Беларускамоўная ябацька паскардзілася, што прапаганда штурхае беларускамоўных прыхільнікаў Лукашэнкі да экстрэмістаў

Беларускамоўная блогерка Зоя Серада, прыхільніца рэжыму Лукашэнкі, пажалілася ў тэлеграм-канале, што беларускамоўным ябацькам няма куды падзецца, акрамя як ісці да экстрэмістаў — дзяржаўная прапаганда не дае ім ані падтрымкі, ані альтэрнатывы.

30.07.2024 / 15:09

 

«На мой погляд, калі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, то прапагандзе лагічна было б будаваць сваю рыторыку менавіта на тэме двухмоўя. Па факце, абсалютная большасць грамадзян у нас не рускамоўныя або беларускамоўныя, а менавіта білінгвы.

Вось і трымацца трэба гэтай зʼявы, і падтрымліваць упэўненасць, што нас нельга падзяліць па моўнай прыкмеце, бо гэта як раздзяліць дзіця паміж маткай і бацькам напалам.

Можна ж перадачы здымаць, дзе вядуцца размовы на дзвюх мовах, можна рэсурсы весці на дзвюх мовах, тлумачыць людзям, што беларусы павінны ў аднолькавай меры не толькі разумець, але і гаварыць на абедзвюх дзяржаўных мовах, гэта правільна і нармальна будзе», — лічыць Зоя Серада.

Але што бачаць беларускамоўныя прыхільнікі Лукашэнкі? 

«Галоўны прапагандыст з тэлевізара называе беларускую мову змагарскай, журналіст піша пост пра тое, што яму патрэбна толькі рускамоўная аўдыторыя, у раённых газетах усё менш і менш беларускай мовы, яна знікае і з беларускамоўных каналаў паціху…

Ну і чаго вы тады абураецеся, што людзі экстрэмістаў і іншагентаў слухаюць? А альтэрнатыва ёсць? Я вось канал вяду і паверце, пошук беларускамоўнага кантэнту амаль заўсёды туды і вядзе, да экстрэмістаў.

І хто вінаваты?» — задаецца пытаннем Серада.

У тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча не засталося беларускіх твораў

Мілінкевіч пра свае дыялогі з Макеем: Ён адназначна быў за незалежнасць і беларускасць

«Ніколі не разумела, дзе заканчваецца ўкраінская мова і пачынаецца беларуская». Журналістка расказала пра свой шлях да беларускасці

Nashaniva.com