Велізарныя чэргі, праверка грошай у Літве і транспартная інспекцыя ў Беларусі. Колькі часу цяпер займае праходжанне мяжы
Апошнімі днямі заўважна ўскладнілася сітуацыя з чэргамі на мяжы. Паглядзелі, што там адбываецца.
02.08.2024 / 14:15
Ілюстрацыйны здымак. Фота: скрыншот з тэлеграм-канала t.me/granica_bypl
Літва. «Каменны Лог»
Трэнд апошніх дзён — чэргі з аўтобусаў на выезд з Беларусі. На пункце пропуску «Каменны Лог» па стане на 12 гадзін пятніцы выезду з Беларусі ў Літву чакаюць 11 аўтобусаў. Першага жніўня быў пастаўлены рэкорд, калі выезду чакалі 14 аўтобусаў.
Калі яшчэ адносна нядаўна дабрацца з Мінска ў Вільню можна было за 6-8 гадзін, то цяпер такія тэрміны сталі немагчымымі. Падарожнік, які ўчора ехаў аўтобусам з Мінска, дабраўся да Вільні за 14 гадзін.
Праз узрослы час чакання на мяжы некаторыя аўтобусы адпраўляюцца з Вільні ў Мінск са шматчасовымі затрымкамі.
Так, напрыклад, аўтобус, які згодна з раскладам мусіў выехаць з Вільні ў чацвер а 18:45, адправіўся ў бок Мінска толькі а 4:20 ночы пятніцы. У 12 гадзін дня гэты аўтобус праходзіў кантроль на літоўскім баку. У выніку сам шлях з Вільні да Мінска займае больш за 10 гадзін, яшчэ каля 10 гадзін — затрымка адпраўлення з Літвы.
У кірунку Мінск-Вільня рух яшчэ больш павольны. Аўтобус, які выехаў з Мінска сёння а 00:15, толькі праз 11,5 гадзіны дабраўся да заезду на тэрыторыю пункту пропуску «Каменны Лог».
Аўтобус, які выехаў з Мінска а 19-й вечара чацвярга, перасек мяжу толькі а 13-й гадзіне пятніцы. У выніку, каб праехаць крыху менш за 200 кіламетраў, аўтобусу спатрэбілася каля 19 гадзін.
Падарожнікі адзначаюць, што каля 10 раніцы на мяжу прыехала транспартная інспекцыя, якая пачала правяраць у пасажыраў білеты.
Фота: скрыншот з тэлеграм-канала t.me/kamenyilog
Пасажыры мяркуюць, што такім чынам змагаюцца з тым, каб людзі не перасаджваліся ў першыя аўтобусы, калі ў іх ёсць вольныя месцы.
«Беняконі»
Сітуацыя з аўтобусамі ў пункце пропуску «Беняконі» адрозніваецца.
Там чэргі з аўтобусаў адсутнічаюць. Як і раней, з Гродна да Вільні можна дабрацца за 5-6,5 гадзіны. Але тут ёсць свае нюансы: праз тое, што з Гродна ў Вільню цяпер ходзяць толькі 4 аўтобусы цягам сутак, білеты трэба купляць за 3-4 тыдні да паездкі.
У Мінску праблем з білетамі няма, але ёсць праблема з чэргамі.
Калі верыць паведамленням з адмысловых чатаў, сёння раніцай пры выездзе аўтобуса з Літвы літоўская мытня вырашыла праверыць, колькі грошай правозяць пасажыры. Глядзелі, каб у Беларусь везлі не больш за 60 еўра наяўнымі. Нібыта 10 чалавек з аўтобуса з-за гэтага высадзілі і не выпусцілі з Літвы.
Падрабязней пра нормы вывазу валюты з ЕС у Беларусь можна прачытаць тут.
Польшча
На польскім кірунку чарга з аўтобусаў даўно стала нормай.
З Польшчы ў Беларусь аўтобусы праходзяць мяжу апошнімі днямі прыблізна за 11-12 гадзін. З Беларусі ў Польшчу праходжанне мяжы на аўтобусе займае ад 18 да 30 гадзін.
Па стане на 12 гадзін пятніцы, у чарзе перад пунктам пропуску «Брэст» стаіць 54 аўтобусы. На піку, а 8-й гадзіне раніцы, было пад 70 аўтобусаў.
Фота: скрыншот з сайта gpk.gov.by
Чэргі з аўтамабіляў застаюцца стабільна высокімі
У чарзе на пункце пропуску «Каменны Лог» стаіць каля 210 легкавікоў, на «Беняконях» — каля 180.
Найбольшая чарга ў «Брэсце». Там выезду з Беларусі па стане на 12 гадзін пятніцы чакаюць больш за 600 легкавікоў. І гэта, падобна, чарговы антырэкорд.