Упраўленне па справах іншаземцаў, Варшава

Упраўленне па справах іншаземцаў, Варшава

Праблемы з заменай пашпартоў за мяжой цяпер актуальныя не толькі для беларусаў: так, у красавіку стала вядома, што ўкраінцы прызыўнога ўзросту таксама не змогуць замяніць галоўны дакумент у консульствах за мяжой. У выніку колькасць людзей, якія падаюцца на міжнародную абарону, напрыклад, у Польшчы вырасла на 65% у параўнанні з тым жа перыядам за мінулы год.

«Нашай Ніве» стала вядома, што некаторым беларусам прыходзілася ночыць пад брамай, каб паспець падаць дакументы. На гэтым фоне актывізаваліся так званыя памагатыя — не столькі жадаючыя дапамагчы, колькі зарабіць на тых, хто знаходзіцца ва ўразлівым становішчы.

«Лысыя, вялікія мужчыны блакуюць браму»

У рэдакцыю паступіла адразу некалькі сігналаў пра праблемы з чэргамі ва Упраўленні па справах іншаземцаў у Варшаве па адрасе Табаровая (Taborowa), 33.

Алесь (імёны і дакладныя даты падачы дакументаў суразмоўцаў змененыя ў мэтах бяспекі) прыйшоў падавацца на міжнародную ахову ў Варшаве пры канцы мая.

«Першы дзень я быў там у 5:20 раніцы і ўжо адзінаццатым па ліку, здаецца. Прасядзеў да 14-й, у выніку мяне не прынялі. На наступны дзень я таксама прыйшоў у такі ж час, прабыў да першай гадзіны — сітуацыя выйшла падобная: пад абед супрацоўнікі выйшлі і сказалі, што больш людзей прыняць не паспеюць, мяне ў тым ліку. Усё гэта адбывалася ў тым ліку таму, што там працавалі людзі, якія прадавалі чаргу.

Выглядае так: ты прыходзіш уранку, займаеш жывую чаргу, і ты нібыта восьмы па ліку. А потым перад запускам у будынак з’яўляецца група людзей, за якіх занялі чаргу так званыя пасярэднікі — і вось ты ўжо рэзка робішся васямнаццаты».

Прааналізаваўшы сітуацыю, Алесь вырашыў займаць чаргу на новы дзень з ночы папярэдняга. 

«Я прыехаў туды ў 12 ночы, але ў выніку ўсё роўна аказаўся чацвёртым, бо там у машынах сядзелі-спалі людзі, якія трымалі чаргу для іншых.

Я лічу, што гэта несправядліва, бо я стаяў да раніцы каля брамы, ля самога ўваходу, і я там быў адзін, а тыя людзі з камфортам чакалі пачатку працоўнага дня ў аўто. Пры чым, калі нас пачалі ў восем раніцы запускаць, я з чацвёртага стаў ужо восьмым: жанчына перада мной казала, што з ёй толькі адна асоба, а ў рэальнасці ад яе зайшла цэлая група».

Алесь кажа, што паведаміў пра так званы продаж месцаў у чарзе супрацоўнікам упраўлення, але асаблівай цікавасці яны не праявілі. «Мне здаецца, раз гэта не пра іх грамадзянаў ідзе гаворка, яны таму і заплюшчваюць вочы».

Падобную сітуацыю апісвае яшчэ адна беларуска, якая нядаўна падавалася на міжнародную ахову.

Дзяўчына расказвае, што змагла падаць дакументы толькі на другі дзень:

«У першы мы прыехалі ў 6:20 раніцы, талон я атрымала на 22-гі нумар. Я правяла там паўдня, і потым мяне выклікалі ў асобнае акенца, папярэдзіўшы, што я не паспею, сказалі прыходзіць у іншы дзень».

На заўтра дзяўчыне брат заняў чаргу ў 4:30 раніцы, сама яна прыйшла падчас адкрыцця ўстановы і ўбачыла наступную карціну:

«Мы стаім, чакаем адкрыцця ў сваёй чарзе, і раптам падыходзіць натоўп людзей да каліткі. Мы ім кажам: «Вас тут не стаяла, што вы робіце?» На што яны ў адказ проста загаворвалі зубы і казалі: «Нам тут занялі чаргу». І потым прыходзяць нейкія мужчыны — лысыя, вялікія, і кажуць, што гэта нашы кліенты, мы іх рэпрэзентуем. І па выніку, а 8-й раніцы яны заблакавалі браму будынка спінамі і не пускалі астатніх, пакуль не зайшлі іх людзі». 

У той дзень суразмоўцы дастаўся талон з нумарам дзевяць, і яна была адной з апошніх, хто паспеў падаць дакументы, пакінуўшы ўстанову пасля 17:00 вечара. 

Большая частка тых, хто заходзіў у будынак з прадстаўнікамі, па словах суразмоўцаў, былі ўкраінцамі. Але быў сярод іх і адзін беларус, з якім мы змаглі звязацца.

Віктар (імя змененае ў мэтах бяспекі) сам вырашыў заплаціць грошы «памагатым».

«У першы дзень я прыйшоў і зразумеў, што чаргу там прайсці нерэальна.

Паразмаўляў з людзьмі — многія тыдзень ходзяць і не могуць трапіць. Тады я сам падышоў да хлопцаў, якія, відавочна, нешта вырашаюць, бо кансультавалі іншых. У іх усё афармляецца дамовай на кансультацыю і прадстаўніцтва. Фармальна ніякіх праблем — у цябе будзе афіцыйны прадстаўнік, і яны сапраўды дапамагаюць з дакументамі. А фактычна хлопцы дапамогуць не толькі з афармленнем, але і з праходжаннем чаргі».

Васіль заплаціў сваім «прадстаўнікам» 1200 злотых (каля 300 даляраў).

«Я заплаціў наяўнымі проста нібыта за кансультацыю, без дамовы. Бо калі з дамовай — каштавала б больш, — тлумачыць мужчына. — Мне нават далі рахунак, але я яго выкінуў і не запомніў назву фірмы».

Інфармацыйны стэнд з нагадваннем, што звярнуцца па міжнародную абарону можна бясплатна.

Інфармацыйны стэнд з нагадваннем, што звярнуцца па міжнародную абарону можна бясплатна.

Адразу некалькі крыніц расказалі «Нашай Ніве», што адна з убачаных на месцы асоб вельмі падобная да экс-міліцыянера з Гродна Міхаіла Куцко. Яны ідэнтыфікавалі яго як «кіраўніка фірмы», што прапаноўвала ўсім паслугі каля будынка Упраўлення.

Куцко — былы оперупаўнаважаны аддзела па наркакантролі і супраціве гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Ленінскага РУУС горада Гродна. Працаваў у органах да таго моманту, пакуль не трапіў на тры гады за краты па абвінавачванні ў карупцыі. У інтэрв’ю «Белсату» ён сцвярджаў, што атрымаў тэрмін незаконна, у выніку правакацыі — нібыта гэта магла быць помста яму за выкрыццё каналу вярбоўкі ў «ДНР», да якога маглі быць датычныя вайскоўцы з в/ч 4121.

Міхаіл Куцко. Фота: @kancelaria_kutsko

Міхаіл Куцко. Фота: @kancelaria_kutsko

У 2020-м ён выйшаў з турмы, а ў разгар выбарчай кампаніі запісаў зварот да былых калег з заклікам «быць з народам». Пазней пераехаў у Польшчу, дзе стаў адным з членаў кампаніі Work Legalization UE, якая на старце рэгістрацыі ў якасці сваёй дзейнасці ўказвала будаўнічыя і аздобныя працы. Пазней жа фірма пераключылася на паслугі па легалізацыі ў краіне — ад атрымання віда на жыхарства да запуску ўласнага бізнэсу. Акрамя Міхаіла Куцко, сярод акцыянераў там фігуравалі Вікторыя Куцко і Яўген Якімчык.

Цана пытання — ад 300—500 даляраў і вышэй

Карэспандэнт «Нашай Нівы» вырашыў праверыць, як насамрэч працякае працэс падачы на міжнародную абарону і якія персанажы фігуруюць па вышэй згаданым адрасе.

У 7.20 раніцы панядзелка 3 чэрвеня каля брамы будынка ўжо было каля сямі чалавек. Новыя людзі падыходзілі па адным ці па двое-трое, калі сям'ёй, і займалі месца ў жывой чарзе па старадаўняй традыцыі — «Хто апошні?»

Пры гэтым насупраць, праз дарогу, быў прыпаркаваны аўтамабіль з украінскімі нумарамі. І яшчэ адзін — справа — з польскімі. Бліжэй да васьмі раніцы каля гэтых машын пачалі групавацца людзі, якімі, галоўным чынам, апекаваліся мужчына і жанчына — новенькія падпісвалі нейкія дакументы проста на капотах ці седзячы ў салоне.

Адна з жанчын у чарзе не хавала эмоцый: «Атрымаюць восем тысяч злотых (крыху больш за 2000 даляраў. — НН) за тое, што сталі тут у чатыры раніцы, зусім ах**лі. Хай толькі паспрабуюць яшчэ каго прывесці, я на іх шляху грудзямі стану і не сыду!»

Іншы з прысутных травіў байку, у якой яго знаёмы «кінуўся біць дапамагатым морду», даведаўшыся, што яны цягнуць з сабой кампанію з трох чалавек, якая ўзнікла з-пад зямлі перад самым адкрыццём установы.

Без пяці восем чарга выстройваецца пад брамай. Першыя ў ёй на ўваход — такі людзі з груп, якія купкаваліся ў машын з тэчкамі. Уваход грудзямі ім ніхто не перакрывае. Усяго ў чарзе каля 30 чалавек, што азначае толькі адно: сёння прымуць добра калі палову з іх.

З легендай разведкі для сяброўкі, якая хутка пераедзе ў Польшчу і збіраецца падавацца на міжнародную абарону, карэспандэнтка «НН» звярнулася да жанчыны-пасярэдніцы каля адной з машын з украінскімі нумарамі. Яна прадставілася Наталляй.

«Па жывой чарзе ваша сяброўка можа не паспець падацца. Мы сваім людзям, хто з намі супрацоўнічае, гарантуем траплянне. Яна можа з намі пасупрацоўнічаць, аформім усё і зробім. Хай скідвае пашпарт — дакументы падрыхтуем, і потым у 8 сустракаемся тут, і ўсё».

За дапамогу ў падачы дакументаў Наталля просіць дзве тысячы злотых (каля 500 даляраў). Яна адкрыта агучвае назву сваёй фірмы — A.N.LEGALIZATION. Кампанія распачала дзейнасць у сакавіку гэтага года і цяпер, па гарачых кроках наступстваў Закона аб мабілізацыі, галоўным чынам разлічаная на дапамогу ўкраінцам.

У сваім асабістым інстаграме ўласніца A.N.LEGALIZATION Наталля Адзіночанка хваліцца поспехамі ў шапцы профілю: «шлях ад прыбіральшчыцы да бізнэс-вумэн».

Куцко: «Мы самі змагаемся з гэтымі людзьмі»

У нейкі момант побач з Упраўленнем з'яўляецца мужчына сапраўды падобны да Міхаіла Куцко, але ён не набліжаецца да самога будынка ў гэты дзень — проста праходзіць міма, ацэньваючы абстаноўку, і знікае.

Мы вырашаем патэлефанаваць у кампанію, зарэгістраваную на Міхаіла, напрамую — па нумарах, указаных на сайце. Высвятляецца, што ў Work Legalization UE адбываюцца сур’ёзныя перамены. Падняўшы слухаўку, Яўген Якімчык скардзіцца, што былы партнёр Міхаіл Куцко «адціснуў бізнэс і сацыяльныя сеткі».

Што адметна, у мінулым годзе іх кампанія трапіла ў скандал, на які звярнуў увагу Цэнтр беларускай салідарнасці. Work Legalization UE бралі грошы за атрыманне міжнароднай абароны, з якой той жа ЦБС дапамагаў бясплатна, а таксама распаўсюджвалі інфу ў сваёй датычнасці да легалізацыі юрыстаў ЦБС, хаця тыя даўно мелі польскае грамадзянства.

Яшчэ адну дозу крытыкі Work Legalization UE атрымалі ад украінскіх медыя, якія звярнулі ўвагу на тое, што кампанія дапамагла ў легалізацыі ў Польшчы хлопцу з «ДНР».

Мабыць, адыход ад брэнда Work Legalization UE звязаны ў тым ліку з гэтымі скандаламі? У тэлефоннай размове Куцко патлумачыў разрыў адносін з Якімчыкам перш-наперш адсутнасцю ў апошняга юрыдычнай адукацыі і нежаданнем перавучвацца ў гэтым кірунку за мяжой. Плюс нібыта ранейшае існаванне ў межах суполкі з абмежаванай адказнасцю абмяжоўвала прадпрымальніку маштаб аказання прававых паслуг.

Так ці інакш, сёння былы міліцыянер працягвае сваю дзейнасць ужо ў межах новай юрасобы — канцылярыі свайго імя.

У размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» Куцко пацвердзіў, што дапамагае з працэсам падачы на міжнародную абарону, але заверыў, што робіць гэта элегантна:

«Калі ў мяне чатыры кліенты, то туды паедзе чатыры супрацоўнікі, каб заняць чаргу, таму не будзе ніякай несправядлівасці».

У несумленнасці Куцко абвінавачвае іншых памагатых, канкурэнтаў, якія не гуляюць па такіх правілах: «Мы самі змагаемся з гэтымі людзьмі».

Куцко сцвярджае, што «палітычным» яны могуць дапамагчы з дакументамі ў Польшчы бясплатна. Агулам жа цэны на іх паслугі розняцца ў залежнасці ад складанасці кейса.

«Проста «не хачу служыць» ці проста «баюся вяртацца ў краіну» будзе каля 12 300 злотых (~3 110$), з юрыдычнымі праблемамі — 15 тысяч (~3 800$). А самыя складаныя выпадкі — грамадзяне РФ — там ужо ідзе гаворка пра 25 тысяч злотых (~6 320$)».

«Пасярэднікі і чэргі пры падачы на міжнародную абарону — толькі маленькі кавалак праблемы»

Кіраўніца аддзела прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС), юрыстка Вольга Дабравольская адзначае, што недахопы ў працы з замежнікамі ў Польшчы маюць сістэмны характар.

«Пасярэднікі і чэргі пры падачы на міжнародную абарону — толькі маленькі кавалак праблемы. А яны ёсць і са зваротамі датычна польскіх праязных дакументаў і проста ва ўжондах (мясцовая назва адміністрацый, дзе вырашаюцца розныя пытанні — ад рэгістрацыі да прысваення асабістага нумару.НН). У Ніжнесілезскім ужондзе (ва Уроцлаве. — НН) знайшлі вялікую колькасць парушэнняў па выніках аўдытаў, але ўсё, што яны могуць там сказаць: ну, дайце нам тады яшчэ працаўнікоў.

Каб вырашыць праблему на глабальным узроўні, міграцыйныя ўстановы трэба дафінансаваць. Але вельмі непапулярна сярод палітыкаў прапагандаваць дафінансаванне і спрашчэнне працэдур для іншаземцаў — гэта ж усё на падаткі палякаў. Хутчэй папулярнымі будуць праграмы на абмежаванне прыезду замежнікаў».

Вольга Дабравольская, фота: @dobrowolska_lawyer

Вольга Дабравольская, фота: @dobrowolska_lawyer

Юрыстка адзначае, што пра складанасці трапляння ў дзяржустановы і пасярэднікаў, якія на гэтым нажываюцца, ведаюць і ў Міністэрстве ўнутраных спраў, і ў памежнай службе, і ва ўпраўленні па справах іншаземцаў — ЦБС рэгулярна даносіць ім сігналы пра парушэнні правоў.

«Адказы, якія нам прыходзілі ад служб, куды мы звярталіся — «мы нічога не можам зрабіць, людзі ж маюць права працаваць з пасярэднікамі, афармляць іх як давераных асоб па законе». Але я лічу, што пры жаданні паўплываць на сітуацыю можна.

У самім Упраўленні па справах іншаземцаў нам расказвалі, што пасярэднікі, калі ў чалавека няма грошай на іх паслугі, забіраюць іх з сацыяльнай дапамогі, якую афармляюць на свой адрас. То-бок, ва ўпраўлення нават ёсць адрасы, кантакты тых людзей. Ці вось яшчэ момант, на які мы звярталі ўвагу пасля маніторынгу ЦБС: ва Упраўленні па справах іншаземцаў на вуліцы Taborowa, 33 людзей часам пачынаюць апытваць наўпрост у калідоры: то-бок, чалавек расказвае, чаму ён звяртаецца па міжнародную ахову знаходзячыся сярод іншых іншаземцаў і тых самых пасярэднікаў. І невядома, ці не працуе нехта з іх на спецслужбы».

Безумоўна, цяпер сітуацыя абвастрылася з новай хваляй грамадзян Украіны, якія падаюцца на міжнародную абарону. І рэсурсаў дзяржслужбаў проста не хапае, каб прыняць усіх ахвотных.

Так, па інфармацыі ЦБС, калі за амаль чатыры гады беларусы атрымалі каля 10 тысяч пазітыўных рашэнняў па міжнароднай ахове, то лічбы па ўкраінцах такія, што толькі за чатыры месяцы яны падалі 10 тысяч заяваў.

Якія захады зрабіць, каб скараціць час чакання пры падачы дакументаў на міжнародную ахову ў Польшчы?

Па-першае, не забываць, што пляцоўка ў Варшаве па адрасе Taborowa, 33 — не адзінае месца, дзе можна падаць заяву — зрабіць гэта можна ў кожным пункце памежнай службы. Напрыклад, паехаць у той жа аэрапорт Модлін.

Па-другое, пры наяўнасці часу на чаканне адказу, вы можаце скласці дэкларацыю аб падачы заявы праз Profil zaufany (дзяржаўны электронны подпіс) або накіраваць яе лістом. У адказ памежная служба дашле інфармацыю з канкрэтным часам візіту — на месцы гэта не выратуе ад чэргаў, але з прызначаным часам там будуць абавязаныя вас прыняць.

Дэкларацыю можна папрасіць падаць і адразу на месцы, калі вам паведамляюць, што да вас сёння чарга не дойдзе.

«Патрабуйце прызначыць вам тэрмін для будучай падачы дакументаў, нават калі вам кажуць, што яны яго не прызначаюць. Калі памежная служба не можа прыняць заяву адразу, то яны абавязаныя праінфармаваць пра дакладную гадзіну і месца, калі гэтую заяву прымуць, а таксама занесці гэтую інфармацыю ў пратакол», — адзначае Вольга Дабравольская.

Вырашыць праблему на глабальным узроўні, на меркаванне юрысткі, дапаможа толькі калектыўнае змаганне за свае правы:

«Калі чалавек фіксуе, што да яго звяртаецца пасярэднік і прапануе нешта не паводле права — напрыклад, набыць квіток за чаргу, ён можа выклікаць паліцыю. Чалавек таксама можа напісаць індывідуальную скаргу на каменданта памежнай службы, на імя шэфа Упраўлення па справах іншаземцаў плюс у кантрольны наглядны орган — МУС. На наступным узроўні павінна пачацца больш актыўная праца па асвятленні сітуацыі сярод актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў. Чым больш будзе скаргаў з канкрэтнымі кейсамі, імёнамі, апісаннем сітуацыі, тым больш у нас магчымасці тут нечага дасягнуць».

Што кажуць ва Упраўленні па справах іншаземцаў

Ва Упраўленні па справах іншаземцаў «Нашай Ніве» паведамілі, што ўжо прынялі адну з прэвентыўных мер, якая як мінімум дазваляе кантраляваць чаргу ўнутры будынка.

«Нумаркі людзям выдае супрацоўнік Упраўлення, якому дапамагае афіцэр памежнай службы. Адзін чалавек можа атрымаць выключна адзін квіток у рукі, каб не злоўжываць чаргой», — адзначае Якуб Дудзяк, прэс-сакратар Упраўлення.

Пры гэтым Дудзяк звяртае ўвагу, што нагрузка на дзяржаўныя органы, якія займаюцца замежнікамі, апошнім часам моцна вырасла.

«З пачатку гэтага года заўважна павялічылася колькасць заяў на міжнародную абарону ў Польшчы. Напрыклад, у студзені такія заявы падалі менш за 900 замежнікаў, а ў маі — 1,6 тысяч. Усяго ж за першыя пяць месяцаў гэтага года заявы на атрыманне статусу ўцекача падалі 5,8 тысяч замежнікаў — прыкладна на 65% больш, чым за той жа перыяд у 2023 годзе».

Таксама «Наша Ніва» накіравала свае пытанні па магчымым рэгуляванні праблемы з чэргамі Томашу Цытрыновічу, кіраўніку Упраўлення па справах іншаземцаў, у памежную службу і ў профільнае аддзяленне МУС. Як толькі там адкажуць на нашы запыты, мы апублікуем іх адказы асобна.

Чытайце таксама:

У Польшчы затрымалі беларуса, які арганізаваў нелегальны прыезд у краіну 2 тысячам мігрантаў. Яму пагражае 15 гадоў

«Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі». Герой расследавання пра пашпарт Новай Беларусі расказвае сваю версію падзей

Да падпалаў у польскіх гандлёвых цэнтрах датычны імаверны зяць беларускага дыпламата

Клас
9
Панылы сорам
17
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
23