Лукашэнка паспяшаў павіншаваць Мадуру з перамогай на выбарах прэзідэнта Венесуэлы

Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і ад імя беларускага народа павіншаваў Нікаласа Мадуру з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах, піша ягоная прэс-службе.

29.07.2024 / 09:58

Аляксандр Лукашэнка і Нікалас Мадура, 2013 год 

«Жыхары вашай краіны такім чынам падтрымалі курс на пабудову сучаснай і незалежнай дзяржавы, у якой народ можа самастойна вызначаць свой лёс. У вельмі няпростых умовах венесуэльскаму ўраду ўдалося выйсці на паступальнае аднаўленне эканомікі і павышэнне ўзроўню жыцця звычайных грамадзян. Цвёрдую пазіцыю афіцыйнага Каракаса добра чутно на ўсіх міжнародных пляцоўках», — гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка выказаў спадзеў, што да канца года ён з Мадурам зможа сустрэцца, каб «прадметна абмеркаваць стан выканання нашых дамоўленасцей». 

Лукашэнка пажадаў Нікаласу Мадуру выдатнага здароўя і невычэрпнай энергіі для рэалізацыі ўсіх планаў па будаўніцтву моцнай і квітнеючай Венесуэлы.

Лідары іншых краін свету ўжо заявілі, што не прызнаюць афіцыйныя вынікі выбараў. Прэзідэнт Аргенціны Мілей заклікаў армію Венесуэлы абараніць дэмакратыю і волю народа. 

Nashaniva.com