Былы дыпламат Мацукевіч: Рэжыму не цяжка вызваліць усіх палітзняволеных на працягу 48 гадзін. Гэта вялікі правал апазіцыі
Былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч выказаўся адносна магчымасці абмену палітзняволенымі па прыкладзе Расіі.
02.08.2024 / 16:20
Павел Мацукевіч. Фота: фэйсбук
Мацукевіч у эфіры праграмы «Обычное утро» назваў сітуацыю з абменам вязняў, дзе не было беларускіх палітзняволеных, «вялікім правалам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі».
«Не толькі Мінск вызваліў аднаго чалавека. Палякі і славенцы вызвалілі трох расійскіх шпіёнаў. І фармальна нічога за гэта не атрымалі. Пытанне ў тым, ці лабіравалася ў прынцыпе тэма ўключэння ў абменны пакет беларускіх палітзняволеных».
Ён лічыць, што пасля такіх гісторый лідарам апазіцыі трэба падаваць у адстаўку.
Мацукевіч разважае: апазіцыя праводзіць шмат сустрэч на самым высокім узроўні. І важна, якое пытанне там ставіцца. Адна рэч — казаць, што вызваленне палітвязняў важнае, але ісці на саступкі Лукашэнку нельга, пакуль ён не выканае ўсе нашы патрабаванні.
«А можна ставіць пытанне інакш: «Мы гатовы і віталі б, каб вы ўключыліся ў гэты працэс і на нейкіх прымальных умовах (якія мы можам абмеркаваць асобна), пастараліся вызваліць каго-небудзь», — выказвае сваё бачанне былы дыпламат.
«Мы бачым, што ў тых выпадках, калі лідары заходніх краін прадметна займаліся вызваленнем тых палітзняволеных, якія іх цікавілі, гэтыя людзі былі вызвалены. Пры гэтым не вялікім коштам. Не адмяняючы санкцый, а нават уводзячы новыя», —
заўважыў Мацукевіч і ў якасці прыкладу прывёў званок дзяржсакратара ЗША Марка Пампея Лукашэнку, пасля якога ў кастрычніку 2020 года быў вызвалены Віталь Шкляраў.
Пасля года кантактаў з афіцыйным Мінскам Швейцарыя дамаглася вызвалення Наталлі Хершэ. Але пасля вызвалення прыняла новы санкцыйны пакет, які быў да гэтага прыняты ЕС, і далучалася да ўсіх наступных.
У 2021 годзе прэм'ер Ізраіля адным званком Лукашэнку вызваліў сваю грамадзянку Маю Райтэн-Столь з турмы.
«Аднак, гэта ўсё грамадзяне заходніх краін, а што будзе з Бабарыкам, Статкевічам? Хто павінен пазваніць?»
— спыталі ў Мацукевіча.
«Досвед Расіі паказвае, што гэта магчыма. (…) Думаю, што для беларускага рэжыму не складае вялікай цяжкасці вызваліць усіх палітзняволеных (і самых значных таксама) на працягу 48 гадзін. Бо гэтыя людзі не ўяўляюць ніякай пагрозы.
Можна дакладна таксама на працягу наступных гадзін іх пасадзіць назад. Калі яны выедуць за мяжу, то, як вы бачыце па досведзе апошніх чатырох гадоў, усё, што адбываецца за мяжой, не ўяўляе пагрозы для беларускіх уладаў, і ўяўляць не можа».
Што Лукашэнка можа атрымаць у абмен на Рыка Крыгера? Версія Фрыдмана
Чаму ў вялікім абмене не было беларускіх палітвязняў? Адказ Вячоркі