Былога палітвязня з Баранавічаў зноў схапілі. Яму пагражае да 12 гадоў калоніі
Раней Віталь Коршун адбыў пакаранне за каментар у тэлеграме.
01.08.2024 / 09:17
Віталь Коршун. Фота з фэйсбука
Віталю Коршуну 37 гадоў. Родам ён з Баранавічаў. Іпэшнік, род дзейнасці — «рознічны гандаль адзеннем, абуткам і тэкстыльнымі вырабамі».
Упершыню Коршуна судзілі ў верасні 2021-га. За год да гэтага ён пакінуў каментар пра тое, што трэба шукаць адрас нейкага амапаўца. Па версіі самога амапаўца, Сяргея Балабановіча, пасля гэтага допісу ён вельмі спалохаўся, хоць Коршун хутка яго выдаліў. У выніку прадпрымальніку прысудзілі два месяцы арышту.
Наступнага разу Віталя затрымалі ў студзені 2024 года. І зноў за каментары ў тэлеграме. Мяркуючы па ўсім, праблема была ў неабароненым тэлеграм-акаўнце.
Суд над Коршунам пачнецца 13 жніўня ў Брэсцкім абласным судзе. Яму закідаюць ажно пяць палітычных артыкулаў: «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК), «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «арганізацыя масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК), «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361) і «распальванне варожасці або варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК). Палітвязню пагражае да 12 гадоў калоніі.
Судзіць яго будзе Святлана Крамянеўская. Пра першыя палітычныя прысуды жанчыны было вядома яшчэ ў 2000-я. З 2020-га асудзіла шмат палітвязняў на вялікія тэрміны — у тым ліку дала дзесяць гадоў сведку забойства Генадзя Шутава Аляксандру Кардзюкову і сем гадоў Аляксандру Паліўку за тэлеграм-каментары.
Святлана Крамянеўская. Фота: «Дзікае паляванне»
Курсанту МУС пагражае да 25 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве» і «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне»
У Магілёве суд апраўдаў былога палітвязня
Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд