Як праходзілі перамовы, што прывялі да самага буйнога абмену зняволенымі з часу халоднай вайны

Журналістам CNN атрымалася пагаварыць з тузінам афіцыйных асоб ЗША, якія падзяліліся некаторымі абставінамі доўгага шляху да рэалізацыі абмену зняволенымі.

02.08.2024 / 13:35

Эван Гершковіч (крайні злева) і Пол Уілан (другі справа). Фота: POTUS / X

CNN піша, што адміністрацыя Байдэна на працягу многіх гадоў дамагалася вызвалення былога марскога пехацінца Пола Уілана, які быў затрыманы ў 2018 годзе па абвінавачанні ў шпіянажы і прысуджаны да 16 гадоў зняволення.

У студзені 2023 года супрацоўнікі амерыканскай разведкі сустрэліся са сваімі расійскімі калегамі ў неназванай трэцяй краіне, каб прапанаваць абмяняць Уілана на двух расійскіх грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў Славеніі. Расія чарговы раз адхіліла гэтую прапанову. Адмова была і ў сакавіку таго ж года ў тэлефоннай размове з дырэктарам ЦРУ Уільямам Бернсам.

У тым самым месяцы расійскія спецслужбы арыштавалі журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча за шпіянаж. Цяпер рускія, якія звычайна імкнуцца да парытэту ў сваіх здзелках, хацелі атрымаць наўзамен два высокакаштоўныя аб'екты.

Але праблема ў тым, што ў амерыканцаў не было каго прапанаваць. Адміністрацыя Байдэна ўжо абмяняла ў снежні 2022 года свайго самага каштоўнага расійскага зняволенага, гандляра зброяй Віктара Бута на баскетбалістку Брытні Грайнер. Чыноўнікі пачалі шукаць па ўсім свеце расійскіх зняволеных, займаючыся ціхай дыпламатыяй з саюзнікамі, каб знайсці іншыя аб'екты для заключэння здзелкі.

У лістападзе 2023 года супрацоўнікі ЦРУ ў Маскве прапанавалі абмяняць чатырох расійскіх зняволеных, якія знаходзіліся ў Нарвегіі, Польшчы і Славеніі, на Уілана і Гершковіча.

Але Расія адхіліла гэтую прапанову. Амерыканскаму боку стала зразумела, што Маскве патрэбны Вадзім Красікаў. Ніхто іншы яе не задаволіць.

Вадзім Красікаў. Фота: Bellingcat

Прыцягненне немцаў на свой бок

Такім чынам, ключом да здзелкі стала здольнасць прэзідэнта Байдэна пераканаць канцлера Германіі Олафа Шольца вызваліць Красікава. Урад ЗША, працуючы праз разведку, Дзярждэпартамент і Раду нацыянальнай бяспекі, павінен быў пераканаць урад Германіі абмяняць яго.

Былі яшчэ таемныя перамовы, якія вяліся па сакрэтным канале ЦРУ. Ён ужо шмат гадоў выкарыстоўваецца для вядзення далікатнай дыпламатыі з Масквой. У час некаторых перамоваў вялася размова аб магчымым вызваленні Аляксея Навальнага ў абмен на Красікава.

На сустрэчы G7 у красавіку 2023 года Блінкен выказаў ідэю аб перадачы Красікава міністру замежных спраў Германіі Аналене Бербок. Але тая, па словах амерыканскага чыноўніка, падзялілася з Блінкенам сваімі асцярогамі, у тым ліку меркаваннем, што Навальны пасля абмену зноў вернецца ў Расію.

На працягу ўсяго 2023 года афіцыйныя асобы ціха працавалі над тым, каб нямецкі ўрад пагадзіўся вызваліць Красікава. У перамовах былі задзейнічаны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і віцэ-прэзідэнт Камала Харыс.

Байдэн узняў гэтае пытанне ў размове з Шольцам у студзені 2024 года, а затым у лютым падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце. Па словах прадстаўніка адміністрацыі, на той момант амерыканскія чыноўнікі лічылі, што здзелка мае ўсе шанцы адбыцца.

На сустрэчы ў Авальным кабінеце, па словах высокапастаўленага прадстаўніка адміністрацыі, «канцлер Шольц адказаў прэзідэнту: «Дзеля вас я зраблю гэта». «Затым прэзідэнт павярнуўся да Джэйка (Саліван, дарадца па нацыянальнай бяспецы ЗША — НН) і сказаў: «Зрабі гэта», — сказаў чыноўнік.

Смерць Навальнага

Пасля той лютаўскай сустрэчы Саліван рэгулярна перадаваў у Берлін спісы рускіх, якіх можна было б абмяняць. Але планы парушыла смерць Навальнага 16 лютага 2024 года.

Навіна прыйшла ў першыя гадзіны Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, і гэта паставіла ўсё пад пагрозу.

Камала Харыс, якая была на канферэнцыі, завяршыўшы запланаваную сустрэчу з Олафам Шольцам, папрасіла ўсіх супрацоўнікаў пакінуць пакой для правядзення «абмежаванай двухбаковай сустрэчы». Падчас размовы сам-насам Харыс змагла націснуць на Шольца, падкрэсліла, што вызваленне Красікава будзе мець вырашальнае значэнне для заключэння здзелкі.

Віцэ-прэзідэнт ЗША Камала Харыс і канцлер Германіі Олаф Шольц падчас двухбаковай сустрэчы ў гатэлі Bayerischer Hof, месцы правядзення 60-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. 17 лютага 2024 г. Мюнхен, Германія. Фота: Ronald Wittek / Pool / Getty Images

Пасля смерці Навальнага Джэйк Саліван даручыў сваёй камандзе скласці спісы людзей, якія могуць уяўляць цікавасць для Германіі.

Па словах амерыканскага чыноўніка, спіс быў складзены ў канцы сакавіка 2024 года. У красавіку прэзідэнт Байдэн накіраваў ліст Шольцу, і ў пачатку чэрвеня немцы нарэшце пагадзіліся вызваліць Красікава.

Ключавым момантам, паводле слоў некалькіх амерыканскіх чыноўнікаў, было ўключэнне ў спіс Уладзіміра Кара-Мурзы і яшчэ сямі расійскіх палітвязняў.

Масква згодная

ЗША прыйшлося ўгаворваць не толькі Германію. Яшчэ ў Мюнхене Харыс папрасіла аб сустрэчы з прэм'ер-міністрам Славеніі Робертам Голабам. Паводле слоў прадстаўніка Белага дома, галоўнай мэтай гэтай сустрэчы было аказанне ціску на прэм'ер-міністра, каб ён дабіўся вызвалення двух расійскіх грамадзян, якія знаходзяцца пад вартай у Славеніі.

Прэзідэнт ЗША таксама аказваў ціск на славенцаў. Літаральна за некалькі хвілін да абвяшчэння аб завяршэнні сваёй кампаніі 2024 года, Байдэн патэлефанаваў прэм'ер-міністру Славеніі, каб заклікаць яго давесці здзелку да фінішнай рысы.

У канцы чэрвеня 2024 года супрацоўнікі ЦРУ правялі сакрэтную сустрэчу з афіцэрамі расійскай разведкі ў неназваным блізкаўсходнім горадзе, каб прадставіць новую прапанову аб магчымым абмене зняволенымі. На гэты раз ЦРУ прапанавала ўключыць у спіс Вадзіма Красікава. Узамен на кілера амерыканцы хацелі атрымаць былога марскога пехацінца Пола Уілана і журналіста Эвана Гершковіча.

Расійскія чыноўнікі вярнуліся з гэтай прапановай у Маскву. У пачатку ліпеня ў тэлефоннай размове з дырэктарам ЦРУ Уільямам Бернсам расійскі бок паведаміў амерыканцам, што ў прынцыпе згодны на здзелку, але канкрэтныя дэталі яшчэ трэба ўдакладніць.

17 ліпеня Масква афіцыйна прыняла ўмовы, перадаўшы свой адказ ЦРУ і паклаўшы пачатак найбуйнейшаму з часоў халоднай вайны абмену зняволенымі. Гэта было надзіва хуткае завяршэнне шматгадовых карпатлівых перамоваў паміж ЗША і больш чым паўтузінам краін.

Пасол ЗША ў Турцыі Джэф Флэйк сказаў, што ў апошнія некалькі тыдняў існаваў пастаянны страх, што дамова можа сарвацца, асабліва з улікам вялікай колькасці дэталяў абмену і колькасці ўдзельнікаў.

«Мы проста баяліся, што якая-небудзь уцечка сапсуе ўсё», — сказаў Флэйк у інтэрв'ю CNN з Турцыі. Паводле слоў пасла, яго прыцягнулі да працы «ўсяго пару тыдняў таму», калі абмен набліжаўся да завяршальнай стадыі. «Пра гэта ведалі вельмі і вельмі нямногія», — адзначыў пасол.

Хто такі Вадзім Красікаў, у якім так зацікаўленая Расія?

Уладзімір Кара-Мурза ў размове з Байдэнам: Я быў упэўнены, што памру ў турме

Дзеці шпіёнаў Дульцавых толькі пры абмене даведаліся, што яны расіяне, а не аргенцінцы?

Антось Жупран