«Гандаль людзьмі? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо купіў». Маналог Яўгеніі Доўгай

Яўгенія Доўгая — стваральніца праекта «Палітвязынка», які дапамагае зняволеным за палітыку жанчынам. Пазіцыя Доўгай наконт таго, як трэба вызваляць людзей з лукашэнкаўскіх турмаў, шмат у чым адрозніваецца ад меркавання іншых праваабаронцаў. «Наша Ніва» запісала маналог актывісткі пра любоў, крыўды і тое, як, на яе думку, палітвязні павінны выйсці на волю.

05.08.2024 / 15:16

Яўгенія Доўгая. Фота: yauheniyadolgaya / Instagram

Летам 2021-га я пачала разумець, што вельмі мала інфармацыі пра палітзняволеных жанчын. Медыя пісалі пра іх, але ніхто не звяртаў увагі, як іх шмат. Гэта не проста Марыя Калеснікава і некалькі журналістак, сярод палітзняволеных шматдзетныя маці, доктаркі, юрысткі, адвакаткі…

Калі я стала пра іх пісаць, у мяне пачалі пытацца, як ім дапамагчы. Са мной звязаліся родныя палітзняволеных, яны дзяліліся са мной інфармацыяй. Мы сабралі грошы, якія перадавалі на пасылкі жанчынам, нешта самі куплялі.

Яны трымаюцца толькі на тым, што нехта іх падтрымлівае. І я кажу не толькі пра фінансавую падтрымку, але і пра любую іншую. Напрыклад, пасадзілі жанчыну, у яе маці сіндром Альцгеймера і патрэбная сядзелка, а сядзелак цяпер няма.

Фота: yauheniyadolgaya / Instagram

«Не ўсе прайшлі тэст на салідарнасць»

Мы часам кажам, што людзей немагчыма выцягнуць з-за кратаў, нельга гандляваць людзьмі, але гэта наадварот пакідае нас неандэртальцамі. Гэтыя страшэнныя часы можна перажыць толькі дзякуючы цвёрдаму эмацыйнаму інтэлекту, дзякуючы супольнасці.

Вы не ўяўляеце, якая добрая супольнасць у дзяўчат, якія выйшлі з-за кратаў! Я ўражаная тым, наколькі яны стаяць адна за адну, наколькі яны любяць і шануюць адна адну. Калі ў ліпені была навіна пра тое, што людзі выйшлі па памілаванні, мне пісалі былыя палітзняволеныя. Пыталіся, хто выйшаў, як дапамагчы, можа, яшчэ нешта можна зрабіць. У гэтым столькі любові, столькі энергіі, што, мне здаецца, пра такое здымаюць фільмы і пішуць кнігі. Напэўна, гэта тое пачуццё, якое і дапамагала людзям перажыць страшэнныя часы. 

А вось некаторыя медыяменеджары і праваабаронцы аказаліся зусім не адказнымі людзьмі. Ведаю жанчыну, якая з-за справы «Чорнай кнігі Беларусі» атрымала сем гадоў і некалькі тысяч даляраў штрафу, яе дачка таксама сядзіць. Гэты штраф ёй дапамагалі аплачваць тыя, хто з ёй быў у турме, людзі скідваліся.

Мусіць быць адказнасць за свае словы, учынкі. Я глядзела 2 снежня 2023 года слуханні Каардынацыйнай рады наконт вызвалення палітвязняў. Туды прыйшлі былыя палітвязні і родныя палітвязняў, яны сядзелі і слухалі, як праваабаронца з Dissidentby кажа: маўляў, калі вы гатовыя вызваляць людзей з турмаў групкамі, наша ініцыятыва будзе дарыць вам майку з надпісам «Адбельвальнік рэжыму». І ніхто не кажа, што ім варта сачыць за сваімі словамі, а гэта ж наш прэстыж. 

(Насамрэч словы Вячаслава Касінерава гучалі так: «Як наконт новага слова «адбельвальнік»? Мы зробім майкі з такім прынтам і дашлем кожнаму, хто гатовы пакласці сваю галаву і ўсё што магчыма, аддаць Лукашэнку ўсё што заўгодна, каб вызваліць хаця б аднаго чалавека. Хто гатовы займацца антысанкцыйным лабізмам [для гэтага], пішыце нам, мы дашлем майку» — «НН»).

Фота: yauheniyadolgaya / Instagram

Не ўсе прайшлі тэст на салідарнасць, шмат людзей адвярнуліся ад палітвязняў. Некаторыя людзі развяліся, некаторыя калегі, здаецца, не памятаюць, што іх калега сядзіць. 

«Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо набыў»

Лічу, што нам патрэбныя перамовы для вызвалення палітвязняў. Палітычны патэнцыял таго ж Офіса [Святланы Ціханоўскай] трэба цяпер выкарыстоўваць толькі на тое, каб іншыя краіны выступілі за вызваленне людзей, і не проста прасіць «выратуйце», а распрацоўваць пэўныя схемы.

Украіна разблакавала частку актываў, звязаных з «Беларуснафтай». Чаму яны гэта зрабілі? Хутчэй за ўсё, гэта было зроблена на фоне нядаўніх вызваленняў украінцаў, якія былі ў Беларусі палітзняволенымі.

Не люблю, калі кажуць, што перамовы — гэта гандаль людзьмі. Дык што, мы не павінны нічога рабіць? Палітзняволеныя самі просяць, каб нехта іх ужо набыў, ім усё роўна, як гэта назавеш. Я за тое, каб выратоўваць людзей, каб мы выходзілі на тых, хто можа пазваніць Лукашэнку і прыехаць да яго.

Раней была ўпэўненая, што актывісты ездзяць па іншых краінах і кажуць пра палітвязняў. А потым пабачыла на свае вочы, як многія людзі выкарыстоўваюць гэтыя сустрэчы. У чэрвені гутарыла з прадстаўніком адной краіны і казала яму, што ён мог бы быць мадэратарам у гэтай гуманітарнай катастрофе: размарозіць нейкія грошы, пазваніць Лукашэнку і спытаць, што яму трэба, ён гэтага чакае. Тое, што той чалавек пазваніў бы, ніякім чынам не пацвердзіла б легітымнасць Лукашэнкі. А чалавек мне адказаў, што першы раз чуе такую прапанову.

Усё, што замежнікі чулі гэтыя чатыры гады — заклікі «ціснуць на рэжым», бо той «хутка разваліцца», таму трэба ўводзіць санкцыі. Не можа іншая краіна разваліць рэжым Лукашэнкі, які цудоўна функцыянуе трыццаць гадоў! А вось Лукашэнка можа забіць людзей у турмах. Можна пачаць з паляпшэння ўмоваў за кратамі або перавесці пажылых людзей на хатнюю хімію. Гэтыя бабулі елі б нармальную ежу, спалі б у сваім ложку.

Праблема з палітвязнямі такая зацягнутая, што тут няма лёгкіх вырашэнняў, а мы цяпер толькі і сварымся адно з адным. Сядзяць амерыканскія палітыкі і праваабаронцы, і прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы Dissidentby кажа: «Ніякай дыпламатыі з дыктатарамі быць не можа». Але амерыканцы могуць з ХАМАСам дамовіцца, з Катарам, ды з кім заўгодна! Дыпламатыя — гэта пра тое, што ты размаўляеш і з дыктатарамі, і з тыранамі, і з лібераламі.

Спадар [Аляксей] Лявончык шмат кажа, што трэба грошы на рэабілітацыю былых палітвязняў. Рэабілітацыя — гэта, канечне, важна, спадар Лявончык робіць вялікую справу, але такімі тэмпамі хутка не будзе каго рэабілітоўваць.

Фота: yauheniyadolgaya / Instagram

Ці ўсе палітвязні за вызваленне праз перамовы? Не сустрэла ні адной былой палітзняволенай, якая б выйшла і казала, што трэба ціснуць на рэжым, а палітвязні пакуль пасядзяць. Дапускаю, што некаторыя людзі не будуць пісаць прашэнні пра памілаванне, але мы не ведаем умовы, у якіх ім кажуць падпісваць гэтыя памілоўкі.

Ведаю, што некаторыя жанчыны адмаўляліся ад таго, каб удзельнічаць у прапагандысцкіх відэа, але ж мы не ведаем, на якіх умовах ім гэта прапаноўвалі. Выходзіла прапагандысцкае «інтэрв’ю» з Дар’яй Лосік, і я чула ад іншай жанчыны, як яго здымалі. Як яна кажа, там вельмі цяжка адмовіцца ад здымкаў, ва ўсіх такі настрой — толькі б здымалі не мяне. 

«Увесь гэты час чакала, калі нехта з вялікай трыбуны будзе расказваць гісторыі зняволеных»

Ці ёсць тыя, хто гатовы сядзець, толькі б не ісці на саступкі? Мне здаецца, спачатку трэба вызваліць тых, хто гатовы выйсці, а мы нават тут не можам дамовіцца. Мы мала кажам пра тое, што там шмат выпадковых людзей. Воля Іванчанка з цяжкай формай аўтызму, якая па розуме як дзяўчынка — гэта выпадковы чалавек. Яна запосціла карцінку, дзе высмейваецца Лукашэнка, але гэта не робіць яе палітычным лідарам. 

Сутыкаюся з непаразуменнем праз гэта толькі ад людзей, якія самі займаюцца палітвязнямі. Калі Воля Гарбунова назвала вызваленне 18 чалавек актам гуманізму, [Андрэй] Стрыжак пачаў казаць такія рэчы, што гэта проста сорам. Калі я гутару з еўрапейскімі праваабаронцамі і журналістамі, у іх няма пытанняў, ці трэба выратоўваць хаця б кагосьці.

Не ведаю, ці паказалі жанчынам у калоніі словы Волі Гарбуновай пра гуманны жэст, але дакладна ведаю, што адной жанчыне там паказалі словы пра адбельвальнікаў рэжыму, і гэта было вялікім ударам. Але чамусьці ніхто не папрасіў прабачэння, людзі жывуць сабе далей і кажуць, што робяць вялікую справу.

Ім там, за кратамі, паказваюць гэтыя спрэчкі і выказванні. Яны ніколі гэтага не даруюць, асабліва тыя, хто сеў на вялікія тэрмін і быў лідарам меркаванняў. Таму я ў шоку, што мне даводзіцца сваім жа тлумачыць: жыццё чалавека — найкаштоўнейшае, што можа быць. Класна, што дзецям палітвязняў дапамагаюць сабраць рэчы ў школу, але мы павінны зрабіць так, каб дзеці былі з бацькамі.

Фота: yauheniyadolgaya / Instagram

Я і сама ніколі не дарую. Увесь гэты час чакала, калі нехта з вялікай трыбуны будзе расказваць гісторыі зняволеных. Адну жанчыну затрымалі, калі яе дачцэ не было і трох месяцаў, яна яе яшчэ карміла грудзямі. Гэтая жанчына больш сваю дачку не бачыла, яна сядзіць з таго часу. Я б хацела, каб такія гісторыі гучалі, а не гісторыі пра тое, як мы павінны даціснуць рэжым, а потым усіх адразу выпусцяць.

Варта, каб Святлана Ціханоўская была больш рашучай у пытанні вызвалення палітвязняў. Мне не падабаецца, што яна знаходзіцца пад уплывам пэўных арганізацый, думаю, яна павінна быць больш гнуткай у гэтым. Засмучвае, што за ўвесь час не было створана ніякай групы людзей, якія б, напрыклад, навучаліся таму, як у такіх сітуацыях весці перамовы. Не проста падышла да Макрона і папрасіла пра палітвязняў, не. Палітычны патэнцыял трэба скіраваць не на пашпарт новай Беларусі, а на тое, каб абараніць жыцці людзей.

Экс-палітзняволеная Ася Булыбенка апублікавала фота з кнігай Рэмарка — за гэтым хаваецца кранальная гісторыя

«Кадэбіст у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»

«Антошкіна — гэта пекла». Страшны маналог палітзняволенай

Вера Белацаркоўская