З базы даных турмаў ЗША знікла інфармацыя пра вядомых зняволеных расіян

З базы звестак Федэральнай пенітэнцыярнай сістэмы ЗША знікла інфармацыя пра чатырох вядомых расійскіх зняволеных. Увагу на гэта звярнуў юрыст Ігар Слабых, піша «Медуза».

31.07.2024 / 18:04

Адзін з расійскіх зняволеных у ЗША Уладзіслаў Клюшын. Фота: yandex

Ігару Слабых не ўдалося знайсці інфармацыю пра Уладзіслава Клюшына і Аляксандра Вінніка. А агенцтва РИА Новости пазней напісала, што з базы таксама зніклі звесткі пра Максіма Марчанку і Вадзіма Канашчонка. Пры гэтым інфармацыя пра іншых вядомых расіян, напрыклад, пра хакера Уладзіміра Дунаева, застаецца даступнай.

Бізнэсмен Уладзіслаў Клюшын адбывае ў ЗША дзевяцігадовы тэрмін па абвінавачваннях у хакерстве і інсайдарскім гандлі. Аляксандр Віннік абвінавачваецца ў ЗША ў адмыванні чатырох мільярдаў даляраў праз біржу крыптавалют ВТС-е (прысуд яшчэ не вынесены).

Максім Марчанка адбывае трохгадовае зняволенне па абвінавачванні ў кантрабандзе ў Расію мікраэлектронікі падвойнага прызначэння ў абыход санкцый. Вадзім Канашэнка — меркаваны супрацоўнік ФСБ, якога абвінавачваюць у кантрабандзе ў Расію прадукцыі амерыканскіх кампаній, якія падлягаюць экспартнаму кантролю.

У Расіі ў апошнія некалькі дзён невядомае месцазнаходжанне многіх вядомых палітвязняў — у тым ліку Іллі Яшына, Уладзіміра Кара-Мурзы, Сашы Скачыленкі. Палітолагі і СМІ выказваюць здагадку, што знікненне зняволеных можа сведчыць пра іх абмен, што мае адбыцца неўзабаве.

МЗС Германіі скупа пракаментавала памілаванне нямецкага грамадзяніна Лукашэнкам

Асуджаны за шпіянаж амерыканец Пол Уілан таксама знік з расійскай калоніі

У Расіі з калоній зніклі некалькі статусных палітвязняў. Рыхтуецца вялікі абмен?

Nashaniva.com