Грамадства1313

Каго сёння можна назваць сапраўдным патрыётам Беларусі? Гутарка з філосафам Баркоўскім

Хто сапраўдны беларускі патрыёт? Прапаганда настойвае, што гэта, відавочна, той, хто застаецца верны Лукашэнку. Але нават унутры гэтай супольнасці час ад часу здараюцца ўзаемныя абвінавачванні ў недастатковым патрыятызме.

Павел Баркоўскі. Фота: «Наша Ніва»

Пагаварылі з філосафам і публіцыстам Паўлам Баркоўскім на тэму таго, хто мае права звацца патрыётам і чаму.

«Наша Ніва»: Давайце пачнем з самога тэрміна: патрыятызм — гэта што?

Павел Баркоўскі: Слова патрыятызм паходзіць з лацінскай мовы. «Патрыя» літаральна значыць «бацькаўшчына», «зямля айцоў». Такім чынам, здаўна розныя цывілізацыі пазначалі гэтым словам прыналежнасць чалавека да роднага краю, зямлі, дзе пахаваны косткі продкаў, а таксама гонар за гэта.

«НН»: Сённяшняя беларуская прапаганда транслюе, што толькі тыя, хто застаўся верны дзяржаўнай лініі — сапраўдныя патрыёты, а ўсе астатнія — «здраднікі».

ПБ: Улада заўжды імкнецца звесці патрыятызм да безумоўнай лаяльнасці да дзяржавы як радзімы, маўляў, калі ты патрыёт, то мусіш любіць усё сваё, уключна з уладай, «якая ад Бога». Але, як казаў вядомы амерыканскі пісьменнік Эдвард Эбі: «Патрыёт заўжды мусіць быць гатовы абараніць сваю краіну ад свайго ўрада», — што, згадзіцеся, добра гармануе са словамі Кастуся Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа». Альбо, як сказана ў не менш вядомым выслоўі Томаса Кэмпбэла «Дрэва свабоды палітае крывёю патрыётаў». Гэта значыць, што патрыятызм можа вызначацца і шчырым жаданнем бачыць свой край вольным і незалежным.

Але дакладна не будзе патрыётам той, хто гандлюе ўласным суверэнітэтам ці будучыняй краіны, мяняючы яе на надзённыя выгоды.

«НН»: Што наконт сімвалаў і іх ролі ў праяўленні патрыятызму?

ПБ: Патрыятызм тычыцца не столькі сімвалаў ці пакланення дзяржаве, колькі шчырай любові да роднай зямлі і клопату пра яе веліч і дабрабыт. Сімвалы могуць змяняцца гістарычна: пасля каралёў можа надыходзіць рэспубліка (герб манархічнай Францыі, напрыклад, ніяк не звязаны з цяперашняй рэспубліканскай сімволікай, што не замінае французам ганарыцца сваімі продкамі і гісторыяй сваёй зямлі).

Дзяржавы нараджаюцца і паміраюць, зямля ж і людзі на ёй застаюцца і захоўваюць пераемнасць.

Хаця, безумоўна, калі людзі шмат адпакутавалі за нейкія сімвалы і шчыра ўважаюць іх сваімі, як тое адбываецца для многіх пацярпелых за павагу да нацыянальнага сцяга ці гістарычнага герба «Пагоні», яны могуць уключаць гэтыя сімвалы ў сваё паняцце пра патрыятызм. Зрэшты, як і прыхільнікі аўтакратыі, якія, праўда, за сімваламі ўжо часта не бачаць сутнасці.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: Нядаўна даносчыца Вольга Бондарава абвінаваціла ў недастатковым патрыятызме арганізацыю, якой кіруе Віктар Лукашэнка — Нацыянальны алімпійскі камітэт, — і спартсменаў, якія гатовыя выступаць пад нейтральным сцягам. Пра што сведчыць тое, што нават унутры прадзяржаўных людзей назіраюцца бойкі за тое, хто самы патрыятычны, а хто — недастаткова?

ПБ: Гэта сведчанне таго, што нават у лагеры гэтак званых ябацек існуюць разыходжанні, што лічыцца «сваім» і прыкметай патрыятызму. Хтосьці з іх, прыкладам, лічыць для сябе цалкам прымальным несці чырвона-зялёны сцяг дагары нагамі і не бачыць у гэтым здзеку над сімволікай, а хтосьці бачыць свой патрыятызм у хаджэнні пад савецкім чырвоным штандарам ці расійскім трыкалорам, называючы сябе гэтаксама патрыётамі. Незразумела, праўда, якой айчыны.

Агулам пазіцыя пралукашэнкаўскіх заўзятараў вельмі эклектычная, для многіх з іх вызначаныя дзяржаўныя сімвалы — таксама не вялікая каштоўнасць, бо ніякай гісторыі ці традыцыі за імі асабліва няма. Нават спасылкі на сімволіку савецкіх часоў выглядаюць слабымі — гэта не «сцяг перамогі», не сцяг нейкіх значных дасягненняў, проста часовая дэкарацыя для дэкаратыўнай дзяржаўнасці краіны-лімітрофа.

«НН»: Ці можа патрыятызм быць выбарачным у адстойванні інтарэсаў краіны ў міжнародным парадку дня: калі мы супраць «ворагаў» на Захадзе = мы патрыёты, а вось калі мы не з Расіяй, то ўжо не?

ПБ: Патрыятызм мусіць сыходзіць з уласных нацыянальных інтарэсаў і дбаць не пра заможнасць ці ўплыў асобнага чалавека пры ўладзе або ягоных памагатых, а пра росквіт і дабрабыт краіны.

Якім чынам у інтарэсах Беларусі можа быць саюз з не надта заможнай, але агрэсіўна-ваяўнічай і зняважлівай Расіяй, якая па вялікім рахунку грэбуе беларускай нацыянальнай адметнасцю і культурай, уважаючы нас за «малодшага брата» і забіраючы сабе ўсе значныя дасягненні выхадцаў з Беларусі за ўсе часы каланіяльнага панавання?

У гэтым сэнсе можна не ідэалізаваць Захад, Еўропу, але яны даюць куды большыя магчымасці для аўтаномнага існавання нацый і дзяржаў, узрастання іх культуры, заможнасці і дабрабыту. Не трэба забываць, што гістарычна Беларусь — гэта частка Еўропы, і натуральна, што беларусы, якія і так былі чэмпіёнамі па паездках у еўрапейскія краіны з усіх былых савецкіх рэспублік, імкнуцца звязваць з ёй у тым ліку планы на сваю будучыню.

Калі паглядзець вынікі самых розных сацыялагічных апытанняў, беларусы заўжды вельмі станоўча адгукаюцца пра эканоміку і культуру еўрапейскіх народаў, што не заўжды так у выпадку Расіі. Хаця, безумоўна, стагоддзі прапаганды ўбілі ў галовы беларусам, што толькі з «вялікай Расіяй» яны маюць такую-сякую будучыню.

«НН»: Галоўнымі патрыётамі дзяржаўныя СМІ часта выстаўляюць сілавікоў і вайскоўцаў — тых, хто «не завагаўся ў 2020-м» і «захаваў» краіну. Ці можна ўвогуле назваць патрыётам таго, хто хоць раз прымяніў любую гвалтоўную сілу да свайго ж народа?

ПБ: Бачыць сярод галоўных патрыётаў краіны людзей са зброяй — з’ява досыць распаўсюджаная ў свеце. Бо сапраўды, хто больш надзейна можа даказаць сваю любоў да радзімы, як не ваяры, што мужна за яе паляглі ці гатовыя аддаць за яе жыццё.

Але сапраўднымі героямі і патрыётамі заўжды лічылі толькі тых ваяроў, якія сапраўды абараняюць свой край ад знешняй агрэсіі, як цяпер гэта, напрыклад, робяць жаўнеры Украіны. Беларускія сілавікі не могуць пахваліцца нейкімі асаблівымі геройствамі, апроч гвалту над безабароннымі людзьмі. Яны кажуць, што не далі захапіць уладу дэмакратам і такім чынам «выратавалі» дзяржаву, але насамрэч яны ратавалі ўладу выключна аднаго чалавека праз безумоўную лаяльнасць да таго, хто ім плаціць грошы і лічыць сваімі «дваравымі сабакамі».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«НН»: Каго можна аднесці да сапраўдных патрыётаў Беларусі — з сучаснікаў і, можа, гістарычных персанажаў?

ПБ: Патрыётамі я б назваў тых, хто мужна адстойвае інтарэсы нашай зямлі і яе народа ў розныя часы. Гэта і тыя нашы сучаснікі, хто ахвяруе свабодай, жыццём і маёмасцю, каб здабываць дэмакратыю, волю і мір для сваёй краіны. Гэта і тыя, хто ўсім сваім жыццём даказваў безумоўную любоў да радзімы, як нашы пісьменнікі Ларыса Геніюш, Наталля Арсеннева, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч, той жа Васіль Быкаў, юбілей якога мы святкуем сёлета. Гэта героі-паўстанцы Кастусь Каліноўскі, Рамуальд Траўгут, Эмілія Плятэр, дзеячы БНР — Васіль Захарка, браты Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі.

Гэта і тыя беларусы, якія гінулі на франтах імперыялістычных войнаў крывавага XX стагоддзя, каб абараніць сваю зямлю, незалежна ад таго, якая дзяржава тады на ёй панавала. 

Карацей, тыя людзі, хто ахвяраваў сабой дзеля Беларусі і аддаў усё сваё жыццё служэнню краіне, яе культуры, мове, народу. Яны вартыя таго, каб лічыцца сапраўднымі патрыётамі беларускай зямлі.

«НН»: Як сябе мусіў бы павесці сапраўдны кіраўнік дзяржавы сёння, калі б ён быў патрыётам, на ваш погляд?

ПБ: Сапраўдны патрыёт і палітык на чале дзяржавы дбаў бы перадусім пра тое, каб не даць уцягнуць сваю краіну ў несправядлівую вайну і супольную агрэсію, каб не абцяжарыць жыццё людзей закрытымі межамі і спыненнем нармальных турыстычных і гандлёвых зносін.

Часам лідары-патрыёты нават гатовыя ахвяраваць сваёй уладай, калі таго патрабуюць інтарэсы дзяржавы і грамадства, добраахвотна сыходзячы ў адстаўку ці выгнанне. Як гэта, напрыклад, зрабіў у 1830 годзе герой Лацінскай Амерыкі Сымон Балівар.

Калі цвяроза разважаць, што патрэбна Беларусі сёння — гэта мір, добрасуседства, сапраўдная незалежнасць, павага іншых народаў, заможная гаспадарка. Той, хто гатовы гэта забяспечыць сваім людзям і краіне, і ёсць сапраўдны патрыёт.

Але гэта дакладна не той, хто на справе вызнае, што «Мір — гэта вайна», а «Любоў — гэта нянавісць». І які асабістыя амбіцыі ставіць вышэй за інтарэсы грамадства і дзяржавы.

«НН»: Агулам, і так званыя «чырвона-зялёныя», і «бел-чырвона-белыя» — усе патрыёты са свайго пункту гледжання. Але ці можна тут увогуле вызначыць, хто большы патрыёт? І ці можна ў тэорыі аднойчы мірыць неяк абодва бакі якраз на грунце патрыятызму?

ПБ: На жаль, розныя групы ўспрымаюць патрыятызм па-рознаму. Для адных «патрыятызм» больш пра любоў да дзяржавы і ўлады, якой бы яна ні была, яны лічаць сябе «царовымі людзьмі» і рады таму, што могуць абслугоўваць уладную машыну. Для іншых «патрыятызм» вызнаецца ў любові да нацыянальнай мовы, культуры, прагі да вольнага і справядлівага жыцця. Для іх радзіма дакладна не сінонім дзяржавы.

Некаторыя з іх, як беларускія анархісты, той жа палітзняволены Ігар Аліневіч, наогул адмаўляюць каштоўнасць дзяржавы, пры гэтым сваімі справамі даказваюць, што гатовыя ахвяраваць сваёй свабодай і жыццём дзеля будучыні сваёй краіны.

Таму пытанне не ў тым, хто сябе ўважае за большых патрыётаў, пытанне ў тым, каб не лічыць патрыятызмам шчырую любоў да «сракі прэзідэнта».

Так сказаў лідар легендарнага расійскага гурта «ДДТ» Юрый Шаўчук, які асудзіў злачынную вайну і быў змушаны з’ехаць з роднай зямлі: «Не трэба блытаць Радзіму са сракай прэзідэнта». На жаль, многія гэтыя рэчы блытаюць і нават бачаць у гэтым геройства і подзвіг.

Каментары13

  • Адказ
    09.07.2024
    Беларускі патрыёт той, хто найтанней прадасць сваю зямлю, людзей, мову і маёмасць. У цывілізаваных народаў такіх называюць здраднікамі
  • Патрыёт без радзімы
    09.07.2024
    Таму мне больш падабаюцца нацыяналісты
  • Парттрыётка
    09.07.2024
    Нам гэта не цікава. Давайце лепш абмяркуем, чаму Вячорка дагэтуль на ахвяраваў грошы ад спрадажы свайго-несвайго гадзінніка палітвязням, хоць ён абяцаў. Чаму не быў праведзены ніводны належны аўдыт структураў Ціханоўскай, хоць яна абяцала. Чаму ніхто з дэмакратычных сілаў не панёс адказнасці за зліў рэвалюцыі.
    Патрыятызм у задаванні гэтых пытанняў, а не ў пустой гамонцы вашага філёзафа.

Памочнік гендырэктара мазырскага НПЗ памёр на працы. Нядаўна яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмізму2

Памочнік гендырэктара мазырскага НПЗ памёр на працы. Нядаўна яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмізму

Усе навіны →
Усе навіны

Стрыжак расказаў, як яго вербавалі спецслужбы25

Ізраіль нанёс удары па Емене «пасля дзевяці месяцаў бесперапынных нападаў»8

Зорка тыктоку Ліза Ветрава закрывае свой папулярны блог пра беларускую мову18

«Будзе адбывацца вымушаны, але ўсё большы паварот у бок Расіі». Сацыёлаг пра ўплыў новых санкцый на настроі беларусаў63

Рэдактар глыбоцкай раёнкі напісаў пра смецце ў горадзе, а пасля зразумеў, што падыгрывае «ворагам»14

«Яны кругласутачна стаяць?» На Нямізе людзі выстраіліся ў аграмезную чаргу — вось навошта ВІДЭА20

Кіеў атакаваў нейкі таямнічы дрон-камікадзэ. Што за ён?1

Былая беларуская спартсменка ўжо другі раз за жыццё памяняла спартыўнае грамадзянства9

Былы палітвязень спаліў свой беларускі пашпарт ВІДЭА22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памочнік гендырэктара мазырскага НПЗ памёр на працы. Нядаўна яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмізму2

Памочнік гендырэктара мазырскага НПЗ памёр на працы. Нядаўна яго абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмізму

Галоўнае
Усе навіны →