Грамадства5252

«Антошкіна — гэта пекла». Страшны маналог палітзняволенай

За два гады палітычнага тэрміну Надзея (імя змененае) прайшла праз збіццё ГУБАЗам, катаванні на Акрэсціна і нявольніцкую працу ў калоніі. Мы запісалі яе жудасны расповед пра прапановы групавога сэксу ад сілавікоў, зняволеную, якая перакруціла ўнукаў на фарш, і спатканні з блізкімі ў снах.

«Не мела ілюзій, ці запісваць пакаяльнае відэа, бо не хацела мець зламаны нос ці перабітыя зубы»

Мяне затрымліваў ГУБАЗіК у 2022-м. З усіх бакоў на вуліцы, як зграя гіенаў, наляцела 12 чалавек з аўтаматамі, завялі ў дом. Хадзілі па кватэры, як па краме, скралі ў мяне грошы і асабістыя рэчы. Пачалі глядзець гаджэты, але не было шансу нават рыпнуцца: мяне паклалі на падлогу, пачалі шлёпаць далонню па ягадзіцах і крычаць, што калі я зараз не дам ім паролі ад тэлефонаў, яны мяне згвалцяць, усе 12 чалавек. 

Адзін з іх усё называў сваё імя і казаў: «Пагугліш, я Валер [Высоцкі] з ГУБАЗа, ты зразумееш, што са мной жартаваць не варта». Праз два гады я пагугліла і цяпер разумею, што рабіла ўсё правільна, бо калі б я спрабавала сябе абараніць, я б засталася без зубоў.

Памятаю, як яны мяне вязлі ў ГУБАЗіК. Яны вельмі заклапочаныя, увесь шлях ад майго дому да ГУБАЗіКа прапаноўвалі мне групавы сэкс: маўляў, калі я з імі ўсімі пацешуся, магчыма, яны мяне не пасадзяць. У ГУБАЗіКу мяне пасадзілі ў калідоры насупраць шафы і паміж двума адчыненымі кабінетамі. Чалавек справа пытаўся паролі, чалавек злева прыкідваўся добрым. Калі нехта праходзіў міма, ён абавязкова вітаўся са мной і біў мяне па патыліцы так, каб я лбом білася аб шафу.

Пасля допыту мяне павялі запісваць пакаяльнае відэа ў кабінет, абвешаны плакатамі з літарай Z з георгіеўскіх стужак. Там былі хлопцы-айцішнікі, адэкватныя, зусім не падобныя да ГУБАЗіКа. Я чула допыт мужчын у суседнім кабінеце і разумела, што там б’юць чалавека. Таму ў мяне не было ілюзій, запісваць відэа ці не, я не хацела мець зламаны нос ці перабітыя зубы.

Фота: сацыяльныя сеткі

Потым быў допыт у Следчым камітэце. Я зайшла ў бялюткі кабінет, абвешаны граматамі, і зразумела, што ў мяне ўсё блага. Яны не хацелі слухаць, што мае дзеянні падпадаюць пад адміністратыўны артыкул, у іх ёсць Крымінальны кодэкс, які я быццам парушыла. З самаапраўданнем у іх усё нармальна, яны не лічаць сябе людзьмі, якія канвеерам закідваюць у топку сотні людзей.

На Акрэсціна была класіка: прэс-камера для палітычных, дзе нам не давалі туалетную паперу і мыла, не выключалі святло, было шмат клапоў і смурод. Там было холадна нават летам, матрацы не давалі. Нас было дзесяць чалавек на два месцы: дзве спалі на ніжняй койцы, дзве — на верхняй, і шэсць жанчын — на падлозе. 

Гэта былі 10 сутак пекла. Я — правапаслухмяная грамадзянка, нават калі я перавышала хуткасць, аплачвала штрафы цягам 15 хвілін. Ніколі не думала нешта ў некага скрасці, сумняваюся, што я здольная на забойства ці махлярства. Яшчэ ранкам маё жыццё было нармальнае, а тут увечары ты сядзіш у камеры, дзе такія ж, як і ты — настаўніцы, айцішніцы, шматдзетныя маці, работнікі прафсаюза. Прыходзяць суіцыдальныя думкі, ты проста не верыш у тое, што адбываецца.

Падчас арышту я не праліла ні адной слязы, была ў ступары, але на Акрэсціна мяне прарвала, я плакала трое сутак. А потым пачаўся гандаль з сабой: можа, мяне адпусцяць, дадуць хатнюю хімію? Пры гэтым чакаеш, калі табе выставяць абвінавачванне і перавядуць на Валадарку з гэтай катавальні.

На Валадарцы мяне ніхто не імкнуўся прынізіць. Да 2020-га яна была крымінальнай, а пазней стала палітычнай. Раней там усе калідоры былі завешаныя «прычаламі» — гэта калі ад адной камеры да іншай вісіць нітка, і па ёй перадаецца запіска. А пры мне гэтага ўжо не было: пару разоў мы закінулі прычал, нас злавілі — і на гэтым усё. Калі мы праходзілі міма іншых камер, кідалі ў акенца запіскі, гэта называецца «малявы».

Доўга не хацела пераходзіць на гэты слэнг. Але адна дзяўчына патлумачыла мне, што нельга назваць жалязяку, з-за якой баліць спіна, ложкам. Гэта шконка. А гэтыя цяжкія дзверы, на якіх дзесяць замкоў і якія не даюць табе вярнуцца да родных, не назавеш дзвярыма, гэта «тармазы» — маўляў, будзеш называць ложкам і дзвярыма сапраўдныя ложак і дзверы. 

Будынак, дзе месцілася Валадарка. Фота: «Радыё Свабода»

Таму я расслабілася і пачала вывучаць слэнг, упускаць турму ў сябе. Упусціла так, што не ведаю, як ад гэтай турмы пазбавіцца, мне дагэтуль сніцца толькі яна. За кратамі мне снілася воля, я прачыналася і ў жаху азіралася навокал, а цяпер усё наадварот. За апошнія два гады я кожную ноч бачыла сон, яны былі дзіўныя. Сніліся родныя, і я проста ў сне разумела, што зараз прачнуся, хацела падаўжэй утрымаць іх у абдымках, нешта сказаць.

«Нас выносяць у пакрывале як сабак»

Думала, у калоніі ўсё будзе ў палітвязнях — бо калі я, дробная блыха, туды еду, што казаць пра іншых? Прыязджаю, а там недзе сто палітычных у калоніі. Што я раблю ў адным спісе з Калеснікавай, Чэкінай і Золатавай?

Са мной у каранціне была Алена Яфрэменка, палітычная, яе з атрада зняволеныя аднеслі ў санчастку. Памятаю, як мы стаім, і яе нясуць міма ў пакрывале. Цяпер яна ляжыць там больш за год, бо не можа рухацца, у яе было нешта са сцягном. Мы з дзяўчатамі глядзелі на тое, як яе нясуць, і гаварылі — маўляў, нас выносяць у пакрывале як сабак.

У маім атрадзе асноўным кантынгентам былі неадукаваныя забойцы-алкагалічкі. Была ў шоку ад гучных гісторый з іншых атрадаў: засунуць сваё дзіця ў пральную машынку і пракруціць, забіць насмерць сваё дзіця палкай з цвіком, забіць сваіх унукаў, перакруціць іх на фарш і накарміць гэтым фаршам сваіх дзяцей, аддаць сваю пяцігадовую дачку педафілу — ад гэтага дзіця памерла. 

Такіх людзей там шануюць. Бо калі ў цябе вялікі тэрмін, ты навучышся добра працаваць, пачнеш супрацоўнічаць з адміністрацыяй, бо табе доўга сядзець. Такія зэчкі атрымліваюць чырвоныя павязкі, у іх больш прывілеяў, яны камандуюць іншымі зняволенымі.

Сядзяць шмат маладзенькіх наркаманак з такімі тэрмінамі, што і маньякам столькі не даюць — 10, 15, 20 гадоў. Таксама ёсць эканамічныя злачынцы, але гэта не абавязкова махляры, у іх проста маглі, напрыклад, адціснуць бізнэс. Гэта адукаваныя, добрыя людзі.

У мяне там з’явілася схільнасць да чорнага гумару, ён у калоніі ўсім вельмі дапамагае выжыць. Таму я з усмешкай магу казаць пра жудасныя рэчы. Неяк я стаяла ля зняволенай бабулі, проста божы дзьмухавец. Іншая зняволеная падышла да мяне і прапанавала здагадацца, за што сядзіць тая бабуля. Ніяк не магла здагадацца, дык яна мне кажа: «Яна свайго каханка пасадзіла на ланцуг у склеп, і ён памёр». І ўсміхаецца.

У калоніі ёсць 18 атрад, дзе знаходзіцца толькі адна палітзняволеная — калі я заехала, гэта была Калеснікава. Потым трэба было вызваліць месца для Марфы Рабковай, і Калеснікаву перавялі ў ПКТ, а Марфу — у 18 атрад. Гэта атрад для аднаго чалавека, дзе ўсе настроеныя супраць адной палітычнай. Не ведаю, што адміністрацыя плануе для Марфы. Але для іх Рабкова і Калеснікава — аднолькава небяспечныя, іх трэба цалкам ізаляваць ад усіх. Калі з’явіцца яшчэ адна такая ж «небяспечная» жанчына, магчыма, Марфу таксама перавядуць у ПКТ.

Нам яшчэ падчас каранціну казалі, што калі мы ўбачым Калеснікаву, ні ў якім разе нельга з ёй гутарыць, інакш табе прамы шлях у прэс-атрад. Вядома, мы яе бачылі і ўсміхаліся ёй, яна ўсміхалася нам. Тут нават словаў не трэба, хопіць усмешкі.

У калоніі ёсць стэнд, дзе напісана, якія за месяц былі парушэнні. Апошні раз я бачыла яго ў сярэдзіне вясны-2024, і там была пазнака, што Калеснікава атрымала рапарт за «непаважлівае стаўленне да супрацоўнікаў адміністрацыі».

Цяпер Марыя ў ПКТ — гэта такі зялёны домік, дзе знаходзяцца камеры ШІЗА. ПКТ — таксама ШІЗА, толькі туды прыносяць матрацы, там іншы рэжым. Калі я выходзіла, там сядзелі Маша і адна малалетка, якую асудзілі, здаецца, за наркотыкі.

«Першае, што ўбачыла ў калоніі — гэта як жанчыны зімой мылі асфальт пад снегам»

Як можна падставіць зняволеную? На фабрыцы табе могуць засунуць іголку ў целагрэйку, і калі ты будзеш праходзіць праз металашукальнік, то яе знойдуць — гэта рапарт. У цябе могуць скрасці шапку, сарваць цэтлік. Могуць настукаць, што ты лаялася матам, і сведкамі будуць людзі, якіх тады і не было навокал. 

У адной дзяўчыны скралі дазвол на раствор для лінзаў, і адразу прыйшлі супрацоўнікі са шмонам. Але перад гэтым яе папярэдзілі. І тады дзяўчына пабегла ў паліклініку, узяла новы дазвол і на шмоне паказала яго супрацоўнікам.

Калі ў цябе тэрмін, асабліва вялікі, ты можаш яго прайсці з праблемамі, а можаш — камфортна. Правакатаркам даюць розныя плюшкі: магчымасць пайсці на бальнічны, атрымаць спатканне на тры дні, узяць чырвоную павязку. Спачатку гэта шакуе, а пад канец тэрміну я іх не асуджала, гэта пытанне іх сумлення. Ды там я гаварыла з людзьмі, якія забілі сваіх дзяцей, што там правакатаркі? За кратамі іншы свет, межы лагічнага размываюцца, і ты проста спрабуеш абстрагавацца ад звыклых поглядаў.

Шмат хто там рэалізоўвае сябе. Адна жанчына амаль падыходзіла пад амністыю, але мусіла выплаціць 70 рублёў па іску. Яна не выплаціла іх і праседзела яшчэ год, бо на волі яна — ніхто і нічога не мае, а за кратамі яна — чалавек. Там мяне кантралявалі людзі, з якімі мне і пагаварыць няма пра што, бо для гэтага ім трэба школу хаця б да канца скончыць. Але там шмат зняволеных, з якімі я пасябравала, і мне было пляваць на розніцу ў сацыяльным статусе. 

Антошкіна — гэта не калонія агульнага рэжыму, гэта страгач, бо там пякельная праца. Усё там робяць зняволеныя. Першае, што я ўбачыла ў калоніі — гэта як жанчыны зімой мылі асфальт пад снегам. Снег ішоў, адразу раставаў, і яны прыбіралі лужыны анучамі. Цягнеш гэты снег, а на наступны дзень кіраўнік калоніі кажа, што сумёты мусяць быць ромбікамі, і ўся калонія ідзе іх «выпраўляць».

Мой самы страшны ўспамін за гэтыя два гады — тое, што я пастаянна насіла такія цяжкія рэчы, што не магла іх падняць і цягнула па зямлі. Прыязджае машына, вакол яе стаяць тры мужыкі: афіцэр, кіроўца і нехта яшчэ. Яны выклікаюць пяць дзяўчат, каб тыя разгрузілі машыну з пліткай, якую будуць укладваюць на вуліцы, там бетонныя пліты. Я заўжды лічыла сябе моцным чалавекам, але ў пэўны момант разумела, што проста фізічна не магу гэта падняць, я ж не цяжкаатлетка.

Ці снег, які ты цягнеш рукамі: збіраеш яго ў 50-кілаграмовы мех у адным месцы і нясеш, а потым табе трэба залезці з ім на сумёт, падняць яго і высыпаць снег. Аднойчы ў мяне паліліся слёзы, калі я зразумела, што не магу гэта зрабіць. Неяк я залезла на сумёт, але калі падымала мяшок, адна нага ў мяне правалілася. У мяне забалела сцягно, і я тры тыдні кульгала, дагэтуль маю праблемы са сцягном. 

Не ўяўляю, як можна забараняць жанчыне мыцца? У жанчын больш патрабаванняў да гігіены, чым у мужчын, асабліва падчас менструацыі, а нам дазвалялі мыцца толькі раз на тыдзень, у іншы дзень можна было памыць галаву. І мы, як злачынцы, шукалі магчымасць памыцца. Ад некаторых там смярдзіць трупам. Я праз некалькі дзён пасля вызвалення адкрыла сумку з турмы і ўдыхнула гэты смурод, падумала: «Няўжо ад мяне быў такі пах?»

Мне цяпер вельмі цяжка, бо ў думках я з дзяўчатамі, адчуваю, што жыву па рэжыме. Балюча, што там яшчэ шмат хто сядзіць, і мне здаецца, што яны будуць сядзець да канца, такі настрой і ў саміх дзяўчат. Надзея засталася, яна ніколі не знікне, але ўжо няма ілюзій пра тое, што нехта нас адпусціць або выратуе. Я адчую сябе сапраўды вольнай, толькі калі ўсе дзяўчаты будуць вольныя, бо пакуль яны там, я сама буду там. Я на волі, але мой розум у турме, і ў розуме маім турма.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары52

  • Ян
    31.05.2024
    Ты чуеш, заячагубы, вы чуеце паскуды гэбэшныч, мы будзем рваць вас на часткі…Гэта пачалося.
    • Бамжа
      31.05.2024
      Ян,це адназначна перамога!!
  • Хрыч
    31.05.2024
    Дети в стиралке,бабкин любовник на цепи и прочее.Или у нас народ больной на всю голову,или кто Каневского пересмотрел
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч4

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Паўза ці канец? Што азначае рашэнне ЗША прыпыніць дапамогу Украіне7

Еўракамісія прадставіла план пераўзбраення ЕС і падтрымкі Украіны на 800 мільярдаў еўра13

Вахцёрка інтэрната БДУ паказала свой працоўны дзень — і скарыла тыкток3

Лукашэнка заклікаў развіваць майнінг9

У старым жылфондзе прадаюць тройку па $4200 за квадрат. Чаму так дорага?

Сын экс-хакеіста зборнай Беларусі Алекс Гальчанюк, які са скандалам з'ехаў з ЗША, атрымаў расійскі пашпарт7

Лукашэнка прызначыў двух новых міністраў2

Эвакуявалі з Беларусі журналістку Ксенію Луцкіну6

Прадпрымальнік купіў дзіцячы лагер пад Віцебскам за тысячу рублёў, а яму выставілі няўстойку ў 2,4 мільёны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч4

Стала вядома, куды пайшоў на працу адстаўлены старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць