Пад Мінскам праходзяць спаборніцтвы па аджыліці. Што гэта такое?
Сёння пад Мінскам праходзяць спаборніцтвы па аджыліці, у якіх удзельнічаюць не людзі, а сабакі. Калі коратка, то гэта калі сабака на хуткасці праходзіць паласу перашкод, піша «Анлайнер».
03.08.2024 / 17:48
У гэтых спаборніцтвах важна не пераблытаць паслядоўнасць элементаў і нічога не знесці, таму побач з сабакам звычайна бяжыць ягоны сканцэнтраваны гаспадар.
Дапускаюцца ўсе пароды, таму пасля «немца» можа выступаць ёрк або дварняк (але ў розных катэгорыях у залежнасці ад росту сабакі).
Спаборніцтвы міжнародныя, турнір атрымаў назву «Запальваючы сэрцы». Узяць у ім удзел могуць дзеці і юніёры (гаворка пра ўзрост уладальнікаў, а не сабак). Дарослыя са сваімі сабачкамі таксама маглі выйсці на дыстанцыю, але толькі ў адкрытай частцы мерапрыемства.
Забегі расцягнуліся на два дні — яны будуць праходзіць сёння і заўтра. Пляцоўка для спаборніцтваў размясцілася ў вёсцы Гарані, на тэрыторыі цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Беларусі.
Як распавялі карэспандэнту «Анлайнера» ў Вялікай федэрацыі кіналагічных відаў спорту, за два дні спаборніцтваў паказаць сябе павінны 85 спартсменаў з Беларусі і Расіі. Парод вельмі шмат: але, здаецца, у топе ўлюбёнцаў бордар-колі. Таксама шмат шэлці, папіёнаў, шпіцаў.
У Гомелі сабака байцоўскай пароды проста каля пад'езда загрыз суседскую чыхуахуа