Важныя змены для беларусаў Польшчы: праязны дакумент прызналі эквівалентам пашпарта
Цэнтр беларускай салідарнасці ў Варшаве адправіў запыт у польскае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі адносна таго, які статус мае польскі праязны дакумент. Яго вымушаныя атрымліваць многія беларусы, у якіх канчаецца тэрмін беларускага пашпарта, а атрымаць новы магчымасці няма.
29.07.2024 / 20:53
Згодна з інтэрпрэтацыяй МУС, змешчанай у дакуменце, атрыманым кіраўніцай аддзела прававой дапамогі ЦБС Вольгай Дабравольскай,
польскі праязны дакумент для замежніка з'яўляецца эквівалентам пашпарта, выдадзенага польскім грамадзянам. Гэты дакумент можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацвярджэння асобы яго ўладальніка.
Таксама ў сваёй інтэрпрэтацыі МУС адзначыла, што
пры падачы заявы на часовы або пастаянны дазвол на жыхарства, а таксама дазвол на жыхарства доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС іншаземец можа падаваць дзейны польскі праязны дакумент, калі ў яго няма магчымасці падаць свой беларускі пашпарт ці іншы праязны дакумент.
Такім чынам, беларусы могуць карыстацца польскім праязным дакументам у якасці дакумента, які пацвярджае іх асобу:
- у адміністрацыйных органах;
- банках;
- пры перасячэнні мяжы;
- у іншых выпадках, калі неабходна засведчыць іх асобу.
ЦБС падкрэслівае, што інтэрпрэтацыя, выкладзеная ў дакуменце — важны аргумент у спрэчных сітуацыях, і гэта мае істотнае значэнне для грамадзян Беларусі ў Польшчы. Тым самым моцна спрашчаецца жыццё многім беларусам у Польшчы, якія не могуць атрымаць або замяніць беларускі пашпарт.
Польшча працягнула спрошчаны парадак выдачы беларусам праязнога дакумента іншаземца
Польскі праязны дакумент на спрошчаных умовах беларусы змогуць атрымаць да канца года
Беларусам даводзіцца начаваць на вуліцы, каб падацца на міжнародную абарону — хто вінаваты?
Праязны дакумент для іншаземцаў у Польшчы неўзабаве могуць выдаваць на тры гады