У Беларусі вывелі новы сорт бульбы для чыпсаў

Усяго за чатыры гады да вытворчасці дапушчаныя 11 новых сартоў бульбы.

31.07.2024 / 16:50

У Нацыянальнай акадэміі навук за апошнія чатыры гады вывелі 11 новых сартоў бульбы, якія былі дапушчаныя да сельгасвытворчасці.

Па словах гендырэктара Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве Андрэя Чайкоўскага, гэтыя сарты валодаюць высокай патэнцыйнай ураджайнасцю — ад 60 да 70 т/га, пішуць «Мінск-Навіны».

Да навінак адносяцца раннія сарты «Першацвет» і «Юлія», іх асаблівасць — у фарміраванні таварнага ўраджаю ў раннія тэрміны ўборкі. Клубні першага добра захоўваюцца ў зімовы перыяд, другі ж падыходзіць для прамысловай перапрацоўкі на чыпсы і для вакуумавання.

Акрамя таго, спецыяліст вылучыў сярэднераннія сарты бульбы «Карсан» і «Мастак», якія маюць комплексную ўстойлівасць да хвароб. Сорт «Мастак» у спрыяльных умовах фармуе ўраджайнасць да 70,5 т/га.

Што тычыцца сорту «Карсан», то ў яго назіраецца высокая здольнасць да ляжання. Новыя сярэдняспелыя сарты «Гарантыя» і «Водар» апярэджваюць знакаміты сорт «Скарб» па ўраджайнасці — паказчык складае да 65-70 т/га. Клубні гэтых сартоў могуць выкарыстоўвацца для вытворчасці бульбапрадуктаў з улікам агракліматычнай зоны вырошчвання і часу перапрацоўкі.

Сярод навінак таксама прадстаўленыя два сталовыя сарты «Нара» і «Рубін», а таксама «Крок» і «Баярскі» сталовага і тэхнічнага прызначэння. Патэнцыйная ўраджайнасць гэтых сартоў — 60-65 т/га. Яны валодаюць комплекснай устойлівасцю да хвароб, а таксама прыдатнасцю для прамысловай перапрацоўкі на розныя віды бульбапрадуктаў.

Проста цяпер выпрабаванні праходзяць яшчэ шэсць новых сартоў бульбы.

«Нам пакупнікі часам вочы выядаюць». Колькі цяпер каштуюць сезонныя садавіна і гародніна ў фермераў і ў краме?

Пудынг, піца і рол — небанальныя стравы з бульбы

У палескай вёсцы прадаюць гародніну напавер, без прадаўца ВІДЭА

Nashaniva.com