць эмігрантаў, у тым ліку палітычных уцекачоў, з шасці арабскіх краін. Думаю, калі ён пераможа ізноў, стане цяжэй атрымаць статус палітычнага ўцекача, і ўвогуле ўсе імігранцкія працэсы затармозяцца.

Цяпер беларускія актывісты ЗША намагаюцца спрыяць прыняццю часовага ахоўнага статусу для беларусаў. І менавіта рэспубліканскія палітыкі не спяшаюцца яго падтрымліваць. Менавіта з імі больш за ўсё дыяспары і трэба працаваць.

У Амерыцы заўсёды быў падзел у грамадстве на прыхільнікаў той ці іншай партыі і на тых, хто пасярэдзіне. Але за апошнія гады ён стаў яшчэ больш выразны.

Канечне ж, ёсць і страх грамадзянскай вайны. У студзені 2021-га мы назіралі спробу дзяржаўнага перавароту прыхільнікамі Трампа. А што калі сітуацыя паўтарыцца зноў? І калі ведаеш пра колькасць зброі ў людзей тут, то страшна, канечне. Некаторыя мае знаёмыя, якія раней не мелі зброі, цяпер сур'ёзна задумваюцца, каб набыць яе да выбараў.

Але я, хутчэй, аптыміст і буду да апошняга спадзявацца, што такая доўгая гісторыя існавання дэмакратыі ў ЗША, падзел улады, верхавенства права і роўнасці ўсіх перад законам перамогуць унутрыпалітычны крызіс.

Усё ж, нягледзячы на тое, што ЗША — прэзідэнцкая рэспубліка, тут прэзідэнт — не адзіная крыніца ўлады і не вырашае ўсё. Таму нават пры самым горшым варыянце і перамозе Трампа, тут будуць рычагі, каб стрымліваць яго памкненні да аўтакратыі.

Таццяна Кулакевіч, доктар навук, прафесар паліталогіі ва ўніверсітэце Паўднёвай Флорыды:

Таццяна Кулакевіч

— Асабістыя погляды я не выказваю, толькі аб’ектыўныя назіранні.

Амерыканцы, якія вызначыліся, будуць галасаваць за сваю партыю, хто б яе не прадстаўляў. Барацьба ідзе за галасы тых, хто не вызначыўся, і за штаты, якія тут называюць фіялетавымі — яны могуць быць ці блакітнымі (дэмакраты), ці чырвонымі (рэспубліканцы). І яны будуць вырашаць, хто набярэ больш галасоў у выніку. Гэта, напрыклад, Пенсільванія, Мічыган, Вісконсін і некаторыя іншыя.

Агулам перадвыбарчая кампанія падаецца гарачай, бо адчуваецца палярызацыя. Але ў 2008 годзе, калі вырашалі паміж Абамам і МакКейнам, таксама было гучна.

Прэзідэнцкая гонка ў ЗША радыкальна падзяліла маладых жанчын і мужчын. У каго якія прыярытэты?

Чаму Байдэн вырашыў выйсці з гонкі? Вось што пра гэта пішуць сусветныя медыя

Харыс заручылася дастатковай падтрымкай для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты

Хто такая Камала Харыс — кандыдатка ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў замест Байдэна

Nashaniva.com