Дачка эмігрантаў з Беларусі стала алімпійскай чэмпіёнкай у фехтаванні на рапірах у складзе зборнай ЗША
Гэта другая Алімпіяда 30-гадовай амерыканкі Жаклін Дубровіч, піша Радыё Свабода.
02.08.2024 / 12:14
Жаклін Дубровіч на фота злева. Фота: Andrew Medichini / AP
У камандным заліку Жаклін Дубровіч разам з трыма сваімі калегамі ў зборнай ЗША атрымала тытул алімпійскай чэмпіёнкі па фехтаванні на рапірах.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Алімпіяды-2024, у фінале зборная ЗША перамагла каманду Італіі з лікам 45:39. У індывідуальным заліку Жаклін заняла 18 месца.
Жаклін Дубровіч жыве ў Мэйплвуд, штат Нью-Джэрсі. Яна закончыла Калумбійскі ўніверсітэт у 2016 годзе, дзе вывучала расійскую літаратуру. Яе бацькі эмігравалі з Беларусі ў канцы 1980-х.
На Алімпійскіх гульнях — 2020 у Токіа, што праводзілі ў 2021 годзе праз эпідэмію каранавіруса, яна таксама выступала за зборную ЗША. Тады ў індывідуальным заліку яна заняла 21-е месца пасля паразы ў першым баі з розніцай у адзін пункт. У камандным заліку ЗША прайгралі Францыі ў матчы за бронзу і апынуліся па-за п’едэсталам.
«Без адвагі, упартасці і ахвярнасці маіх бацькоў нічога гэтага не было б магчыма», — напісала Жаклін на сваёй старонцы ў Instagram, калі прайшла кваліфікацыю на Алімпійскія гульні ў Токіа.
«Мае бацькі эмігравалі ў гэтую краіну з Савецкага Саюза, каб атрымаць лепшы шанец на жыццё для сваіх дзяцей, і я ведаю, што яны нават у самых смелых марах не маглі сабе ўявіць, што іх дзіця будзе прадстаўляць Злучаныя Штаты Амерыкі на Алімпійскіх гульнях», — напісала Жаклін.
Сёння ў беларусаў ажно тры шанцы на медалі на Алімпіядзе
Турэцкі стралок праславіўся на Алімпіядзе і стаў героем мемаў