Слюнькін: Магчыма, вызваленне беларускіх палітзняволеных абмяркоўваецца на іншым трэку
Былы супрацоўнік беларускага МЗС Павел Слюнькін у інтэрв'ю «Медузе» патлумачыў сваё бачанне таго, чаму беларускія палітзняволеныя не сталі часткай нядаўняга вялікага абмену паміж Расіяй і Захадам, і ці можна беларусам усё ж на нешта спадзявацца. Былы супрацоўнік беларускага МЗС Павел Слюнькін у інтэрв'ю «Медузе» патлумачыў сваё бачанне таго, чаму беларускія палітзняволеныя не сталі часткай нядаўняга вялікага абмену паміж Расіяй і Захадам, і ці можна беларусам усё ж на нешта спадзявацца.
03.08.2024 / 17:01
Павел Слюнькін
Адказваючы на пытанне, чаму беларуская даволі моцная апазіцыя на чале са Святланай Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў пастаянным кантакце з еўрапейскімі дыпламатамі, не можа дамагчыся абмену і вызвалення сваіх людзей, Слюнькін сказаў:
«Мабыць, на Расію глядзяць як на глабальнага гульца з вялікай колькасцю ўплыву, які можа, у тым ліку, моцна ўціскаць інтарэсы грамадзян заходніх краін — і моцна ўплываць на іх эканамічна. Таму ў рамках гэтай угоды Германія падумала [у першую чаргу] пра сваіх грамадзян, амерыканцы — пра сваіх. Палякі паспрабавалі ўключыць у абмен Пачобута [але не атрымалася]. Плюс немцы папрасілі, каб расійская апазіцыя ўключыла туды сваіх людзей».
Чаму пры гэтым «у немцаў не пстрыкнула, што, можа быць, варта за Машу Калеснікаву пазмагацца» — для Слюнькіна гэта «загадка і расчараванне». Але пры гэтым ён спрабуе знайсці гэтаму цалкам рацыянальнае тлумачэнне:
«Застаецца адзіная надзея — што вызваленне беларускіх палітвязняў абмяркоўваецца на іншым трэку, пра што казаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Калі гэта сапраўды так, я ў цэлым магу зразумець сэнс такога рашэння. Маўляў, лепш не змешваць гэтыя два пытанні».
Пры гэтым Слюнькін усё адно застаецца пры меркаванні, што проста з сімвалічнага пункту гледжання тое, што ўжо адбылося, было няправільна.
Што да поўнага выключэння з працэсу нядаўняга абмену беларускіх дэмакратычных сіл, якія пра ўсё даведаліся толькі з медыяў, то Слюнькін гаворыць:
«У прынцыпе, у гэтым няма нічога дзіўнага, таму што такія перамовы заўсёды праходзяць у таямніцы. Чым менш людзей пра гэта ведаюць, тым большая верагоднасць фіналізацыі ўгоды».
Калі расійскія апазіцыянеры нешта пра гэта ведалі раней, то толькі таму, што ў іх папрасілі спісы людзей на абмен, а ў беларусаў не прасілі.
«Магчыма, зноў жа, таму што заходнія дыпламаты вырашылі, што беларускія палітвязні будуць у іншым трэку. А калі ты не ведаеш пра перамовы, даволі складана на іх уплываць. У мяне склалася адчуванне, што [беларускія дэмакратычныя сілы] былі проста выключаныя з працэсу», — канстатуе былы дыпламат.
Асобна Слюнькіну задалі пытанне, ці ёсць надзея на вызваленне Марыі Калеснікавай?
«Гэта вельмі складанае пытанне. Яно ўпіраецца ў тое, што Аляксандр Лукашэнка хоча атрымаць за яе вызваленне — і што гатовыя яму за гэта вызваленне даць.
Я думаю, ён усведамляе, наколькі Марыя — важны актыў у ягонай кішэні. І таму, хутчэй за ўсё, цану за яе ён выстаўляе высокую. У заходніх краін спіс прэтэнзій да Лукашэнкі даволі вялікі. Таму, калі мы гаворым пра перамовы ў ключы «паслабленне санкцый у абмен на палітвязняў», шанцы на яе вызваленне мне бачацца даволі нізкімі — калі не будзе волі самога Лукашэнкі адпусціць Калеснікаву. А гэта ўжо псіхалогія чалавека, яго стратэгічныя разлікі. Гэта не падлягае прадказанню», — адказвае ён.
«Калі ж у будучыні будуць адбывацца здзелкі, падобныя абмену, я думаю, што такіх людзей, як Калеснікава, Бабарыка, сын Бабарыкі, Ціханоўскі, можна будзе вырваць з рук Лукашэнкі менавіта такім чынам — калі будзе на тое воля перагаворшчыкаў. А вызваленне па традыцыйным шляху цяпер моцна ўпіраецца ў пазіцыі бакоў у Мінску, у заходніх краінах — і ва ўплыў Расіі», — лічыць былы дыпламат.
Увогуле ж Лукашэнка мог бы ў прынцыпе без вялікіх рызык унутрыпалітычнай дэстабілізацыі адпусціць хоць сотню людзей. А не робіць гэтага, па-першае, таму, што гэта можа не спадабацца Расіі. А таксама з-за разумення, што гэта вялікі актыў у ягоных руках, і з дапамогай яго можна таргавацца далей. Заходнія ж краіны, у сваю чаргу, пакуль не гатовыя здымаць з Беларусі санкцыі.
Абмяняць жа кагосьці на лукашэнкаўскіх шпіёнаў за мяжой пакуль не ўдаецца, хоць такія людзі і затрымліваліся ў Польшчы. Праўда,
«бывае вельмі складана аддзяліць, хто з іх беларускі, а хто расійскі. Бо часта расійскія спецслужбы вярбуюць грамадзян не толькі Расіі, але таксама Беларусі і Украіны, з дыяспары. І ў чыіх інтарэсах тыя працуюць, мабыць, вядома толькі польскім спецслужбам».
Тым не менш, па інфармацыі Слюнькіна,
«нават былі спробы дамаўляцца аб падобных абменах з удзелам Пачобута з беларускага боку — але з таго, што я чуў, яны далёка не прасунуліся. Магчыма, гэта якраз частка перамоўнага працэсу паміж Польшчай і рэжымам у Мінску».
Павел Слюнькін: Гэты абмен — балючы ўдар па беларусах
Лукашысты прапаноўвалі палякам у абмен на вызваленне Пачобута выдаць ім Латушку — былы міністр
Ціханоўская: Мы не ведалі пра абмен зняволенымі і не ўдзельнічалі ў працэсе
МЗС Германіі: У турмах Расіі застаецца двухзначная колькасць немцаў