Выглядае, што Бондараву звольнілі з «Камуніста Беларусі». Цяпер яна абвінавачвае былых калег у дэрусіфікацыі
Даносчыца Вольга Бондарава працавала ў газеце «Камуніст Беларусі. Мы і час» на пасадзе адказнай сакратаркі. Яшчэ ў нумары за 5 ліпеня 2024 яна была пазначаная ў выходных звестках, а таксама ў якасці аўтаркі артыкула на першай старонцы. Але выглядае, што больш Бондарава ў газеце не працуе.
27.07.2024 / 18:43
Апошняя старонка газеты за 5 ліпеня 2024 года
У сваім канале Бондарава раскрытыкавала апошні нумар выдання, звярнуўшы ўвагу на напісанне слова «беларуские» замест «белорусские» — як ёй, відаць, хацелася б:
«Газета «Камуніст Беларусі» зайграла новымі фарбамі. Рэдакцыя вырашыла адмовіцца ад правілаў рускай мовы. Страшна падумаць, што будзе далей і да чаго прывядзе дэрусіфікацыя. Прэцэдэнт перад вачыма — гэта Украіна. Ужо былая».
«Камуніст Беларусі. Мы і час» — маргінальная партыйная газета. Яе дэклараваны наклад складае 1500 асобнікаў, але знайсці выданне ў кіёсках і супермаркетах амаль немагчыма.
Раней, у часы Бондаравай, нумары газеты выстаўлялі на сайце партыі. Але з 12 ліпеня 2024 года такая практыка спынілася. У тэлеграм-канале Камуністычнай партыі Пятро Пятроўскі патлумачыў гэта тым, што кіраўніцтва партыі «абнаўляе і мадэрнізуе аддзел прапаганды пры ЦК КПБ».
Падобна, што ў межах абнаўлення пазбавіліся і ад Бондаравай, якая зусім нядаўна дазваляла сабе крытыкаваць арганізацыю, якой кіруе Віктар Лукашэнка і называць аднапартыйца Аляксея Дзерманта — «латэнтным гомасэксуалам». Яшчэ раней яна наехала на нявестку Лукашэнкі, назваўшы яе «бэчэбескай і змагаркай», за што пасля выбачалася.
На кадравыя перамены ў рэдакцыі «Камуніста Беларусі» намякаў тэлеграм-канал «Графач», блізкі да міністра інфармацыі Марата Маркава.
«Узяў да абеду пачытаць праект новага выпуску газеты «Камуніст Беларусі. Мы і Час» (нумар ад 12.07.2024) і неяк у гэты раз зусім не зачапіла, без запалу і драйва. Магчыма, не надта адказна падыйшоў адказны рэдактар. Здарылася што?», — іранізаваў «Графач».
Рэч у тым, што хоць свежы нумар «Камуніста Беларусі» няпроста знайсці ў продажу, у Міністэрства інфармацыі — а значыць, і на стол Маркаву, — газеты трапляюць у абавязковым парадку.
Вольга Бондарава. Фота: @ola_bondreva
На гэты момант на сайце Кампартыі ў якасці адказнага сакратара газеты КПБ пазначаны Андрэй Лазуткін. Але гэта, хутчэй за ўсё, неактуальная інфармацыя, бо яго імя было напісана ў гэтым раздзеле і раней, у часы Бондаравай.
Бондарава назвала нявестку Лукашэнкі бэчэбескай і змагаркай
Бясстрашная Вольга Бондарава наехала на Лукашэнку за яго выступ на парадзе
Каго сёння можна назваць сапраўдным патрыётам Беларусі? Гутарка з філосафам Баркоўскім