«Пачуццю гумару і прыгажосці дзіцяці будуць зайздросціць вашы сяброўкі і чужыя дзеці». Як я шукала донара, каб зацяжарыць
На адмысловым сайце аўтарка «Нашай Нівы» зарэгістравалася дзеля эксперыменту. І не чакала, што ёй напіша столькі мужчын. Але па парадку.
У інтэрнэце даўно існуе спецыяльны сайт для знаёмстваў дзеля зачацця «Дзіцяці быць». Ён прапаноўвае такую канцэпцыю: пошук партнёра або партнёркі — абмеркаванне ўсіх аспектаў будучых адносін — абследаванне і кансультацыя ў клініцы — планаванне і нараджэнне дзіцяці.
Калі запаўняеш анкету, трэба пазначыць, што менавіта ты шукаеш на сайце: проста донара спермы, чалавека для сумеснага бацькоўства (гэта значыць, што біялагічны бацька будзе браць удзел у жыцці дзіцяці) або мужчыну, які апроч усяго іншага гатовы заключыць і афіцыйны шлюб.
Анкет беларускіх мужчын на сайце больш за сотню.
Рэгіструюся.
«Пачуццю гумару, прыгажосці і кемлівасці дзіцяці будуць зайздросціць вашыя сяброўкі і чужыя дзеці»
Асобныя анкеты здзіўляюць сваёй наіўнасцю: напрыклад, 61-гадовы мужчына (у анкеце пазначана, што дзяцей у яго няма) піша, што марыць дапамагчы прыгожай маладой дзяўчыне зацяжарыць толькі натуральным шляхам.
Нехта падыходзіць да самарэкламы максімальна па-дзелавому: «Давайце супрацоўнічаць. Магчымы выезд у рэгіёны». Хтосьці спрабуе крэатывіць (часам дзіўна): «Пачуццю гумару, прыгажосці і кемлівасці дзіцяці будуць зайздросціць вашы сяброўкі і чужыя дзеці». А нехта чамусьці посціць статусы з VK, якія былі папулярнымі гадоў з 10-15 назад: «Для кагосьці дзве палоскі — гэта жах. А для кагосьці — мара…»
Хапае тых, хто адразу ў анкеце тлумачыць сваю матывацыю падзяліцца біялагічным матэрыялам.
Напрыклад, Ф. піша, што ажаніўся з жанчынай з дзіцём, выхоўвае дзяўчынку як сваю дачку, але ўсё адно хоча мець роднае дзіця (разглядае толькі варыянт сумеснага бацькоўства).
М. — гей, таму прапануе пасябраваць дзеля агульнага дзіцяці: «Можа быць, добры сябар лепш, чым проста мужык у хаце? А каханне і іншае заўсёды можна знайсці дадаткова».
Б. адразу інфармуе, што ў разводзе і ўжо мае двух дзяцей: «Хачу пакінуць пасля сябе больш дзяцей, магу іх забяспечыць. Але без стварэння сям'і. Я люблю самотнасць, адсутнасць шуму і абсалютную свабоду дзеянняў, свой гнуткі графік. І ўсё гэта зусім не вяжацца з сямейным жыццём».
А. таксама ў разводзе, мае двух дзяцей, але жадае мець болей. Кажа, што яму падабаецца бавіць час з дзецьмі і чамусьці іх навучаць. Сумеснае бацькоўства яму здаецца ідэальным варыянтам. Пазначае: «Палюбоўніцу дакладна не шукаю, таму знешнія даныя не маюць значэння».
В. жыве разам з былой жонкай, каб быць побач са сваімі дзецьмі, але хоча яшчэ раз стаць бацькам. Былая жонка дапамагаць у гэтым пытанні не жадае.
А Н. адразу пазначае, што мае жонку ды двух дзяцей і шукае жанчыну, якая захоча стаць яго другой жонкай і будзе добра ставіцца да яго дзетак (і народзіць яшчэ).
Р. яшчэ ў анкеце пачынае з прэтэнзій: «Жанчыны! Ніхто не будзе сядзець на гэтым сайце, маючы вынікі аналізаў. Калі спатрэбіцца, тады і пайду ў клініку» (спойлер: потым шмат мужчын будуць прапаноўваць даслаць мне свае аналізы).
У. паставіў на аватар фота маленькай дзяўчынкі — здаецца, сваёй дачкі. Мабыць, думае, што гэта для яго добрая рэклама.
У хуткім часе на маю пошту пачынаюць літаральна сыпацца паведамленні…
Каб мець магчымасць на гэтым сайце пісаць першай, трэба аплаціць актыўны статус. Без яго ты можаш толькі адказваць тым, хто піша табе. Я пачынаюць хвалявацца — ці праявіць хтосьці цікавасць да маёй напаўпустой анкеты? Але дарэмна.
У хуткім часе на маю пошту пачынаюць літаральна сыпацца паведамленні, у якіх мужчыны распавядаюць не толькі пра свае знешнія даныя, лад жыцця і ўзровень IQ, але і якасць спермы. Напрыклад, С. адразу ўдакладняе: «Спермаграма ў норме, колькасць сперматазоідаў у 4-5 разоў вышэйшая за мінімальную колькасць нормы».
Ад такой колькасці ахвотных апладніць мяне мужчын пачынае крыху кружыцца галава. Вырашаю напісаць таму самаму С. Бачу па анкеце: у яго ёсць жонка і дачка. Па-першае, спрабую даведацца пра матывацыю мужчыны, а таксама ці ведае жонка пра яго рашэнне (наўрад ці шмат жанчын жадаюць апынуцца ў цэнтры такой сямейнай драмы).
С. адказвае спакойна, і ягоны лагічны цынізм крыху бянтэжыць: так, жанаты. Высветлілася, што ў жонкі ёсць даволі цяжкае генетычнае захворванне, якое тэарэтычна магло перадацца і іх дачцэ. С. падкрэслівае, што дачку вельмі любіць і ў складанай сітуацыі (калі такая здарыцца) не кіне, але хоча на ўсялякі выпадак мець яшчэ біялагічных дзяцей — без эмацыйнай прывязкі да іх і якога-небудзь удзелу ў іх жыцці. Тэарэтычна гатовы абмяркоўваць пытанне знаёмства з новымі дзецьмі пасля іх паўналецця.
С. удакладняе: калі б планаваў сумеснае бацькоўства, то прад'яўляў бы значна большыя патрабаванні і да патэнцыйнай маці, і да выхавання дзіцяці ў будучыні. Але ж і так пытаецца пра маю працу і тое, як я планую забяспечваць дзіця хаця б да трох гадоў, калі яно зможа хадзіць у садочак.
Гатовы прадставіць усе свае аналізы за апошнія 5 гадоў. Узамен просіць паказаць яму «біяхімію крыві хаця б за год, агульны аналіз крыві, глюкозу, аналіз мачы, ВІЧ, гепатыты В, С плюс аналізы на хваробы, якія перадаюцца палавым шляхам».
«С Белоруссией у нас же безвиз»
Здзіўляюся таму, што актыўна пішуць мне і мужчыны з іншых краін — асабліва часта з Расіі. Л. цікавіцца, ці згодная я бачыць яго донарам (і толькі донарам), калі ён прыедзе з Масквы ў Мінск падчас маёй авуляцыі. Кажа, што такая камандзіроўка не праблема, бо «с Белоруссией у нас же безвиз». Растлумачыў бы мужчыне хто, што з «Белоруссией» яго шанцы зачаць дзіця ў Беларусі імкліва набліжаюцца да нуля, але я не буду.
Яшчэ адзін масквіч пужае мяне амаль у першым паведамленні. Абяцае дапамагчы з зачаццем з «пазітыўным і сумленным падыходам» — і смайлік. Удакладняе: «Чаму дармова? Таму што на жыццё я зарабляю іншым месцам». Удакладняе ўзровень валодання англійскай мовай, колеры сваіх дыпломаў (чырвоны і сіні), а таксама тое, што ў яго ёсць сямігадовы сын.
Самому Л. «32 годзікі» — гэта даслоўна. Прыярытэт — штучная інсемінацыя, але магчымы і натуральны варыянт — пры ўзаемнай сімпатыі і поўным праходжанні медыцынскага абследавання. Не ведаю, як іншых жанчын, але мяне насцярожваюць 32-гадовыя «хлопчыкі». Л. не здаецца дзеля нашага будучага дзіцяці і, не атрымаўшы адказ, потым яшчэ шмат разоў шле мне «???».
В. не гатовы ехаць да мяне ў Мінск, але з радасцю дапаможа мне з біялагічным матэрыялам, калі я сама прыеду ў Маскву: «Можаце пакінуць мяне ў якасці запаснога варыянту, калі не знойдзеце кагосьці бліжэй».
Б. з Расіі піша пра сябе, што ён высокі, прыгожы і зграбны, займаецца плаваннем. Мае двух дзяцей, адзін з якіх быў зачаты шляхам штучнай інсемінацыі ў хатніх умовах. Здаецца, не без гонару адзначае, што адбылося гэта з першай спробы. На пытанне пра матывацыю адказвае рамантычна: па-першае, хоча, каб яго гены жылі ў новым чалавеку, па-другое, лічыць, што кожны мае права на шчасце быць бацькам. Ён гатовы дапамагаць жанчынам, якія з пэўных прычын (няма партнёра, бясплоддзе мужа, лесбійская сям'я) не могуць вырашыць пытанне самастойна. Абяцае ніколі не з'яўляцца ў жыцці дзіцяці.
Пяцідзесяцігадовы А. з Масквы, наадварот, разглядае толькі варыянт сумеснага бацькоўства. Ён вельмі хоча прымаць удзел у жыцці дзіцяці і гатовы рэгулярна прыязджаць з Масквы, каб бавіць час разам з малым.
Дамова паміж бацькамі
На сайце ёсць і прыклад дамовы, якую могуць заключыць паміж сабой патэнцыйныя бацькі. Варта адзначыць, што змест дакумента і яго юрыдычную сілу трэба ўсё ж такі абмяркоўваць з адвакатам.
Але ёсць нямала важных пунктаў, якія прапануецца абмеркаваць да першых спроб зачацця.
Напрыклад, ці будзе ўпісана імя бацькі ў пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, ці будзе мужчына бачыцца з дзіцем і прымаць у тым ліку фінансавы ўдзел у яго жыцці, а таксама, што будзе рабіць пара, калі ў працэсе цяжарнасці ці ўжо пасля родаў высветліцца, што ў дзіцяці ёсць цяжкае захворванне.
Каментары