Меркаванні

Хто перамог і хто прайграў у справе вызвалення Наталлі Хершэ?

Парадаваўшыся за Наталлю Хершэ і чарговы раз адчуваючы гонар за гэтую нязломную жанчыну, усё ж не выпадае прамінаць увагай яе нядаўняе вызваленне як палітычнае пытанне. Хто ў гэтай гісторыі пераможца, а каму яна можа пайсці ў мінус? Над гэтым пытаннем разважае Алесь Сантоцкі. 

Наталля Хершэ. Фота з асабістага архіва

Безумоўны пераможца тут адзін. Дакладней, адна — сама Наталля Хершэ. Яна нарэшце апынулася на волі і ўжо вяртаецца да нармальнага жыцця ў спакойнай і бяспечнай Швейцарыі, прытым для гэтага ні на ёту не здрадзіўшы прынцыпам. Прашэння аб памілаванні не пісала, віны не прызнавала, трымалася ўвесь час выключна годна, нават форму сваім кáтам шыць адмовілася, свядома ідучы на яшчэ большыя выпрабаванні. Хоць і папярэдніх было больш чым дастаткова.

Несумненна, гэтая кволая знешне, але са сталёвым стрыжнем усярэдзіне жанчына, якая і за краты патрапіла па сутнасці выпадкова, не рыхтуючыся да гэтага загадзя — адна з гераінь і сімвалаў беларускага змагання за волю. І вызваленне гэты яе статус толькі ўзмацніла.

Бо калі раней мы пра яе нешта ведалі толькі з чужых слоў, то цяпер чытаем асабістыя інтэрв’ю, якія сімпатыю і гонар за прыналежнасць да аднаго народа з такімі людзьмі толькі ўзмацняюць.

Праўда, прашэнне аб памілаванні беларускім уладам было ўсё ж такі фактычна пададзенае, хоць і ў іншай форме. Але зрабіла гэта за Хершэ і без узгаднення з ёй Швейцарская Канфедэрацыя, грамадзянкай якой жанчына з’яўляецца.

Згода Швейцарыі прыслаць у Мінск амбасадара і ўручыць даверчыя граматы ў рукі Лукашэнкі ў той час, як ніякая іншая з еўрапейскіх дэмакратый гэтага не робіць — куды больш істотнае дасягненне, чым просьба аб памілаванні ад аднаго з больш чым тысячы прызнаных праваабаронцамі палітвязняў, хай сабе і такога прынцыповага, як Наталля Хершэ.

Істотнае настолькі, што просьбу можна нават задаволіць, бо прашэнні аб памілаванні ад саміх палітвязняў, як мы ведаем, пакуль што збольшага ігнаруюцца.

Адносна таго, атрымае ў гэтай гісторыі швейцарская дзяржава перамогу ці рэпутацыйную паразу, пакуль што казаць заўчасна. Гэта пакажа толькі час і наступныя падзеі. Многае залежыць ад таго, як будуць сябе паводзіць у зносінах з рэжымам і амбасадарка, і яе краіна далей.

З падобных прэцэдэнтаў апошняга часу найперш прыгадваецца прыклад Ватыкана, які яшчэ напрыканцы 2020 года кінуўся разрульваць канфлікт беларускага рэжыму з Каталіцкай царквой, схіліўшыся перад Лукашэнкам і пагадзіўшыся гуляць па яго правілах.

Успрымалася і ўспрымаецца гэта вельмі неадназначна і грамадскага аўтарытэту Царкве яўна не дадае, хоць да поўнага яе падпарадкавання ўладам на ўзор Праваслаўнай царквы справа ўсё ж такі пакуль не дайшла. Ці не адбудзецца тое самае з аўтарытэтам і рэпутацыяй швейцарскай дзяржавы і яе прадстаўніцы — пабачым неўзабаве.

А пакуль застаецца пытанне: ці можна швейцарскую гісторыю назваць перамогай Лукашэнкі і таго, што засталося ад беларускай знешнепалітычнай службы на чале з Уладзімірам Макеем? У пэўнай ступені, відаць, можна. Бо выпусцілі ж Хершэ не проста так, а за канкрэтную саступку рэжыму з боку Швейцарыі. Трэба думаць, што перад гэтым вяліся перамовы, падчас якіх дасягаліся канкрэтныя дамоўленасці — хто што робіць і ў якой паслядоўнасці. І швейцарцы ўмовы Лукашэнкі прынялі.

Для ўлады гэты працэс важны таму, што добра вядома, наколькі вялікі Лукашэнка майстар гандлю людзьмі, а менавіта — палітвязнямі.

Практычна ўвесь час яго знаходжання ва ўладзе такое практыкавалася і някепска працавала. Памятныя тыя часы, калі беларускія турмы забіваліся палітвязнямі, якіх пасля перамоваў з заходнімі дэмакратыямі ўрэшце выпускалі, атрымліваючы ад удзячнага Захаду пэўныя бонусы. А ў выпадку чаго нішто не замінала пры патрэбе панахапаць новых і гандлявацца ўжо імі.

Але звыклая схема збілася пасля 2020 года. Палітычных вязняў — у вачах Лукашэнкі выгаднага тавару — у Беларусі стала беспрэцэдэнтна шмат, і чым далей, тым больш, але вось толькі пакупніка на іх не знаходзілася. Грамадства змянілася, адным прыцэльным ударам, як у 2010-м, расправіцца з ім не ўдалося.

Задушэнне пратэстаў зацягнулася ў часе, а падчас яго давялося ісці на настолькі дзікія парушэнні не толькі прававых, але і маральных нормаў, што прадавец стаў занадта таксічным для таго, каб з ім весці нейкія гешэфты і пры гэтым не баяцца страціць рэпутацыю.

Але Швейцарыя такі наважылася на гандаль. Ці сама прапанавала, ці прыняла зробленую прапанову: свабода Хершэ ў абмен на амбасадара з уручэннем даверчых грамат не толькі Макею, а самому Лукашэнку.

Бакі да паразумення прыйшлі, нейкі план распрацавалі і пачалі па ім працаваць. Не здзіўлюся, калі прынцып, «днём грошы, вечарам — крэслы», то-бок Хершэ выпусцяць раней, чым амбасадарка ўручыць граматы, быў адмысловай умовай швейцарскага боку.

Бо ў слова гонару і вернасць яму з боку Лукашэнкі наўрад ці хто цяпер надта ў Еўропе верыць. Швейцарац Рэнэ Фазэль, вунь, паверыў, што абдымкі з Лукашэнкам застануцца за кадрам, а не будуць бравурна транслявацца на ўвесь свет — а што атрымаў у выніку?

Зрэшты, дэталі пагаднення не настолькі і важныя. Галоўнае, працэс запусцілі і пачалі рэалізоўваць. Відаць, быў узгоднены і каляндарны план, якога мусілі трымацца, і адным з пунктаў якога было і выпусціць Хершэ. Паколькі ўсе іншыя пункты выконваліся акуратна, то ўхіліцца ад гэтага наўрад ці выпадала.

Вось і выпусцілі, але для рэжыму, як выглядае, у не самы спрыяльны момант. Акурат цяпер моцна напалілася сітуацыя з Украінай, усе ў чаканні вялікай вайны, Лукашэнка змушаны рабіць Пуціну моцныя саступкі, уцягвацца ў ягоныя авантуры па самыя вушы.

А для паспяховага метадычнага гандлю людзьмі ўсё ж такі патрэбная больш спакойная сітуацыя. Таму і сумнеўна, што ад вызвалення Хершэ Лукашэнка зможа нешта асабліва атрымаць. Як бы і перамога, удалося адну краіну «прагнуць».

Але нават толкам прапіярыцца на гэтым цяпер не ўдасца — уся асноўная інфармацыйная плынь забіваецца ўкраінскім кантэнтам. Каму важнае ўручэнне швейцарскай дыпламаткай грамат Лукашэнку, калі Расія прызнае незалежнасць «ДНР» і «ЛНР»? Тым больш, што і самому Лукашэнку яўна давядзецца зрабіць тое самае.

Ды нават каб і не было неспрыяльнай міжнароднай сітуацыі, то і так без далейшага развіцця нават гэты адносны поспех мала што дае. А з развіццём не так проста. Выпадак Хершэ — дастаткова ўнікальны. Грамадзян іншых краін у закладніках у Лукашэнкі не так шмат, таму гэтую схему далей асабліва прымяняць не ўдасца.

Ёсць у засценках, праўда, амерыканскі грамадзянін Юрась Зянковіч, але ЗША — не Швейцарыя, звышдзяржаве не па чыне прагінацца пад кожнага дыктатара. Іншага амерыканскага грамадзяніна, Віталя Шклярава, вызвалілі ўсяго толькі за званок з яшчэ папярэдняй амерыканскай адміністрацыі восенню 2020 года.

Грамадзянку Ізраіля Маю Райтэн-Столь, затрыманую не за палітыку, выпусцілі ў апошнія дні 2021 года, таксама пасля рэверансаў з боку ізраільскага кіраўніцтва, і без таго не вельмі крытычнага да беларускага рэжыму.

З іншых замежных грамадзян застаюцца хіба толькі людзі з расійскімі пашпартамі, але за іх Пуцін не дасць і ламанага граша. «Рускія сваіх не кідаюць» — толькі гучная пыхлівая фраза, якая да рэчаіснасці ніякага дачынення не мае.

А вось гандляваць з Захадам сваімі грамадзянамі трэба ўжо на іншых умовах. І ці ўдасца гэтую любімую гульню Лукашэнкі ў цяперашніх умовах запусціць у больш-менш шырокіх абставінах — прагназаваць цяжка. А без такога працягу вызваленне Хершэ і ўручэнне грамат швейцарскай амбасадаркай застануцца толькі адзінкавым эпізодам, ад якога рэжыму карысці не будзе. Ён мо і не прайграе ў гэтай сітуацыі, але і нічога не выйграе.

Чытайце таксама:

«Пад галаву часам клала абутак, бо не мела ні падушкі, ні матраца». Інтэрв'ю з Наталляй Хершэ — пра калонію, мужа і непахіснасць

Хершэ выглядае, як вязень канцлагера. Трыумфу лукашэнкаўскай дыпламатыі не будзе — меркаванне

Наталля Хершэ: Цяпер я больш за ўсё на свеце радуюся ванне

«У аэрапорт прывезлі ў турэмнай робе». Брат палітзняволенай Хершэ пра яе вызваленне

Урад Швейцарыі патлумачыў, навошта яму цяпер трэба пасол у Мінску

Каментары

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →