Чаму расійскіх палітвязняў вызвалілі, а беларускіх не? Усё проста

Чаму расійскіх палітвязняў вызвалілі, а беларускіх не, пытаюцца сёння нас людзі з Беларусі. Усё проста, але з адным нюансам, піша Мікола Бугай.

02.08.2024 / 15:52

Аляксандр Лукашэнка на саміце ШАС 4 ліпеня 2024 года. Фота прэсавай службы прэзідэнта Казахстана

Па сутнасці — таму, што Пуцін хацеў атрымаць кілера Красікава, а Лукашэнка нікога не хацеў атрымаць. Крыгера немцы прычэпам папрасілі, цану гэтаму недарэку — капейка. «Раз ужо пайшла такая п’янка, то аддай нам, Пуцін, і Крыгера» — «Ну, наце вам і Крыгера».

Такі прыклад, каб ясней: чаму Байдэн не можа вырваць ізраільскіх закладнікаў у Хамаса? Таму што Хамас не хоча аддаваць.

Але і наконт Расіі: усяго ў РФ як мінімум 704 чалавекі палітвязняў, забраць удалося толькі сотую долю ад іх. Калі яшчэ каго ўдасца і як — бог ведае.

Гістарычна па-рознаму рашалася гэтае пытанне. Многія немцы крытыкуюць рашэнне Шольца, бо мяркуюць, што яно стымулюе Пуціна на новыя палітычныя забойствы на еўрапейскай зямлі, бо Крыгераў і Гершковічаў то яны нахапаюць у любы момант.

Але адзінства па гэтым пытанні няма. Тыя ж немцы ў ХХ стагоддзі не толькі мянялі, але і выкуплялі палітвязняў з ГДР за грошы. Усяго так выкупілі 33 755 палітвязняў. Акрамя таго, за выкуп ГДР дазволіла пераехаць на Захад прыкладна 250 тысячам усходніх немцаў. Häftlingsfreikauf — пашукайце на гэтае слова, калі хочаце прачытаць больш. Пакуль не зразумелі, што тым самым заахвочваюць новыя арышты.

Адзін палітычны нюанс тут такі ёсць. Так, Расія — вялікі гулец, таму і ўвагі ёй больш, чым Беларусі. Гэта рэальнасць, якая была і будзе, наракаць на яе — як на прыроду.

Але абмен з расіянамі дае большы шанец на нейкі патэнцыйны размен і з Лукашэнкам — проста таму, што раз сюзэрэн так зрабіў, значыць і васал мае права.

У кожным разе, у гэтым пытанні ўсё залежыць ад Лукашэнкі і нічога, нуль — ад нас з вамі ці апазіцыі.

Урэшце, само рашэнне пра масавыя палітычныя рэпрэсіі самастойна Лукашэнкам было прынятае. Ён мог бы, калі б хацеў, яшчэ ў 1990-я захаваць Беларусь незалежнай і дэмакратычнай, але выбраў прасцейшы для сябе шлях — прадацца Маскве і ўстанавіць дыктатуру. Але нават тая дыктатура магла б быць без масавых рэпрэсій, як была яна такой да 2020 года, калі рэпрэсіі былі кропкавымі.

Ён мог і ў 2021-м абмежавацца тым, што здарылася ў 2006-2008-м ці 2010-2012-м. Для захавання ўлады таго хапіла б, пратэсты згаслі да 2021-га пры сутыкненні з такімі рэпрэсіямі. Не, ён вырашыў правучыць народ па поўнай праграме, правучыць сотні тысяч людзей. Што ж, гэта быў яго выбар, за які плаціць і яшчэ заплаціць уся краіна, увесь народ, а больш за ўсіх — ён сам.

Пуцін яшчэ раз патэлефанаваў Лукашэнку і падзякаваў «за дапамогу»

Нямецкія эксперты лічаць абмен зняволенымі небяспечным прэцэдэнтам

«Што да выкупу палітвязняў, то ідэя не новая. Так рабіла ФРГ у часы ГДР»

Як праходзілі перамовы, што прывялі да самага буйнога абмену зняволенымі з часу халоднай вайны

Nashaniva.com