Прэзідэнцкая гонка ў ЗША радыкальна падзяліла маладых жанчын і мужчын. У каго якія прыярытэты?

У той час, як маладыя жанчыны падтрымліваюць дэмакратаў, іх равеснікі-мужчыны выказваюць падтрымку Дональду Трампу, што з'яўляецца рэзкім разваротам у параўнанні з перадвыбарчай гонкай 2020 года. У чым прычына?

30.07.2024 / 10:16

Калаж: Andrew Harnik, Bill Pugliano / Getty Images

Аб беспрэцэдэнтным расколе сярод моладзі да 30 гадоў піша The Wall Street Journal. У лютым і ліпені 2024 года выданне апытала выбарцаў (500 і 250 чалавек) ва ўзросце да 30 гадоў па шэрагу актуальных для амерыканскага грамадства пытанняў і параўнала вынікі з апытаннем AP VoteCast, праведзеным напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Выданне адзначае, што выбарцы ва ўзросце да 30 гадоў былі апорай Дэмакратычнай партыі як мінімум з моманту заканчэння прэзідэнцтва Рональда Рэйгана ў 1989 годзе. Але цяпер гэтая група глыбока падзелена па гендарнай прыкмеце. Апытанне паказала, што большасць маладых мужчын выступае за перамогу рэспубліканцаў, у той час як маладыя жанчыны застаюцца прыхільніцамі дэмакратаў.

Істотнае разыходжанне ў поглядах

Параўнанне вынікаў апытання 2020 года і апытанняў 2024 года сведчыць, што маладыя мужчыны ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў за чатыры гады цалкам змянілі свае палітычныя сімпатыі. Цяпер кожны другі (50%) падтрымлівае Дональда Трампа, у той час як за дэмакратаў выказваецца 36%.

Калі гаварыць пра жанчын, то заўважна зніжэнне абсалютнай падтрымкі імі абодвух канкурэнтаў. Але пры гэтым суадносіны засталіся практычны без зменаў. У падтрымку дэмакратаў цяпер выказваюцца 60% жанчын.

Калі гаварыць пра стаўленне да асноўных праблем, якія турбуюць амерыканцаў, то вынікі апытанняў 2024 года паказалі істотнае разыходжанне ў пазіцыі маладых мужчын і жанчын.

Так, мужчыны ў адрозненне ад жанчын значна менш выступаюць за тэрміновыя дзеянні, накіраваныя на прадухіленне зменаў клімату (адпаведна 32% і 67%). Іх таксама менш турбуюць палітычныя дэбаты аб легалізацыі абортаў (гэта хвалюе 53% жанчын і 16% мужчын). 

Значнае разыходжанне паміж дзвюма групамі назіраецца адносна пытання гендарнай ідэнтычнасці. Кожная другая маладая жанчына (52%) выступае за тое, каб дазволіць дзецям ва ўзросце да 18 гадоў выбіраць сваю гендарную ідэнтычнасць без згоды бацькоў. У той час, як два з трох мужчын (67%) выказваюцца супраць.

Сярод маладых мужчын значна больш прыхільнікаў працягу палітыкі, накіраванай на зніжэнне падаткаў. А сярод жанчын — тых, хто выступае супраць будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай.

У чым прычына?

Wall Street Journal адзначае, што гэты беспрэцэдэнтны раскол азначае сабой кульмінацыю шматгадовага змагання за разнастайнасць, справядлівасць і інклюзіўнасць, якое падтрымліваюць дэмакраты.

Некаторыя мужчыны сцвярджаюць, што страцілі эканамічны, культурны і палітычны ўплыў з-за акцэнту на роўнасць і разнастайнасць. Яны лічаць, што ўвага да гэтых пытанняў прывяла да зніжэння іх ролі і магчымасцей у грамадстве.

Іншыя выказваюць незадаволенасць фемінісцкімі і прагрэсіўнымі поглядамі, якія, на іх думку, дамінуюць ва ўніверсітэтах, індустрыі забаў і на многіх працоўных месцах.

Многія маладыя мужчыны адчуваюць сябе пакінутымі дэмакратамі і лічаць, што рэспубліканскія палітыкі звяртаюцца да іх напрамую. Адміністрацыя Байдэна засяродзілася на палітычных зваротах да жанчын, нябелых людзей («people of color») і іншых выбарцах дэмакратаў.

Выданне заўважае, што некаторыя апытаныя мужчыны заявілі, што баяцца крытыкі з боку жанчын і выказваюць сваё абурэнне толькі сам-насам і з іншымі мужчынамі. Некаторыя сказалі, што хаваюць свае кансерватыўныя погляды, бо знаёмыя жанчыны заявілі, што не будуць сустракацца з мужчынамі правых поглядаў.

Цяпер пытанне ў тым, ці зможа кандыдат ад дэмакратаў Камала Харыс вярнуць падтрымку маладых мужчын ці яшчэ больш адштурхне іх.

Чаму моладзь замяняе свечкі на тортах запалкамі

Дзе тусіць лукашэнкаўская моладзь? П’е ў «Лебядзіным», адпачывае ў Парыжы і Мілане 

Хто б чакаў такіх тэндэнцый? Большасць моладзі кладзецца спаць а 9-й вечара, спіць дзевяць гадзін

Антось Жупран