«Са мной усё проста і бясплатна». Адшукалі беларусаў, якія, як Дураў, хочуць дзяліцца спермай і пакідаць шмат нашчадкаў
Гісторыя пра тое, што Павел Дураў быў донарам спермы і мае больш за 100 дзяцей, шмат каго ўразіла. «Наша Ніва» паглядзела, ці існуюць такія валанцёры ў Беларусі (спойлер: іх хапае), а таксама высветліла, колькі ж беларус можа зарабіць на сваім біялагічным матэрыяле.
01.08.2024 / 17:45
Пачнём з платных варыянтаў. Першае, што прапаноўвае гугл, — клініка «Ева». Здаць сваю сперму тут могуць мужчыны ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Патэнцыйнаму донару неабходна не толькі прынесці выпіскі ад розных дактароў і прайсці медыцынскае абследаванне, але і паказаць даведку з МУС аб адсутнасці судзімасці. Пазначана, што максімальна магчымая сума ўзнагароджання — 500 рублёў.
У РНПЦ «Маці і дзіця» гатовы браць донарамі спермы мужчын да 40 гадоў. І даведку з МУС тут не просяць. Памер узнагароджання за мужчынскія палавыя клеткі тут аналагічны — да 500 рублёў.
Па запыце «стаць донарам спермы Мінск» гугл прапаноўвае сайт мужчыны з Мінска, які гатовы падзяліцца сваім біялагічным матэрыялам бясплатна.
Дзяніс. Фота: sperdonor.by
Мужчыну завуць Дзяніс, і ён піша пра тое, што чалавек у гэтым жыцці можа выдзяліцца двума спосабамі: «Першы — гэта ўпісаць сябе ў гісторыю. Для гэтага трэба нарадзіцца вялікім навукоўцам, пісьменнікам, акцёрам ці паэтам. Большасці людзей па плячы другі спосаб. Проста пакінуць нашчадкаў».
У якасці прыкладу ён прыводзіць Валянціну Храмых з вёскі Знаменскае Ліпецкай вобласці Расіі, якая нарадзіла дванаццаць сыноў і восем дачок.
Дзяніс сцвярджае, што, каб спазнаць матчынае шчасце, усе сродкі добрыя: «Па статыстыцы 40% людзей не знаходзяць каханне ў сваім жыцці, але гэта не значыць, што трэба ставіць крыж на функцыі працягу роду. Гэта важны праект у жыцці кожнага чалавека, і ўсе да гэтага прыйдуць, як кажуць, саспеюць. Можна, канешне, звярнуцца ў спецыялізаваную медыцынскую ўстанову, але там абслугоўваюць людзей, якія знаходзяцца ў афіцыйных адносінах, і гэта дорага. Са мной усё нашмат прасцей і бясплатна».
А вось як мужчына ўяўляе сабе магчымы варыянт донарскай дапамогі: «Прыязджаю ў ваш горад падчас авуляцыі і засяляюся ў гатэлі. Сустракаемся ў нумары і камунікуем. Асабісты кантакт вельмі важны ў гэтым пытанні. Калі ўсіх усё задавальняе, то прыступаем да дзеянняў. Вы выходзіце ў калідор і чакаеце каля 10 хвілін, у гэты час я здабываю матэрыял. Потым запрашаю ў нумар і вы ўводзіце яго ў сябе. Гэта трэба зрабіць як мага хутчэй, пакуль матэрыял цёплы. Раніцай мы паўтараем працэдуру».
Скрыншот сайта sperdonor.by
На сайце Дзяніс сцвярджае, што мае трох сваіх дзяцей — нават ёсць асобная ўкладка «Мае дзеці», але два з трох фота ўзяты з інтэрнэту.
Журналістка «Нашай Нівы» звязалася з Дзянісам пад выглядам жанчыны, якая шукае донара спермы. Ён пацвердзіў, што, пакуль ягоны сайт існуе ў інтэрнэце, прапанова актуальная. Таксама мужчына запэўніў, што донарам ён гатовы быць на валанцёрскай аснове.
Скрыншот камунікацыі з Дзянісам
Дзянісу 40 гадоў. Кажучы пра матывацыю рашэння дзяліцца біялагічным матэрыялам, ён растлумачыў, што быў жанаты, але шлюб не па яго ініцыятыве распаўся. У шлюбе ў Дзяніса дзяцей не было, бо ён іх не хацеў. А пасля разводу вырашыў выправіць сітуацыю. І цяпер, як сцвярджае мужчына, у яго як у донара ёсць ужо тры дзіцяці.
На цалкам лагічнае пытанне, ці не баіцца ён, што нейкая жанчына пасля таго, як зацяжарыць ад яго, пачне патрабаваць аліменты на дзіця, Дзяніс адказаў:
— Я не супраць аліментаў. Аліменты — гэта самае малое, што мужчына можа даць дзіцяці. Жанчына ў першую чаргу нараджае для сябе. Ад аліментаў яшчэ ніхто не паднімаўся.
Колькі ж усяго дзяцей ён хоча зачаць, Дзяніс пакуль не вырашыў.
Скрыншот камунікацыі з Дзянісам
Ва «УКантакце» існуе суполка «Донары спермы Мінск». Там таксама можна паспрабаваць знайсці таго, хто падзеліцца сваім біялагічным матэрыялам.
Ёсць мужчыны з розных гарадоў Беларусі. Вось, напрыклад: «Магу стаць донарам спермы, любыя праверкі, хлопец 23 гады, рост 200, вага 95, сімпатычны, няма праблем са здароўем, займаюся спортам гадоў 5, алкаголь не ўжываю наогул, са шкодных звычак вэйп і тое рэдка. Дзяцей няма. Пісаць у любы час. Брэст. Гатовы прыехаць у іншы горад на некалькі дзён (графік працы сам сабе вызначаю)».
Скрыншот з суполкі ва «УКантакце» «Донары спермы Мінск»
Адзін з донараў, расказваючы пра сябе, паведамляе: «Адчуваю, як з 23 гадоў хачу дзяцей і НЕ хачу быць мужам ці сем'янінам у звыклым разуменні. Хачу пакінуць пасля сябе як мага больш здаровых усвядомленых дзяцей (ужо ёсць)». Ён жа піша, што для яго галоўная аплата — гэта абмен энергіяй.
Донараў спермы, якія падыходзяць да пытання сур'ёзна, відаць адразу. Яны і вынікі аналізаў выкладваюць на сваіх старонках, і імкнуцца ўразіць патэнцыйную маці фактамі са свайго жыцця. Вось, напрыклад: «У мінулым актыўна займаўся: шашлыкі, спартыўная гімнастыка, паркур, аўтагонкі. Маральна і фізічна моцны». Уменне рабіць шашлыкі — гэта, вядома, важкі аргумент для зачацця.
Скрыншот з суполкі ва «УКантакце» «Донары спермы Мінск»
Цікава, што некаторыя донары лічаць важным падкрэсліць, што ахрышчаны ў праваслаўі. І шмат хто робіць акцэнт на тым, што «заўсёды адчуваў цягу толькі да жанчын». Пры гэтым, мужчыны пішуць, што гатовы дапамагчы «стаць мамай і татам ці мамай і мамай».
Ёсць у суполцы і варыянты для беларусак у Еўропе. Адзін з донараў піша, што мае візу і часта бывае ў Еўрасаюзе, таму гатовы там сустрэцца і абмеркаваць пытанне.
Скрыншот з суполкі ва «УКантакце» «Донары спермы Мінск»
Але, імаверна, найбольш сур’ёзна ўсё ж настроены той донар, які для аватара сфатаграфаваўся з дыпломам у руках на фоне чырвона-зялёнага сцяга ў Акадэміі кіравання.
Сярод энтузіястаў, якія прапануюць беларускам свой біялагічны матэрыял, хапае і мужчын з Расіі. Напрыклад, Барыс з Навасібірска (між іншым, фанат вайны і ідэалогіі рускага нацыянальнага адзінства) з энтузіязмам абяцае бясплатна дапамагчы адчуць шчасце мацярынства любым метадам. Сваю дзейнасць мужчына называе донарскай місіяй. Піша, што часцей за ўсё жанчыны нараджаюць ад яго дзяўчынак.
Да рэкламы самога сябе Барыс падышоў з усёй адказнасцю: «Першапачаткова прытрымліваюся здаровага ладу жыцця, супраць вакцынацыі, донар крыві. У родзе доўгажыхары. Выглядаю на 10-15 гадоў маладзейшым. Вышэйшая тэхнічная адукацыя з адзнакай. Гарманічна развітая асоба. Рускае дваранскае паходжанне. Займаюся фізічнай культурай і дыеталогіяй».
Скрыншот з суполкі ва «УКантакце» «Донары спермы Мінск»
Барыс запэўнівае, што гатовы прыехаць у любы горад ці вёску. Журналістка «Нашай Нівы» пацікавілася ў яго, ці прыляціць ён са свайго Навасібірска ў сталіцу Беларусі. Выканаўца донарскай місіі адказаў, што з радасцю прыедзе і дапаможа зачаць дзіця.
Яшчэ адно месца збору донараў-валанцёраў — спецыяльны сайт для знаёмстваў дзеля зачацця «Дзіцяці быць», дзе хапае анкет беларусаў. Пра яго «Наша Ніва» пісала раней.
Павел Дураў заявіў, што быў донарам спермы і цяпер мае сотню дзяцей
Самая маладая шматдзетная маці Беларусі распавяла, ці плануе нараджаць яшчэ